Пракуратура, Следчы камітэт, міліцыя

2510a

На мінулым тыдні ў раённым выканаўчым камітэце прайшоў прыём грамадзян з удзелам кіраўнікоў абласных падраздзяленняў адразу трох праваахоўных ведамстваў: пракурора Мінскай вобласці Алега Лаўрухіна, начальніка ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці Паўла Ігнатава і часова выконваючага абавязкі начальніка УУС Мінаблвыканкама Вадзіма Мурына.

Такія прыёмы ў пашыраным саставе праходзяць раз у месяц у розных раёнах Мінскай вобласці ў адпаведнасці з графікам. Для людзей гэта магчымасць аператыўна і эфектыўна вырашыць на месцы свае пытанні, якія ўваходзяць у кампетэнцыю адной або адразу некалькіх праваахоўных структур – пракуратуры, Следчага камітэта, міліцыі.

На пытанне раённай газеты, як прайшоў прыём у Стоўбцах, адказаў пасля двухгадзіннай сумеснай работы з калегамі пракурор Мінскай вобласці Алег Лаўрухін.

– На прыём прыйшлі двое жыхароў раёна, кожны – са сваім пытаннем. Адно з іх датычыла грамадзянскай судавытворчасці і сапраўды патрабуе ўвагі і разгляду ва ўстаноўленым парадку, другое – звязана з дазволам на захоўванне паляўнічай зброі. Данае пытанне, як высветлілася, на мясцовым узроўні не разглядалася, таму што грамадзянін нікуды не звяртаўся. Яму растлумачана, як трэба паступіць і, акрамя таго, дадзена даручэнне пракурору раёна і начальніку райаддзела міліцыі разгледзець пытанне. Гэты грамадзянін пражывае ў аддаленай вёсцы і, каб не раённая газета, зазначыў ён, то не даведаўся б пра такі прыём. Значыць, газета даводзіць да чытачоў актуальную інфармацыю.

– Невялікая колькасць жадаючых трапіць на прыём – гэта асаблівасць толькі нашага раёна?

– Калі казаць пра раёны Мінскай вобласці ў цэлым, то колькасць тых, хто запісваецца на прыёмы, змяншаецца. Як змяншаецца і колькасць пытанняў, якія патрабуюць вырашэння на абласным узроўні. Практыка прыёмаў паказвае, што пераважная большасць пытанняў, якія хвалююць людзей, вырашаецца непасрэдна мясцовымі органамі ўлады. Штотыднёва праходзяць прамыя тэлефонныя лініі з работнікамі выканкама. Прэтэнзій, нараканняў на работу органаў мясцовай улады не паступіла, таму можна зрабіць выснову: адказныя работнікі кампетэнтныя. Свае задачы выконваюць і мясцовыя праваахоўныя органы.

– Як вы ацэньваеце стан правапарадку, законнасці на тэрыторыі раёна?

– Пра вынікі бягучага года яшчэ казаць рана, але ў цэлым мы назіраем станоўчую дынаміку. Змяншаецца колькасць правапарушэнняў і злачынстваў, асабліва тых, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх, скіраваных супраць жыцця і здароўя грамадзян. Не дапушчана росту такіх небяспечных злачынстваў, як разбоі, грабяжы. Па прафілактыцы крадзяжоў вядзецца сістэмная работа. У гэтым – работа міліцыі. Калі ў грамадзян няма прычын для неспакою, то сітуацыя са злачыннасцю кантралюецца і кіруецца.

– Як вы ацэньваеце ўзровень узаемадзеяння праваахоўных структур у раёне?

– Трывожных сігналаў на гэты конт не назіраецца. Безумоўна, без зладжанай работы пракуратуры, следства, органаў міліцыі, МНС, спецпадраздзяленняў не было б той станоўчай дынамікі, пра якую я казаў вышэй. Стаўбцоўскі раён неабходна адзначыць са станоўчага боку і ў тым плане, што тут не зарэгістравана ніякіх надзвычайных здарэнняў. Сёння не страшна вечарам выходзіць на вуліцу – гэта сведчанне таго, што органы, якія забяспечваюць правапарадак, працуюць належным чынам і цесна ўзаемадзейнічаюць. Пытанні ўзаемадзеяння мы адсочваем па ўсіх раёнах Мінскай вобласці. Праблем няма, таму што яны вырашаюцца шляхам падбору і расстаноўкі кадраў.

– Аптымізацыя, якая закранула многія дзяржаўныя органы, паўплывала на гэты працэс?

– Што датычыць пракуратуры, то працэс аптымізацыі ідзе ў нас апошнія чатыры гады. Аднак, як адзначыў Прэзідэнт краіны, любыя змены, накіраваныя на скарачэнне колькасці дзяржслужачых, уключаюць у сябе не столькі змяншэнне колькасці, колькі аптымізацыю функцый, паўнамоцтваў у вырашэнні першачарговых пытанняў. У сувязі з гэтым асаблівай нязручнасці ці дыскамфорту пракуратура вобласці не адчула. Вы, напэўна, ведаеце пра аб’яднанне раённай і гарадской пракуратуры ў буйных гарадах. На працягу года былі скарочаны некалькі дзяржслужачых з ліку абласнога апарата, і гэта па сутнасці была разатэстацыя, перавод дзяржслужачых у разрад служачых. Гэты перавод на якасці і аб’ёме работы, а таксама ўзроўні заработнай платы, і на гэта таксама звяртаў увагу Прэзідэнт, не адбіўся. У раёнах увогуле не было задачы скарачаць колькасць пракурорскіх работнікаў і рабіць іх працу яшчэ больш напружанай.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>