Бяспека

ДТЗ З УДЗЕЛАМ СЕЛЬГАСТЭХНІКІ

ДАІ просіць адгукнуцца сведкаў дарожна-транспартнага здарэння, якое мела месца 20.09.2017 каля 20.10. У гэтым ДТЗ жыхар Віцебскай вобласці, які кіраваў аўтамабілем «Мерседэс-бэнц-спрынтар» (рэгістрацыйны знак АР1479-5) і рухаўся ў напрамку г. Стоўбцы з боку г. Баранавічы, на 22-м км аўтадарогі Р2 Стоўбцы – Івацэвічы – Кобрын, паблізу в. Вечатарова, няправільна выбраў бяспечную хуткасць руху і дыстанцыю да трактара МТЗ-1221 (рэгістрацыйны знак ОВ-5 0327) з прычэпам ПСТР-12 (рэгістрацыйны знак ОК-5 1954), які рухаўся перад ім, у выніку чаго адбылося сутыкненне. Абодва транспартныя сродкі з’ехалі ў левы кювет, дзе адбылося выкідванне пасажыра трактара з кабіны і далейшы пераезд яго коламі прычэпа. Пасажыр трактара, жыхар Стаўбцоўскага раёна, быў смяротна траўміраваны, а вадзіцель аўтамабіля «Мерседэс» атрымаў цяжкія траўмы.

Сведак гэтага ДТЗ просім пазваніць па тэлефонах: 102, 5-19-15, 8-029-776-73-44 (райаддзел міліцыі) або 7-10-48 (райаддзел Следчага камітэта).

ДАІ райаддзела міліцыі рэкамендуе ў сувязі з наступленнем асенняга сезона, які характарызуецца значным змяншэннем светлавога дня, няўстойлівымі пагоднымі ўмовамі, выкліканымі дажджамі і туманамі, зніжэннем бачнасці на дарогах, захоўваць устаноўленую хуткасць руху, а таксама правільна выбіраць яе з улікам сукупнасці ўсіх умоў дарожнага руху (інтэнсіўнасць руху транспартных сродкаў і пешаходаў, пагодныя і дарожныя ўмовы, бачнасць у напрамку руху).

Асенні перыяд характарызуецца таксама значным павелічэннем ціхаходнай сельскагаспадарчай тэхнікі (у тым ліку і ў счэпцы з габарытнымі агрэгатамі, якія не маюць заводскіх асвятляльных прыбораў), што задзейнічана на ўборцы ўраджаю і асенне-палявых работах. У сувязі з невялікай хуткасцю руху такой тэхнікі вадзіцель спадарожнага транспартнага сродку не заўсёды ў стане адэкватна ацаніць адлегласць да яго, у выніку чаго ўзрастае рызыка ўчынення ДТЗ.

Вялікія памеры сельскагаспадарчых агрэгатаў, якія істотна выступаюць за габарыты цягача, таксама ствараюць перадумовы ўчынення ДТЗ, у сувязі з чым рэкамендуем пры раз’ездзе з такой тэхнікай быць максімальна ўважлівымі, знізіць хуткасць, узяцца правей з улікам патрабаванняў Правілаў дарожнага руху і быць гатовымі да прымянення экстраннага тармажэння, пры гэтым звярнуць увагу на абочыну, дзе могуць знаходзіцца пешаходы і веласіпедысты, не заўсёды добра прыкметныя ў бліжнім святле фараў.

Дзмітрый ВОРАНАЎ,начальнік аддзела ДАІ райаддзела міліцыі    

 

ЧЫГУНКА – ЗОНА ПАВЫШАНАЙ НЕБЯСПЕКІ

Нагадваем, што тармазны шлях поезда складае амаль 1000 метраў, імгненна спыніць яго немагчыма. Таму чыгунка з’яўляецца зонай павышанай небяспекі.

У Стаўбцоўскім раёне за 9 месяцаў бягучага года зарэгістраваны тры няшчасныя выпадкі на чыгунцы, па адным з іх праводзіцца праверка. 16 студзеня 2017 г. у 23.59 на станцыі Коласава электрапоездам смяротна траўміраваны чалавек, які знаходзіўся на пуцях. Трагедыя адбылася і на перагоне Стоўбцы–Гарадзея. Прычынай стаў пераход праз рэйкі ў неўстаноўленым месцы.

Летам мела месца «дзіцячае свавольства» на чыгуначных пуцях. Непаўналетні гаварыў у гучнагаварыцель і перавёў стрэлкі, што магло выклікаць спыненне поезда.

Нагадваем асноўныя правілы бяспекі, якія трэба выконваць пры знаходжанні на чыгунцы. Пераходзіць пуці рэкамендуецца толькі ў прызначаных для гэтага месцах. Стрэлачны перавод – забароненае для пераходу месца. Пры перасячэнні пуцей ні ў якім разе нельга выходзіць на чыгуначнае палатно адразу пасля руху поезда. Важна пераканацца ў адсутнасці сустрэчнага саставу, для чаго патрэбна дачакацца, калі хваставы вагон поезда аддаліцца ад межаў бачнасці. Знаходжанне на чыгунцы ў стане алкагольнага ап’янення вельмі небяспечнае. Забараняецца набліжацца да нерухомых вагонаў, паколькі на станцыі вагоны знаходзяцца ў рабочым стане і могуць пачаць рух у любую мінуту. Нельга да пасадкі ў вагон, які стаіць, заступаць за абмежавальную лінію на платформе, а таксама спрабаваць заскочыць у вагон з пасажырскай платформы. Забараняецца дакранацца да апор і спецыяльных канструкцый кантактнай сеткі, а таксама да паветраных ліній электраперадачы і штучных збудаванняў. Напружанне ў правадах кантактнай сеткі надзвычай высокае – да 27 500 вольт. Дакрананне смяротна небяспечнае. Задумаемся: для спынення работы сэрца дастаткова секунднага кантакту з провадам, што знаходзіцца пад напружаннем 110-230 вольт. Забаронены праезд звонку рухомага саставу – на падножках, поручнях і іншых выступаючых частках. Вынікам «зачэпінгу» становіцца паражэнне электрычным токам.

Памятайце: за парушэнне правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі чыгуначнага транспарту вінаватыя асобы нясуць адказнасць, прадугледжаную заканадаўчымі актамі. А самае галоўнае – выконваючы гэтыя правілы, мы захоўваем сваё здароўе і жыццё.

Інспекцыя па справах непаўналетніх Стаўбцоўскага РАУС

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>