Саміты кіраўнікоў дзяржаў СНД і ЕАЭС

11 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Сочы прыняў удзел у пасяджэннях Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД і Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

На саміце Садружнасці кіраўнікі дзяржаў СНД падрабязна разгледзелі далейшае развіццё супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, культурна-гуманітарнай і іншых ключавых сферах дзейнасці Садружнасці. Прэзідэнты прынялі заяву аб падтрымцы інстытута сям’і і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, канвенцыі аб супрацоўніцтве ў галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах.

У гуманітарнай сферы прыняты рашэнні аб аб’яўленні ў СНД 2019 года Годам кнігі, 2020 года –Годам 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, аб рэалізацыі міждзяржаўнай праграмы «Культурныя сталіцы Садружнасці» ў 2018 годзе ў Арменіі, у 2019 годзе – у Беларусі, у 2020 годзе – у Казахстане.

Традыцыйна ў парадак дня была ўключана тэматыка забеспячэння бяспекі і процідзеяння новым выклікам і пагрозам у рэгіёне і свеце ў цэлым. Лідары краін разгледзелі шляхі ўдасканалення дзейнасці Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў СНД і яе адаптацыю да сучасных рэалій. Рашэнні па разгледжаных пытаннях кіраўнікі дзяржаў замацавалі ў падпісаных па выніках сустрэчы дакументах.

Падчас пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага саюза разгледжаны пытанні ў сферы інфарматызацыі, мытнага рэгулявання, канкурэнцыі, натуральных манаполій, прамысловага супрацоўніцтва і міжнароднай дзейнасці.

Заявы аб запатрабаванасці СНД трэба падмацоўваць канкрэтнымі крокамі ў эканамічнай сферы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Сочы ў вузкім складзе.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што мінуў год з дня прыняцця ў Бішкеку рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў аб адаптацыі СНД да сучасных рэалій. Дакумент змяшчае дакладныя ўстаноўкі па развіцці і ўмацаванні Садружнасці. Лідары ўсіх краін пагадзіліся з неабходнасцю захавання арганізацыі. «Але мы па-ранейшаму топчамся на месцы. Заяву аб запатрабаванасці Садружнасці трэба падмацаваць канкрэтнымі дзеяннямі», – заклікаў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што мэта практычна кожнага рэгіянальнага аб’яднання – узаемная адкрытасць рынкаў і роўныя ўмовы гаспадарання.

Асобнае пытанне – стварэнне зоны свабоднага гандлю паслугамі. «Усе добра ведаюць, як ідзе работа над адпаведным пагадненнем. Збіраюцца эксперты, бяруць стары тэкст, мяняюць месцамі абзацы і накіроўваюць дакумент на разгляд. Праз два-тры месяцы сітуацыя паўтараецца. І так гадамі. У праекта каардынатара няма, а Выканкам, шчыра кажучы, з гэтай роляй не справіўся», – падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў звярнуць асаблівую ўвагу на гэтыя праблемы, паколькі менавіта гандаль і эканоміка з’яўляюцца фундаментам любых адносін.

«Рэальны рух па двух напрамках, якія я абазначыў, удыхне ў арганізацыю жыццё. У адваротным выпадку СНД так і будзе заставацца ў сферы добрых намераў. Трэба даць неабходныя даручэнні нашым кабінетам міністраў, каб узнятыя тэмы былі разгледжаны», – сказаў Прэзідэнт Беларусі.

БелТА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>