Будаўнікі, яны ж – стваральнікі

Filed under: Нумары,Сям'я |

1410c

Узводзіць жылыя дамы, аб’екты сацыяльнай сферы, у іх ліку Нацыянальную бібліятэку Беларусі, і нават храмы – будаваць будучае нашай Радзімы. У поўнай меры ў рабочых буднях прыватнай будаўнічай фірмы «ГрынАнд», якая ажыццяўляе дзейнасць у нашым раёне, былі такія важныя і важкія аб’екты.

Пачынальнікам спадчыннай будаўнічай дынастыі ў гэтай сям’і з’яўляецца Ларыса Грынёк. У юнацтве жыццёвыя дарогі яе завялі ва Узбекістан, дзе яна закончыла вучылішча па будаўнічых спецыяльнасцях, і там, у горадзе Каршы, пачала свой прафесійны шлях. Ён аказаўся для яе нязменным, надзейным і вельмі плённым – 35 гадоў у абранай прафесіі.

Вярнуўшыся з Узбекістана на радзіму, яна ўладкавалася на працу ў будаўнічую брыгаду свінакомплексу вёскі Цімкавічы Капыльскага раёна. У Стаўбцоўскі раён маладую сям’ю прывяла перспектыва атрымаць кватэру ў калгасе «Чырвоны Кастрычнік», дзе тады пры старшыні Антоне Юнцэвічу актыўна вялося будаўніцтва. І Ларысе Грынёк прадаставілася шырокае поле для дзейнасці: яна ж валодае многімі будаўнічымі спецыяльнасцямі.

Потым каля 10 гадоў працавала ў спецыялізаванай будаўнічай арганізацыі РБУ, у ведамасных будаўнічых брыгадах цэнтральнай раённай бальніцы, стаўбцоўскага мясакамбіната.

Шэсць гадоў прафесійны будаўнік ездзіла на працу ў сталіцу, была ў штаце буйной будаўнічай кампаніі-забудоўшчыка «Топзапэлектра». Гэты перыяд адметны тым, што стаць будаўніком вырашыў і сын Ларысы Уладзіміраўны Георгій. Ён прызнае, што прыняццю такога рашэння для яго паспрыяў прыклад матулі, якая выканала і ролю настаўніка. Ларыса Уладзіміраўна навучыла свайго Жорку ўсяму, што ўмее сама. На сучасны момант Георгій з’яўляецца высокакваліфікаваным спецыялістам, па якасці і аб’ёмах выканання работ не кожны з ім можа зраўняцца. І сваю ўдзячнасць маці выказвае тым, што цяпер і ён можа аказаць ёй падтрымку. Напрыклад, узяць на сябе клопат пра вялікія фізічныя нагрузкі, звязаныя з пад’ёмам цяжару, ён мае для гэтага дастойны спартыўны выгляд і загартоўку, а матулі пакінуць ювелірныя аддзелачныя работы, якія яна выконвае адмыслова. Назіраць за яе ўмелай работай з кельмай і паўцёркам у руках раўназначна, як за пэндзлем мастака. Сцяна ўвачавідкі набывае святочны выгляд. Ларыса Уладзіміраўна гаворыць, што гэта і прыцягвае яе ў прафесіі будаўніка – вынік, які атрымліваецца пасля прыкладання майстэрства, асабліва пасля праведзенага сучаснымі матэрыяламі рамонту старых будынкаў. Эфект варты старанняў.

У Мінску ў складзе буйнога будаўнічага трэста Ларыса Уладзіміраўна і Георгій будавалі высотныя жылыя дамы. Калі ўявіш сабе 12-павярховыя небаскробы, само сабою напрошваецца пытанне: ці не было страшна працаваць на такой вышыні? У мяне асабіста да Ларысы Уладзіміраўны вялікая павага, таму што яна адказвае, што вельмі любіць сваю работу і ніколі не мела пачуцця страху пры яе выкананні, падымаючыся на будаўнічыя падмосткі вышынных будынкаў. Нам цікава пачуць, што маці і сын Грынёк прымалі ўдзел у будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, працавалі на 21-м і 23-м паверхах.

Назапасіўшы вялікі вопыт, майстэрства, прафесіяналізм, упэўненасць у сваіх сілах, аўтарытэт, нарэшце, на сямейным савеце было вырашана адкрыць сваю прыватную будаўнічую фірму. Ужо сем гадоў ПБУП «ГрынАнд» аказвае будаўнічыя паслугі арганізацыям і насельніцтву раёна. І не толькі нашага. Ажыццёўлена шмат заказаў індывідуальных забудоўшчыкаў у суседніх раёнах. Фірма выконвае ўвесь комплекс будаўнічых работ – ад закладкі фундамента да добраўпарадкавання тэрыторыі новага ўзведзенага аб’екта.

Паслугі арганізацыі «ГрынАнд» скарыстаны і аб’ектамі сацыяльнай сферы пры правядзенні рэканструкцый і рамонтаў гаспадарчым спосабам. Будаўнікі правялі комплекс работ у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці «Радуга», СШ № 3 г. Стоўбцы, раённай бібліятэцы, Вішнявецкім доме культуры, Стаўбцоўскім раённым цэнтры народнай творчасці.

Шчаслівым шанцункам для іх стаў удзел ва ўзвядзенні і рамонце храмаў у нашым раёне. Вялікі аб’ём унутраных аддзелачных работ выкананы імі ў новым Свята-Уваскрэсенскім храме г. Стоўбцы на вуліцы Міру, на будаўніцтве Аталезскага Свята-Пакроўскага храма, рамонце Наваколасаўскага Свята-Георгіеўскага храма, рамонце старадаўняй Вішнявецкай царквы Нараджэння Іаанна Прадцечы 1742 года пабудовы, якая з’яўляецца помнікам сакральнай архітэктуры Рэспублікі Беларусь. Сямейнай брыгадай і рабочымі фірмы выкананы вялікі аб’ём работ у Налібацкім старадаўнім касцёле і на яго тэрыторыі. Такі выбар, зроблены свяшчэннаслужыцелямі на карысць фірмы «ГрынАнд», гаворыць сам за сябе. А для сям’і Грынёк гэта асаблівае благаславенне Божае, таму што колькі будзе стаяць храм Божы на нашай зямлі, на Літургіі ў Екценні сугубай моляцца «о создателях храма сего».

Будаўнічы сезон падыходзіць да завяршэння. Аднак у фірмы «ГрынАнд»яшчэ не выкананы ўсе абавязацельствы перад заказчыкамі. Цяпер будаўнікі завяршаюць аб’ект у паўночным мікрараёне індывідуальнай забудовы, які ўзвялі з нуля, і падступаюцца да добраўпарадкавання тэрыторыі. Ёсць яшчэ заказы, якія патрэбна паспець закончыць да зімы. У будаўнікоў няма дрэннага надвор’я – і ў холад, і ў непагадзь ім даводзіцца працаваць. Гэта і дапамагае ім не мець дрэннага настрою.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>