Дашкалят прыняў новы дзіцячы сад

2110

У мінулую пятніцу на Тыдні маці ў Стоўбцах адбылася важная падзея, якая прыцягнула ўвагу нацыянальнага тэлебачання і іншых сродкаў масавай інфармацыі, – адкрыццё новага дзіцячага сада № 8. Ён размясціўся ў маладым мікрараёне горада, на вуліцы Міру, побач са Свята-Уваскрэсенскім храмам, і сваім надзвычай вясёлым, яркім выглядам упрыгожыў наваколле.

Ва ўрачыстым адкрыцці доўгачаканай дашкольнай установы прынялі ўдзел намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Сірэнка, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Казак, старшыня Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў і ўсе яго намеснікі, кіраўніцтва і спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, кіраўніцтва ПМК-233 – генеральнага падрадчыка, сем’і з дзецьмі.

У прывітальным слове да прысутных Віктар Сірэнка назваў гэтую ўрачыстасць знамянальнай падзеяй не толькі для раёна, але і для вобласці – дзіцячы сад узведзены па новым праекце, па самых сучасных тэхналогіях. Віктар Іванавіч адзначыў высокі прафесіяналізм будаўнічай арганізацыі, арганізатарскі талент кіраўніцтва раёна – дзіцячы сад пабудаваны ў вызначаныя тэрміны, менш чым за год, з вялікай эканоміяй сродкаў, дзякуючы абдуманаму падыходу і беражлівай эканоміі рэсурсаў. Прамоўца падзяліўся ўражаннямі ад экскурсіі па дашкольнай установе, выказаў задавальненне, што гэты бюджэтны аб’ект па аснашчанасці і дызайне можа смела канкурыраваць з прыватнымі дзіцячымі ўстановамі.

Юрый Горлаў адзначыў, што ўвядзенне новага дзіцячага сада вырашыць праблему чарговасці ў дашкольныя ўстановы, якая назіралася апошнім часам. Ён выказаў удзячнасць кіраўніцтву аблвыканкама за фінансавую падтрымку аб’екта, без чаго немагчыма было б ажыццявіць такі маштабны праект. Гэта другі буйны сацыяльна значны аб’ект пасля фізкультурна-аздараўленчага комплексу, узведзенага ў райцэнтры за апошнія гады. Прамоўца адзначыў, што будаўнікі даказалі свой прафесіяналізм, уменне укладвацца ў сціслыя тэрміны будаўніцтва і працаваць якасна.

Новы дзіцячы сад разлічаны на 230 месцаў. Гэта сучасная ўстанова адукацыі, дзе створаны камфортныя ўмовы для прабывання дзяцей і працы педагагічнага калектыву. Увесь дызайн выкананы ў светлай, радаснай колеравай гаме. Для кожнай з 12 груп прадугледжаны прасторныя, светлыя, утульныя памяшканні. На ўсіх вокнах замест занавесак – прыгожыя жалюзі. Групы ўкамплектаваны сучаснай прыгожай дзіцячай мэбляй. У кожнай групе – буфетная з неабходным абсталяваннем, закуплены новы посуд. Наватарствам з’яўляюцца шафкі ў раздзявалках груп – яны прадзімаюцца, праветрываюцца. У кожнай групе прадугледжана рэсурснае памяшканне – рабочы пакой для выхавацеляў. У групавых памяшканнях на першым паверсе падлога з падагрэвам.

У новым садзе ёсць гульнявы камп’ютарны пакой, асобныя музычная і харэаграфічная залы. Спартзала мае дзіцячыя трэнажоры.

Акрамя рабочага пакоя медсястры медыцынскі блок абсталяваны кабінетамі для інгаляцый, фізіяпрацэдур, масажу, ёсць ізалятар на два ложкі для дзяцей, якія захварэлі і якіх патрэбна ізаляваць да прыходу бацькоў.

У харчблоку ўстаноўлена сучаснае тэхналагічнае абсталяванне з параканвентаматам, электрапатэльняю, стэрылізатарам для нажоў, хлебарэзкай, агароднінарэзкай. Для дастаўкі гатовай прадукцыі ў трохпавярховым будынку прадугледжаны спецыяльны ліфт.

Галоўная ж асаблівасць новага дзіцячага сада ў тым, што ён з плавальным басейнам. Басейн аснашчаны аўтаматычным абсталяваннем для абясшкоджвання вады. У басейне ўстаноўлены поручні для бяспекі дзяцей. У штат прыняты інструктар па плаванні. Падлога ў басейне таксама з падагрэвам. Уся колеравая гама сіне-блакітная – гэта вельмі прыгожа і эфектна.

На тэрыторыі дашкольнай установы таксама шмат новага, чаго не сустрэнеш у іншых установах адукацыі раёна. Напрыклад, гульнявыя пляцоўкі абсталяваны ценявымі навесамі. Падрыхтавана пляцоўка для вывучэння правілаў дарожнага руху. Для бяспекі дзяцей прагулачныя пляцоўкі дзіцячага сада аснашчаны траўмабяспечным абсталяваннем. Таксама для бяспекі малых ценявыя навесы і спартыўная пляцоўка абсталяваны палімерным пакрыццём.

У дзіцячым садзе ўстаноўлены пост аховы, задзейнічана 28 камер відэаназірання, сістэмы відэаназірання ўстаноўлены і ў басейне.

Дазваляем сабе такую падрабязнасць у апісанні аснашчанасці сада, таму што новыя тэхналогіі варты ўвагі.

Калі ж вярнуцца да ўрачыстай прэзентацыі, са словамі ўдзячнасці да кіраўніцтваў аблвыканкама і райвыканкама, будаўнікоў звярнулася загадчыца новага дзіцячага сада № 8 Анастасія Зорына. Дашкаляты са сваёй непасрэднасцю і міласцю парадавалі гасцей прыгожымі канцэртнымі нумарамі.

Як і кожнае наваселле, і гэтае доўгачаканае не абышлося без падарункаў. Мінскі аблвыканкам падарыў новаму саду тэлевізар, райвыканкам – інтэрактыўную дошку. Дырэктар ПМК-233 Дзмітрый Пячора павіншаваў усіх з такой прыемнай падзеяй і ўручыў калектыву дашкольнай установы ў падарунак газонакасілку.

Шчаслівыя бацькі кожную раніцу вязуць сваіх дзетак у новы дзіцячы сад. Працуюць ужо дзевяць груп. Астатнія тры даўкамплектоўваюцца і ў хуткім часе распачнуць работу.

Дзіцячы сад № 8 стаў 21-й дашкольнай установай у раёне, не лічачы шасці вучэбна-педагагічных комплексаў дзіцячы сад – сярэдняя школа.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>