Выратавальнікі: акцыі, вучэнні, прафілактыка

1810d

ВІНШАВАННІ І АД ДЗМІТРЫЯ СМОЛЬСКАГА

Юныя пажарныя-выратавальнікі, якіх у раёне налічваецца каля 700 чалавек, адзначылі чарговы дзень нараджэння сваёй арганізацыі – Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных.

Гэтая грамадская арганізацыя была ўтворана 14 кастрычніка 2001 года, і на свята з нагоды яе чарговага дня нараджэння сабраліся ў раённым Цэнтры культуры дзяўчынкі і хлопчыкі з розных школ раёна, іх педагогі.

У прывітальным слове начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын заўважыў:

– Калі я пачынаў сваю дзейнасць у райаддзеле, маладзёжная грамадская арганізацыя рабіла першыя крокі. За гэтыя 16 гадоў дасягнуты сур’ёзныя поспехі. Усе мы сталі больш адукаванымі ў пытаннях бяспекі, што знайшло пацвярджэнне падчас абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў «Школы бяспекі». Наш раён увайшоў у васьмёрку мацнейшых, а ў індывідуальным заліку мы маем другое месца ў Мінскай вобласці. Бралі ўдзел у многіх конкурсах «Выратавальнікі вачыма дзяцей» – і ва ўсіх станавіліся прызёрамі. Асабліва радуе тое, што на нядаўніх спаборніцтвах па пажарным спорце наша каманда (адзіная, якая прыехала з невялікага райцэнтра) увайшла ў шасцёрку мацнейшых. Гэта – вынік нашай сумеснай работы з установамі адукацыі, дзякуючы якой у тым ліку ўдалося зменшыць у раёне колькасць пажараў і гібелі людзей на іх, асабліва важна – пазбегнуць дзіцячай гібелі.      

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людміла Стонька са свайго боку таксама выказала словы ўдзячнасці педагогам і райаддзелу па надзвычайных сітуацыях за сумесную работу. Плён яе ў тым, што ў першую чаргу мы ведаем, як абараніць сябе, знайсці выйсце ў надзвычайнай сітуацыі. У школах і дзіцячых садах прайшлі дзясяткі трэніровак па эвакуацыі з будынка.

Пад апладысменты прысутных Людміла Стонька і Валерый Ілюшын уручылі падзякі педагогам і вучням за актыўны ўдзел у мерапрыемствах, накіраваных на прапаганду бяспечнай жыццядзейнасці.

Сярод іх – настаўнікі асноў бяспекі жыццядзейнасці Леанід Нарановіч (гімназія № 1 г. Стоўбцы), Алена Нікалаева (Заямнаўская СШ) і Станіслаў Васілеўскі (Горкаўская СШ), настаўнік фізічнай культуры і здароўя Генадзь Канановіч (Дзераўнянская СШ), намеснікі дырэктараў Людміла Вайдзілевіч (Старасвержанская СШ) і Станіслаў Войніч (Аталезскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа), а таксама метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Грамыка і дырэктар раённага Цэнтра культуры Ала Сушч.

Падзякамі і памятнымі прызамі ўшанаваны юныя выратавальнікі-пажарныя: Яўгенія Калініна (Дзераўнянская СШ), Валерыя Нікалаева (Заямнаўская СШ), Дзмітрый Рамановіч (Старасвержанская СШ), Мікалай Філіповіч (гімназія № 1). Жадаючыя паўдзельнічаць у конкурсах, якія прапанавала падчас свята інспектар групы прапаганды і навучання райаддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей, таксама былі адзначаны карыснымі прызамі – аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі.

Не абышлося і без сюрпрыза. Так, пасведчанні новым членам Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных урачыста ўручаў разам з Валерыем Ілюшыным і ганаровы госць – вядомы беларускі спявак Дзмітрый Смольскі. Дзмітрый падарыў юным выратавальнікам-пажарным Стаўбцоўшчыны некалькі песень і ажывіў залу не толькі цудоўнай творчасцю, а і сваёй энергіяй, харызмай чалавека, які вядзе здаровы лад жыцця і на сцэне трымаецца па-спартыўнаму лёгка, элегантна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПАСТУПІЛА ШТАРМАВОЕ ПАПЯРЭДЖАННЕ

Апошнім часам мы часта чуем пра штармавыя папярэджанні ад Белгідрамета. Гэтая рэальнасць знайшла пацвярджэнне і падчас нядаўніх камандна-штабных вучэнняў на тэрыторыі раёна.

Першы этап вучэнняў з мэтай праверкі гатоўнасці сіл і сродкаў раённага звяна Мінскай вобласці да ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару ўключаў у сябе збор сітуацыйнага штаба для выпрацоўкі кіраўніцкіх рашэнняў. А надзвычайная сітуацыя, згодна з легендай, была выклікана якраз штармавым папярэджаннем ад Белгідрамета і аранжавым узроўнем небяспекі паўсюдна па раёне. Прагназаваліся шквалісты вецер, мароз і моцныя снегапады…

На другім этапе вучэнняў прайшла практычная і тэарэтычная адпрацоўка дзеянняў у выніку выкліканых непагаддзю розных надзвычайных сітуацый. Так, работнікі ВУ «Стоўбцыгаз» за максімальна кароткія тэрміны ліквідоўвалі пашкоджанне газаправода высокага ціску, Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў – праводзілі мерапрыемствы па папярэджанні парыву водаправода. Аварыйная брыгада Стаўбцоўскага РЭСа займалася ўхіленнем абрыву провада лініі электраперадач. Медперсанал ЦРБ прымаў пацыентаў з падазрэннем на вірус (штам) А/Н1N1 і з сімптомамі захворвання, якія не выключаюць «бубонную чуму». Не засталіся без працы і дарожныя арганізацыі раёна, якім прыйшлося расчышчаць дарогі і эвакуіраваць пацярпелых.

Як адзначаюць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, уплываць на прыродныя катаклізмы мы не можам, але абавязаны быць гатовымі мінімізаваць іх наступствы. Вынікамі вучэнняў з’яўляецца тое, што мэты дасягнуты, сілы і сродкі падрыхтаваны да выканання задач па прызначэнні.

 

ДАПАМАГЛІ Ў ГАСПАДАРЧЫХ СПРАВАХ

Кожнаму з нас хочацца быць заўсёды маладым, жыццярадасным і здаровым. На жаль, прыходзіць такі час, калі чалавек разумее, што недзе далёка засталася маладосць і ўжо не ўсе справы можна зрабіць самастойна. Цудоўна, калі ў такія моманты на дапамогу прыходзяць родныя, знаёмыя або проста неабыякавыя людзі.

На Стаўбцоўшчыне сярод неабыякавых людзей значацца, напрыклад, юныя выратавальнікі-пажарныя з сярэдняй школы № 3. Менавіта яны сумесна з работнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і актывістамі раённага камітэта БРСМ у рамках акцыі «Моладзь – за бяспеку!» наведалі адзінока пражываючых пенсіянераў горада і дапамаглі ім з навядзеннем парадку на падворках і ў кватэрах.

Данута Татарыцкая і сама любіць працаваць у агародзе, аднак ад дапамогі не адмовілася.

– Для мяне незвычайна, што ў госці прыходзяць юныя выратавальнікі-пажарныя. Буду ведаць, што ў іх ёсць свая арганізацыя, – з усмешкай гаворыць Данута Антонаўна.

Іван Бубен папрасіў дапамагчы са зборам яблыкаў і навядзеннем парадку на дваровай тэрыторыі. Фаіна Карнавухава – жыхарка гарадская, але і ёй аказалася неабходнай дапамога: удзельнікі акцыі вымылі вокны, працерлі пыл.

Пры аказанні дапамогі юныя выратавальнікі не забываліся нагадваць домаўладальнікам і пра падтрыманне «пажарнага парадку» ў доме і на тэрыторыі. Якраз пачаўся ацяпляльны перыяд, і ён павінен прайсці бяспечна.

 

ПРЫБОР-ВЫРАТАВАЛЬНІК

З пачатку года на пажарах у Мінскай вобласці дзякуючы аўтаномным пажарным апавяшчальнікам выратаваны 96 чалавек, з іх 29 – дзеці.

Апошні характэрны выпадак зафіксаваны глыбокай ноччу 10-га верасня ў вёсцы Камсамольская Капыльскага раёна, дзе ў жылым доме ўзнікла замыканне электраправодкі. Да прыбыцця падраздзяленняў МНС гаспадыня дома і трое яе дзяцей-школьнікаў, якія прачнуліся ад сігналу апавяшчальніка, змаглі самастойна пакінуць жыллё. Ніхто не пацярпеў.  

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях чарговы раз рэкамендуе домаўладальнікам устанавіць у сваіх дамах падобны прыбор-выратавальнік. Прынцып яго работы просты: з дапамогай адчувальных элементаў ён рэагуе нават на малейшую канцэнтрацыю дыму. Апавяшчальнік падае гукавы сігнал, здольны разбудзіць таго, хто спіць, і тым самым выявіць небяспеку ў кароткія тэрміны і прыняць усе магчымыя меры для абароны жыцця і маёмасці ад пажару.  

Пр

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>