У прыгажосці Божага свету

2810c

У Маладзечанскай епархіі падведзены вынікі епархіяльнага этапу Міжнароднага конкурсу «Прыгажосць Божага свету». Конкурс адбыўся ў рамках Міжнародных Ражджэственскіх адукацыйных чытанняў сярод навучэнцаў адукацыйных устаноў, размешчаных на тэрыторыі Маладзечанскай епархіі.

СтаўбцоўскАЕ благачынне праводзіла конкурс сумесна з аддзеламі адукацыі, спорту і турызму і ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, за што благачынны протаіерэй Аляксандр Марцінчык выказвае вялікую ўдзячнасць. Юныя мастакі нашага раёна ўзялі найбольшую колькасць лаўрэацкіх узнагарод: з 10 работ, якія будуць адпраўлены ў Маскву для далейшага праходжання міжнароднага конкурсу, сем – ва ўдзельнікаў з нашага раёна. Ацэньвалі работы юных мастакоў свяшчэннаслужыцелі, мастакі-іканапісцы, выкладчыкі мастацкіх навучальных устаноў.

На цырымонію ўрачыстага падвядзення вынікаў конкурсу дзяцей запрасілі ў Палац культуры горада Маладзечна. Кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Стаўбцоўскага райвыканкама для паездкі пераможцаў і педагогаў выдзеліла транспарт, што забяспечыла выдатны настрой і камфорт.

Работы ўдзельнікаў конкурсу былі выстаўлены ў фае Палаца культуры, з імі ўсе маглі пазнаёміцца. Урачыстасць праходзіла з высокім прадстаўніцтвам – свята ўзначаліў епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел. Ад усіх 12-ці благачынняў епархіі былі дэлегацыі – свяшчэннікі і прыхаджане з прыходаў.

Уладыка Павел цёпла прывітаў удзельнікаў свята, падзякаваў вучням за іх актыўны ўдзел у конкурсе і за талент. Звяртаючыся да юных мастакоў, епіскап Павел адзначыў, што ўсе ўдзельнікі конкурсу – пераможцы, таму што, малюючы конкурсныя работы, кожны паказаў прыгажосць сваёй душы, свой унутраны свет – нішто не можа быць прыгажэй, чым душа чалавека.

Кожны з пераможцаў конкурсу падышоў пад благаславенне ўладыкі, епіскап Павел уручыў дзецям падарункі і пажадаў, каб на наступным этапе конкурсу ў Маскве работы таксама атрымалі ўзнагароды.

У ліку лаўрэатаў: Софія Клімко, Улада Грэкава (выкладчык Таццяна Ігумнава, нядзельная школа пры кафедральным саборы святой праведнай Ганны), Вікторыя Калкоўская, Ксенія Русецкая (выкладчык Ганна Мартыненка, Шашкоўская дзіцячая школа мастацтваў), Арцём Лапко (педагог Валерый Шуцілаў, аграгарадок Аталезь), Дар’я Гамза, Паліна Цярэшка (педагог Святлана Калкоўская, народная студыя «Раніца» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў).

Удзельнікаў конкурсу сардэчна прывітала старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын, дырэктар Палаца культуры г. Маладзечна Святлана Сарока. Яна адзначыла, што ў Палацы культуры праводзіцца нямала сумесных мерапрыемстваў з Маладзечанскай епархіяй, яны заўсёды напоўнены глыбокім сэнсам, радасныя і светлыя. А конкурс малюнкаў дапаможа дзецям далучыцца да праваслаўнай культуры, станавіцца дабрэйшымі і больш цярпімымі да навакольнага свету і акружаючых людзей.

Далей усе ўдзельнікі ўрачыстасці былі запрошаны ў залу, дзе адбылася другая частка ўрачыстай праграмы.

Падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Полацку ў гэтым годзе адбылася знакавая падзея ў жыцці беларусаў – прэзентацыя Новага Запавету, перакладзенага на сучасную беларускую мову. Гэтая падзея гарманічна ўпісалася ў сёлетняе святкаванне 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

З вялікай цікавасцю прысутныя паслухалі прафесара мінскіх духоўных семінарыі і акадэміі і Інстытута тэалогіі БДУ протаіерэя Сергія Гардуна, які расказаў аб тым, як ажыццяўляўся пераклад Новага Запавету на сучасную беларускую мову. Айцец Сергій уваходзіць у склад Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы па перакладзе Свяшчэннага Пісання.

Гэтая праца заняла 25 гадоў, у склад Біблейскай камісіі ўвайшлі спецыялісты ў галіне багаслоўя, біблеістыкі і філалогіі. Пераклад адбываўся з арыгінала – са старажытнагрэчаскай мовы. Да гэтага было зроблена 25 перакладаў Новага Запавету на беларускую мову. Члены камісіі дасканала вывучылі кожны – адзначалі мінусы і знаходкі. Нам вельмі цікава было даведацца, што адзін з перакладаў Святога Евангелля на беларускую мову зрабіў малодшы брат народнага паэта Беларусі Якуба Коласа Міхась Міцкевіч. Палову свайго жыцця (47 гадоў) ён правёў у эміграцыі ў ЗША. Там ён быў рэдактарам газеты «Беларус» і часопіса «Голас Царквы». Асаблівай увагі заслугоўвае перакладчыцкая дзейнасць Міхася Міцкевіча. Ён зрабіў пераклад на беларускую мову Святога Евангелля, Бажэственнай Літургіі і іншых богаслужэбных царкоўных тэкстаў. Аб яго жыцці ў лоне Святой Праваслаўнай Царквы не было вядома на Радзіме. У тых жа, хто яго ведаў, засталася аб ім памяць як аб чалавеку добрым, веруючым, які вельмі любіў сваю Айчыну.

Епіскап Павел падзякаваў членам Біблейскай камісіі за прафесійны пераклад Новага Запавету на родную мову беларусаў і адзначыў, што пераклад адпавядае ўсім нормам сучаснай беларускай мовы. Уладыка парадаваўся, што тыя, хто даражыць чысцінёю роднай мовы, могуць чытаць на ёй Святое Евангелле. Епіскап выказаў надзею, што выхад Новага Запавету ў такім фармаце стане прызнаным набыткам нацыянальнай культуры Беларусі. Як старшыня Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы, епіскап Павел адзначыў, што ёсць неабходнасць у друкаванні яшчэ аднаго тыражу – тыраж колькасцю пяць з паловай тысяч экзэмпляраў практычна ўжо разышоўся, такі вялікі інтарэс да гэтага выдання ў беларусаў.

Удзельнікі епархіяльнай урачыстасці самі адчулі гэта – усе жадаючыя не змаглі набыць Новы Запавет, таму што выданне было адразу раскуплена.

Падарункам для ўдзельнікаў свята стала выступленне архіерэйскага хору Мінскага Свята-Духава Кафедральнага сабора пад кіраўніцтвам рэгента Віталія Сабалеўскага. У рэпертуары прагучалі як духоўныя творы, так і беларускія. Напрыклад, «Мой родны кут» на словы Якуба Коласа. Канцэрт даставіў вялікую прыемнасць і сапраўды стаў падарункам для ўдзельнікаў урачыстасці.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота іерэя Георгія КУР’ЯНА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>