Шчырая ўсмешка… напаказ

Filed under: Нумары,Соцыум |

«А ці знайшлі хлопчыка?» Пытанне, якое хвалюе многіх. Дзесяцігадовае дзіця згубілася не тое, што ў лесе, дзе шмат дарог-сцяжынак, а ў абшарах пушчы. Адны выказваюць занепакоенасць, іншыя – проста цікаўнасць. Але вось што характарызуе добры, спагадлівы менталітэт беларусаў: сотні ці нават тысячы валанцёраў, якія звярталіся ў Чырвоны Крыж, каб самім прыняць удзел у пошуках у глыбінях неабсяжнага лесу, нечаканых балацін, пры магчымасцях сустрэчы з грознымі звярамі. Не дзеля славы, папулярнасці яны «прачэсвалі» рэліктавы лес, трацілі на гэта свой час водпуску…

Падобных прыкладаў неабыякавасці, чалавечых адносін да праблем і лёсаў іншых можна прывесці шмат. І з інфармацыі газет, тэлебачання, і з асабістых сітуацый, калі шчыра дапамаглі добрыя людзі. А самі мы, маючы магчымасць, ці зрабілі душэўны парыў пайсці насустрач? «Думкаю, словам, учынкам і занядбаннем», – спавядаемся ў малітве, просячы даравання за ўчыненыя грахі. Не будзем казаць пра зламыснікаў, але хіба няма такіх, хто, здавалася б, са шчырай усмешкай да цябе, а камень – за пазухай. Можа і залаты крыжык на такім жа ланцужку на шыі бачны ўсім. А камень у душы прыхаваны да выпадку, каб дастаць яго, пусціўшы зласлоўе, паклёп, а то і адкрытую пагрозу.

Мясцовы прыклад, на жаль, сумны, трагічны. Няшчасны выпадак, пайшоў з жыцця яшчэ не стары чалавек – добры сем’янін, умелы, шчыры працаўнік. Гаспадарка, дзе ён працаваў, прыйшла на дапамогу пры арганізацыі пахавання. Рана ці позна ўсе паспытаем гора страты, заўсёды несуцешнай, а калі ў маладым веку…

За жалобным сталом выказваюць словы спачування. Пайшлі з-за стала, і хіба не грэх пасля «абмяркоўваць, абмусольваць»… Так, гэта пра языкі, што страшней за пісталеты. Часам каменьчык у паводзінах падаецца не толькі «наступаючы на хворы мазоль», а і адкрыта. Дык вось наконт таго трагічнага выпадку. І ў рэдакцыю быў тэлефонны званок, і, ведаем, на іншыя кампетэнтныя адрасы. Маўляў, мой муж усё жыццё – у калгасе, а давялося… Тут, бясспрэчна, рознае бывае. Памянуць трактарыста – вянком ад калгаса абмежаваліся, а аўтобус якраз зламаўся, машыну – хіба грузавую, што сілас возіць. Ну, гэта сітуацыі на разгляд сумлення кіраўнікоў гаспадарак, звычайна былых такіх успамінаюць. А калі, дзякуй Богу, сем’янін жывы-здаровы і не ўважылі проста па яго, на думку адрасатаў, вялікіх працоўных заслугах. Усім мілы не будзеш, і грамадская каса не бяздонная. А сам можа і добры, ды ёсць тыя, у каго паказчыкі лепшыя.

І зноў пра гэты камень зласлівасці. Калегі, суседзі сустракаюцца, вітаюцца, усміхаюцца, на словах здароўя жадаюць. Ды толькі адыдзецца «добры друг», услед жа яму – той самы камень, добра яшчэ калі толькі ў думках. А калі ананімка пра быццам недастойныя паводзіны канкрэтнага адказнага таварыша, запусціць яе ў «інтэрнэтную павуціну» цяпер так проста. І адкрыты прыход да начальства – маўляў, убярыце яго, пазбаўце і т. п. А чаму? Таму што заяўніку хочацца так, жадаецца…

Законы маралі, яны не намі прыдуманы. Вось што запомнілася, сказанае адным аўтарытэтным, глыбока веруючым чалавекам, прытым у той час, калі адкрыта выяўляць сваю прыязнасць да рэлігіі было для кар’еры небяспечным: «У камуністаў – Кодэкс будаўнікоў камунізму, у веруючых – дзесяць запаведзяў. І ў чым жа розніца? Не ўкрадзі, не пажадай зла іншаму, працуй дзеля агульнага дабрабыту – сэнс падобны, хоць і іншымі словамі. Проста будзь чалавекам».

Цяпер іншы час, смела хадзі ў царкву. А калі робіш знак крыжа, каб усе бачылі, то не ў гэтым святасць – важна, што ў цябе ў думках і дзеяннях.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>