Удасканаленне і развіццё ЖКГ Беларусі

Рэспубліканскі семінар «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны» прайшоў у Мінску 19-20 кастрычніка. На ім прадстаўлены вопыт арганізацыі работы па розных напрамках у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прагрэсіўныя рэсурса- і энергазберагальныя тэхналогіі для паэтапнага іх укаранення на тэрыторыі ўсёй рэспублікі. Галоўная мэта семінара – вызначэнне асноўных напрамкаў удасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі на сярэднетэрміновую перспектыву.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пленарным пасяджэнні семінара. На пасяджэнні разгледжаны пытанні ўдасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны, рэалізацыі новых падыходаў па ўдасканаленні работы ў галіне, зніжэнні затрат і павышэнні якасці абслугоўвання насельніцтва, прааналізавана сусветная практыка арганізацыі кіравання жыллёвым фондам.

У мерапрыемстве ў Палацы Незалежнасці ўдзельнічалі амаль 250 чалавек, у тым ліку вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі дзяржорганаў і арганізацый, прадстаўнікі мясцовых органаў дзяржкіравання.

Тарыфы на ЖКП павінны быць пад’ёмнымі для народа. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на рэспубліканскім семінары «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны».

«Стаўлю задачу для ўсіх: з 2018 года праводзім разавае павышэнне тарыфаў толькі на $5 і ў далейшым – ніякага росту без майго ведама. Тарыфы павінны быць пад’ёмнымі для народа. У сувязі з гэтым ураду, Камітэту дзяржаўнага кантролю даручаю дэталёва праверыць. І 1 студзеня 2018 года зацвердзім тарыфы рашэннем Прэзідэнта», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі ў пачатку года павышаюцца тарыфы на ЖКП на $5 у эквіваленце і індэксуюцца ва ўвязцы з ростам даходаў насельніцтва. «Наколькі мне вядома, такое павышэнне ўжо адбылося ў студзені 2017 года. Разам з тым урад, вядучае міністэрства, Міністэрства гандлю ў верасні павысілі тарыфы на 8 працэнтаў і пачынаеце далей палохаць людзей тым, што ў снежні яшчэ павялічыце на 10 працэнтаў. І гэта прытым, што з лістапада ўсе аб’ектыўна будуць плаціць больш у сувязі з уключэннем ацяплення.

Гэта антынародны падыход да справы. Так быць не павінна, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

– Гэта прывядзе да значнага росту плацяжоў, што безумоўна выкліча негатыўны грамадскі рэзананс. І нездарма будзе гэты рэзананс. Чаму нельга індэксаваць тарыфы, скажам так, калі няма ацяплення, жыроўкі лягчэйшыя? Хоць і гэта мы ўжо зрабілі».

Прэзідэнт асабліва адзначыў, што нельга бударажыць насельніцтва размовамі аб стапрацэнтным пакрыцці кошту паслуг літаральна з заўтрашняга дня. «Гэтае пытанне ў тым ліку і палітычнае. Спешка тут недапушчальна. Мы палічым спачатку тарыфы дакладна, каб энергетыкі, тыя, хто ваду падае, не жыравалі і не вырашалі свае праблемы за кошт насельніцтва. І тады прымем рашэнне, калі будзем выходзіць і як будзем выходзіць на стапрацэнтную аплату. Я ўпэўнены: калі мы вельмі дакладна палічым, ужо з трэцяга заходу, гэтыя тарыфы, то працэнт пакрыцця будзе вельмі высокім. Можа, і 90 працэнтаў», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Мы ні пад каго не павінны падладжвацца. Не забывайце, што галоўны прыярытэт нашай сацыяльнай палітыкі – гэта інтарэсы людзей, а не ведамстваў і розных міжнародных структур», – сказаў Прэзідэнт.

«Ураду трэба яшчэ раз вывучыць, як дзейнічае сістэма безнаяўных жыллёвых субсідый, і ў выпадку неабходнасці прыняць дадатковыя меры па яе ўдасканаленні», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ні адзін чалавек, ні адна сям’я, якія не маюць магчымасці аплаціць ЖКП, не павінны заставацца без дапамогі дзяржавы.

«Мы абавязаны гарантаваць падтрымку любому, хто апынецца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Менавіта з гэтай мэтай былі ўкаранёны безнаяўныя жыллёвыя субсідыі», – сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сістэма налічэння субсідый недапрацавана, з-за чаго не ўсе, хто мае патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы, ўлічаны.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цеплазабеспячэнне – гэта не толькі адна з найбольш важных жыллёва-камунальных паслуг, але і самая дарагая. Больш як 30 працэнтаў ад сумы жыроўкі зімой – на ацяпленне і падаграванне вады. «Тут ёсць велізарныя рэзервы для эканоміі. Зніжэнне долі імпартуемых газу і энерганосьбітаў, за якія мы расплачваемся валютай, прымушае нас больш актыўна выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва, а ў перспектыве электрычную энергію астравецкай АЭС», – сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што вытворчасць цеплавой энергіі на мясцовых відах паліва сябе апраўдала. Яе сабекошт значна ніжэйшы за аналагічны паказчык на прыродным газе пры іншых роўных умовах.

Прэзідэнт таксама заклікаў не забываць аб планавай замене зношаных цепласетак. «Калі не выконваць яе ў неабходных аб’ёмах, у агляднай будучыні атрымаеце вялікія праблемы, з якімі рэгулярна сутыкаюцца нашы суседзі. У Расіі і Украіне з-за гэтага зімой замярзаюць не толькі кварталы, але і цэлыя гарады. У нас недапушчальна, каб замёрз нават адзін асобна ўзяты дом. Спадзяюся, вы мяне пачулі!» – папярэдзіў беларускі лідар.

Асабліва востра праблема абслугоўвання камунальнай інфраструктуры стаіць у сельскай мясцовасці.

«У нашай рэспубліцы забяспечана стапрацэнтная даступнасць насельніцтва да пітной вады. У той жа час захоўваецца праблема яе якасці. Прэзідэнт назваў недапушчальным, што некаторыя рэгіёны не маюць ачышчальных збудаванняў і да гэтага часу адходы збіраюцца на палях фільтрацыі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, таксама актуальная ў гэтай сферы праблема замены зношаных сетак.

«Нельга дапускаць безадказнасці і пры навядзенні парадку ў населеных пунктах. Работа па добраўпарадкаванні нашых гарадоў і вёсак – гэта задача не толькі камунальнікаў. І гэтаму ўжо з бягучай восені я асабіста ўдзяляю самую пільную ўвагу. На кальцавой дарозе ў Мінску, паглядзім, як у іншых гарадах, нарэшце пачалі варушыцца і хаця б дрэвы высаджваць там, дзе яны павінны расці», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на стан будаўнічых пляцовак і тэрыторыі вакол іх, запатрабаваўшы навесці там парадак. «Гэта датычыць перш за ўсё Мінска», – сказаў ён.

Асобна кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як мясцовыя органы ўлады выконваюць яго даручэнне па замацаванні тэрыторый за суб’ектамі гаспадарання. «У нас школы, заводы, фабрыкі, проста прыватныя прадпрыемствы размешчаны на канкрэтным участку зямлі, у канкрэтным гарадскім квартале. Дык замацуйце за імі гэтыя тэрыторыі, і няхай яны там пастаянна наводзяць парадак», – паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Ён заўважыў, што гэта добрая магчымасць скараціць затраты бюджэту. Пры гэтым, сказаў Прэзідэнт, трэба прыняць неабходныя меры ўздзеяння на насельніцтва.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на інфармацыйную работу з грамадзянамі. «Пачуццё ўласніка не нараджаецца само па сабе, яно выхоўваецца гадамі, у тым ліку эканомія, беражлівае стаўленне да маёмасці. І тут трэба далучыцца сродкам масавай інфармацыі, не толькі да семінара рыхтаваць матэрыялы, але паказваць факты і добрай работы, і безгаспадарчага стаўлення», – дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў, што жыллёва-камунальная гаспадарка – сфера няпростая, патрабуе пастаяннай увагі ўсіх органаў улады і пошуку эфектыўных рашэнняў.

БелТА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>