На варце дзяцінства

Filed under: Нумары,Увага - дзецям |

Раённай камісіяй па справах непаўналетніх задаволена хадайніцтва кіраўніцтва Нававёскаўскай школы аб адабранні ў бацькоў чатырохгадовага сына, становішча якога раней прызнана сацыяльна небяспечным.

Перадгісторыя гэтай сямейнай драмы пачалася яшчэ да нараджэння дзіцяці. За парушэнне грамадскага парадку жанчыну прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці і нават стаяла пытанне аб дэпартацыі яе, ураджэнкі Рэспублікі Казахстан, якая пражывае ў Беларусі на падставе пасведчання на права жыхарства. Але пастараліся сваякі – аплацілі за яе штрафы. Пасля жыццё нібыта наладзілася: выйшла замуж за мясцовага жыхара, які вярнуўся пасля адбывання пакарання, у іх нарадзіўся ў 2013 годзе сын.

У гэтым годзе абое бацькоў сталі ўжываць спіртныя напіткі. Адчуваючы пагрозу адабрання сына з сям’і, і муж, і жонка прайшлі лячэнне ад алкагольнай залежнасці. На жаль, доўга не пратрымаліся. Ізноў – алкаголь, сямейныя канфлікты, выклікі міліцыі… Маці хлопчыка ў стане алкагольнага ап’янення можа распускаць рукі, чым і «праславілася» на ўсю вёску. І на пасяджэнне камісіі яна з’явілася з пахмеллем, якое суправаджалася зусім нежаночай агрэсіяй.

У педагагічнай характарыстыцы, падрыхтаванай работнікамі дзіцячага сада, указана на не зусім ахайны выгляд яе сына. І гэта, безумоўна, папрок у першую чаргу ў бок матулі, якая нідзе не працуе і мае дастаткова часу для хатніх спраў, заняткаў з сынам. Разам з тым, чатырохгадовы хлопчык, пазбаўлены нармальнай увагі бацькоў, не навучаны самаму элементарнаму.

Па названых вышэй прычынах хадайніцтва было задаволена – дзіця прызнана маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. У сувязі з гэтым бацькам неабходна кардынальна змяніць свой лад жыцця, ухіліць недахопы, прад’яўленыя да стану іх домаўладання работнікамі пажарнай службы, энерганагляду. З імі, каб рэалізаваць план рэабілітацыі сям’і, ушчыльную будуць працаваць усе зацікаўленыя службы, пачынаючы ад дзіцячага сада і заканчваючы сельвыканкамам, райаддзелам міліцыі.

…Рэакцыя на рашэнне камісіі ў бацькоў, асабліва ў маці, была вельмі эмацыянальнай. Шкада таго, хто сваю маладосць губіць у чарцы і лічыць, што жаночая прывабнасць заключаецца толькі ў пафарбаваных валасах ды яркіх пазногцях. Але і надзея нікуды не знікае. Важна даць гэты пасыл.

– Усё залежыць ад вас, вашага жадання быць добрымі бацькамі, – падкрэсліла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>