Паслядоўнікі свяціцеля Кірыла Тураўскага

Filed under: Лампада,Нумары |

1410e

Свята Узвіжання Пачэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга ў кафедральным саборы святой праведнай Ганны г. Стоўбцы было асаблівым. Пасля Бажэственнай літургіі епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел уручыў узнагароды свяшчэннікам. Благачынны прыходаў протаіерэй Аляксандр Марцінчык узнагароджаны Граматай Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ў благаславенне за стараннае служэнне на славу Царквы Хрыстовай. Іерэй Георгій Кур’ян узнагароджаны медалём свяціцеля Кірыла Тураўскага.

2017 год юбілейны для айца Георгія – у чэрвені споўнілася 20 гадоў яго хіратоніі, а ў пачатку восені – 20 гадоў служэння ў храме святой праведнай Ганны ў Стоўбцах. Мы былі ўсе рады такому прызнанню свяшчэннаначаллем пастырскіх старанняў айца Георгія на ніве Хрыстовай.

За гэтыя гады айцец Георгій раскрыўся як цвёрды прапаведнік вучэння Хрыстовага, паборнік чысціні праваслаўнай веры, праціўнік ілжэвучэнняў, сектанцкага руху. Яго пропаведзі заўсёды актуальныя, ён нераўнадушны да ўсяго, што адбываецца ў свеце, вучыць нас правільна арыентавацца ва ўсім. Настаўляе нас, каб цвёрда трымаліся праваслаўнай веры, не апаганьвалі сябе рознымі забабонамі, вучыліся жыць па Евангеллі, з Хрыстом. Яго пастырскія старанні накіраваны на тое, каб евангельскае дабравесце дайшло да вушэй кожнага чалавека і дапамагала кожнаму перарадзіць сябе евангельскімі дабрадзейнасцямі.

Гэтую пропаведзь айцец Георгій нясе ў свет не толькі пастырскім словам з амвона, але і праз сродкі масавай інфармацыі. Ён з’яўляецца членам рэдакцыйнай калегіі духоўна-асветніцкага лістка Стаўбцоўскага благачыння, аўтарам рэспубліканскай праваслаўнай газеты «Царкоўнае слова», рубрыкі «Лампада» ў раённай газеце «Прамень». Давер чытача выклікае глыбокае веданне аўтарам Свяшчэннага Пісання.

Айцец Георгій шмат працуе з моладдзю, умее знайсці з маладымі людзьмі і падлеткамі агульную мову. Яго праца ў справе духоўнага выхавання прыкладзена ў дзейнасці нядзельнай школы пры кафедральным саборы. Акрамя гэтага, свяшчэннік на працягу пяці гадоў вядзе гурток «Асновы праваслаўнай культуры» ў Заямнаўскай сярэдняй школе, акармляе сярэднюю школу № 2. Ён назначаны духоўнікам праваслаўнай групы моладзі Стаўбцоўшчыны, якая мае зносіны ў інтэрнэце «ВКонтакте».

Гэтыя два дзесяцігоддзі для ўсіх нас напоўнены радасцю духоўных зносін, сумеснай працы, саборнай малітвы, напоўнены цікавым прыходскім жыццём у храме Божым. Мы ўдзячныя айцу Георгію за ахвярнае служэнне Прастолу Божаму. У любы час сутак мы можам звярнуцца да яго і ведаем, што ён праявіць клопат аб падапечных, калі патрэбна правесці малітвай «в путь всея землі», пасабораваць, прычасціць Святых Хрыстовых Тайнаў, выехаць на адпяванне, адслужыць малебен… Ва ўсім гэтым і ёсць добрасумленнае выкананне абавязку хрысціяніна і пастыра.

Айцец Георгій паказвае нам асабісты прыклад не смуткаваць у журботных абставінах зямнога жыцця, знаходзіць сілы для радаснага стану духу і надзеі на міласць Божую.

Сардэчна віншуем айца Георгія з узнагародай і юбілеем служэння ў свяшчэнніцкім сане! З удзячнасцю за пастырскую апеку і малітвы жадаем моцы духоўнай і цялеснай пад надзейным пакровам Прасвятой Багародзіцы, сіл, натхнення, Божай дапамогі ва ўсіх накірунках служэння Царкве Хрыстовай!

З любоўю шматлікія прыхаджане кафедральнага сабора святой праведнай Ганны г. Стоўбцы

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>