Аддаць Богу тое, што Ён даў

Filed under: Лампада,Нумары |

Мне заўсёды здавалася, што Святлана Родчанкава – прафесійны рэгент, і нічым больш у жыцці не займалася. Так бездакорна добра і прыгожа выконвае яна свае абавязкі на клірасе. Аднак аказалася, на маё вялікае здзіўленне, што яе шлях да Бога, да Царквы быў такім жа доўгім і няпростым, як і ў многіх з нас.

Яна – прафесійны музыкант і выкладчык музыкі. Першымі настаўнікамі ў яе жыцці былі педагогі філіяла Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў у Наваколасаве Генадзь і Тамара Несялоўскія. Яны, маладыя, тады толькі пачыналі сваю прафесійную дзейнасць. Генадзь Уладзіміравіч і Тамара Панцеляімаўна сумелі заўважыць і развіць у дзяўчынкі талент. Юная акардэаністка паступіла ў рэспубліканскую спецшколу па музыцы і мастацтве імя І. В. Ахрэмчыка. Пасля заканчэння спецшколы Святлана паспяхова здала ўступныя экзамены і была залічана на музычна-педагагічнае аддзяленне педінстытута.

Прайшоўшы дастаткова доўгую жыццёвую дарогу і асэнсаваўшы яе праваслаўным поглядам, Святлана Іванаўна разумее, што гэта быў шлях Божы. Падчас вучобы яна адкрыла ў сабе вялікі інтарэс да педагогікі. На апошнім курсе выкладчык па вакале, саліст тэатра аперэты, прапаноўвае ёй, віднай стройнай дзяўчыне з прыгожым пастаўленым голасам, ісці працаваць на сцэну аперэты.

Святлана, прыйшоўшы дамоў, стала думаць. Ці хочацца ёй выйсці замуж і нарадзіць дзяцей? Так, адказала яна сабе. Работа ў тэатры ў вячэрні час і ў выхадныя дні ў яе ніяк не суадносілася з роляю маці і жонкі. І студэнтка знайшла ў сабе сілы адмовіцца ад гэтай прапановы.

Пад канец вучобы ў інстытуце яна выйшла замуж за курсанта ваеннага вучылішча, з якім разам вучыліся ў Коласаўскай школе. Яна атрымала размеркаванне на працу ў Лідскае музычнае вучылішча. Аднак узяла адмацаванне ў міністэрстве і паехала за мужам у Харкаў.

У Харкаве малады спецыяліст з галавой акунулася ў работу. Вяла ўрокі музыкі і спеваў у старой, на ўскраіне горада, школе, дзе вучыліся Клаўдзія Шульжэнка і Людміла Гурчанка. Святлана Родчанкава пастаралася паклапаціцца аб музычнай рэпутацыі навучальнай установы. Працавала настолькі паспяхова, што на адкрытыя ўрокі да яе сталі прыходзіць старэйшыя калегі. Былі створаны вакальныя дзіцячыя калектывы. У аддзеле культуры не маглі не заўважыць такіх яе поспехаў і прапанавалі там работу. Аднак Святлана пайшла ў дэкрэтны адпачынак, мужа перавялі ў Казахстан, і яны пакінулі Харкаў.

У Казахстане Святлана Іванаўна давала ўрокі музыкі і спеваў у агульнаадукацыйнай школе, была ўдзельніцай вакальнага ансамбля «Рабінушка».

Пасля пераезду ў Наваколасава ўладкавалася на працу ў мясцовую дзіцячую школу мастацтваў. Яе перапаўняла энергія, яна працягвала працаваць, усю сябе аддаючы справе. Не без яе ўдзелу створаны дзіцячы вакальна-інструментальны ансамбль «Каласкі», вакальны квартэт педагогаў «Святлана», у якім спявалі чатыры Святланы, інструментальны аркестр народнай музыкі «Славяначка». Яны ўсе са званнямі і існуюць па сучасны момант.

Затым жыццёвыя дарогі прывялі яе на Поўнач, у Ямала-Ненецкую аўтаномную акругу, у горад Губкінскі. З уласцівымі ёй адносінамі да работы, яна цалкам акунулася ў справу. Вяла ўрокі музыкі і спеваў ва ўсіх класах школы, шмат часу аддавала рабоце з творчымі калектывамі, удзельнічала ў конкурсах. Святлана Родчанкава ўдастоена тытулу «Настаўнік года», станавілася неаднаразовым дыпламантам конкурсаў эстраднай песні, мае запісы на дыску.

Вечарамі працавала ў Доме культуры – вучыла спяваць. Аднойчы па шляху дамоў яна заўважыла драўляную невялічкую царкву, якой раней не бачыла, хоць шмат разоў тудою хадзіла. Яна зайшла. Яе ўвагу прыцягнула тое, што спявала адна пеўчая. Святлана Іванаўна дачакалася канца службы, падышла да свяшчэнніка і сказала, што хацела б спяваць у царкве. Яе благаславілі.

Аднак яна і не думала, што спяваць у храме так няпроста, што патрэбны навыкі, якіх у яе не было. Словы богаслужэнняў былі для яе незразумелыя, яна з цяжкасцю іх вымаўляла. Яна стала вучыцца спяваць па-царкоўнаму і жыць па-хрысціянску.

Затым яе благаславілі працаваць з дзецьмі, весці нядзельную школу пры храме. Так яна вырасціла сабе нявестку – для малодшага сына. З дзіцячымі калектывамі не адзін раз удзельнічала ў фестывалях праваслаўных песнапенняў у Табольску.

Для самаразвіцця ёй шмат далі курсы ў Троіца-Сергіевай Лаўры. Яе невычэрпныя ініцыятывы і імкненне ствараць перараслі ў маштабныя праекты. Яна стала праводзіць у Губкінскім фестывалі праваслаўнай моладзі. Стварыла праграму «Мір вашаму дому» на мясцовым тэлебачанні. Была яе аўтарам і вядучай. Яе заслугі ў духоўным выхаванні моладзі ацэнены ўладамі – Святлане Родчанкавай прысвяцілі старонку ў прыгожым ілюстраваным выданні «Жанчыны Ямала».

Прыйшоў час, і яе дамачадцы стаміліся ад жыцця на Поўначы. Сям’я пераехала ў Наваколасава. Святлана Родчанкава працягвае сваё служэнне Царкве Хрыстовай. Каля пяці гадоў грамадскім транспартам яна ездзіць кожны тыдзень у Свята-Ксеньеўскі жаночы манастыр у Барысаўскім раёне. Вучыць сясцёр святой абіцелі спяваць і кіруе хорам.

Яна прыносіць карысць і мясцовым храмам. Благачынны прыходаў Стаўбцоўскай акругі, ключар кафедральнага сабора святой праведнай Ганны протаіерэй Аляксандр Марцінчык прыняў прапанову Святланы Іванаўны і благаславіў арганізаваць пры саборы заняткі царкоўнымі спевамі для ўсіх жадаючых. Цяпер у кафедральным саборы ў Стоўбцах у пэўныя богаслужэбныя дні праводзіцца народная Літургія.

Не ставячы ніякіх мэтаў перад сабою, Святлана Родчанкава падрыхтавала пеўчых для іншых храмаў благачыння. Ірына Бычко ўзначаліла хор у Свята-Пакроўскім храме аграгарадка Аталезь, пеўчыя народнай Літургіі пры патрэбе дапамагаюць у Свята-Уваскрэсенскім храме г. Стоўбцы, у Свята-Георгіеўскім храме в. Скамарошкі, Алена Клімовіч паступіла на вячэрнюю форму навучання на пеўчае аддзяленне Мінскага духоўнага вучылішча. Некалі ў юнацтве першыя ўрокі царкоўных спеваў Святлана Родчанкава дала Ганне Бондаравай, якая пасля заканчэння духоўнага вучылішча ўжо 15 гадоў кіруе хорам кафедральнага сабора ў Стоўбцах.

У Святланы Родчанкавай усе любяць вучыцца. Аб гэтым гавораць многія, хто наведвае заняткі царкоўных спеваў. Яна валодае дзіўным дарам раскрыць таленты, навучыць спяваць, як яна гаворыць, не ротам, а дыханнем, духам. Да таго ж у яе хапае цярпення, такту, любові да кожнага – таленавітага і аматара.

– Удзячна Богу, што Ён прывёў мяне ў храм, а не на сцэну аперэты, – гэтыя словы ў Святланы Родчанкавай выпакутаваныя, – паставіў мяне на шлях, дзе я магу раскрыць дар Божы на карысць іншым і для выратавання сваёй душы. Прашу ў Бога сіл, каб Ён адпусціў час аддаць Яму тое, што Ён мне даў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>