У Коласавых мясцінах – музей мёду

Filed under: Нумары,Шлях Коласа |

2810

Стаўбцоўскі лясгас, які на працягу многіх гадоў утрымлівае ў трох сваіх лясніцтвах уласную пасеку, адкрыў сёлета музей мёду. Ён размешчаны на тэрыторыі Акінчыцкага лясніцтва пад шатамі разгалістага векавога дуба і сустракае наведвальнікаў у атачэнні вулляў, прычым адзін з іх – сапраўдны, населены пчоламі.

Невыпадкова, што экскурсія па гэтым музеі фактычна пачынаецца на вуліцы.

– Дубу, пад якім мы стаім, – каля 300 гадоў. Паспрабуйце яго абхапіць, – прапануе экскурсавод і старшы пчаляр лясгаса Міхаіл Каўгарэня. – Гэты дуб шмат чаго памятае і мог бы нам расказаць…

Сапраўды, усё наваколле Акінчыцкага лясніцтва «гаворыць» гісторыяй, «дыхае» паэтычнай прыгажосцю і на кожным кроку нагадвае пра песняра Якуба Коласа, 135-гадовы юбілей якога мы будзем адзначаць на днях. Літаральна праз дарогу ад музея мёду знаходзіцца філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Суседства іх глыбока сімвалічнае, таму што калісьці бацька Коласа нёс службу лесніком у Акінчыцах, таксама трымаў у гаспадарцы пчол. Нездарма ў Альбуці ўвекавечана постаць пчаляра ў драўлянай скульптуры. Яе фотавыява ўпрыгожвае і музей мёду, галоўнае ў якім – арганічна злучыць старадаўнія і сучасныя традыцыі рамяства, якое, і гэта відаць на прыкладзе лясгасаўскай пасекі, стала для прадпрыемства падсобным промыслам.  

Для музея мёду была ўзведзена асобная будыніна. Невялікая, са свежага сасновага брусу, яна ў нечым нагадвае павялічаны вулей. Заходзіш у яго і бачыш стэлаж для экспазіцыі ў выглядзе сотаў. Ва ўсім інтэр’еры пераважае цёпла-мядовы колер. Пахне зёлкамі-меданосамі і проста гаючымі травамі, што развешаны тут у пучках. Старажытнасць пчалярства ўскосна падкрэсліваюць дэкаратыўныя элементы – гардзіны з мешкавіны, а таксама мэбля – драўляны стол з лавамі.

У музеі на відным месцы – фотапартрэт з пасекі ў Старынскім лясніцтве, дзе і сёння працягвае гаспадарыць 85-гадовы Мікалай Ляцко. Мікалай Іосіфавіч усё жыццё жыве на хутары Чорны, на мяжы Стаўбцоўскага і Карэліцкага раёнаў. Да гэтай пары ён, нібы тая пчолка, нястомна рупіцца на пасецы (і сыну Мікалаю прывіў любоў да пчалярства, мае ад яго дапамогу).

Мікалай Ляцко дапамог са зборам некаторых экспанатаў для музея мёду. Займаўся гэтай і іншай карпатлівай працай адносна аздаблення музея намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа. Так, у ліку ўнікальных знаходак – стары дымар. На ім пазначаны год выпуску – 1946. Для параўнання прадстаўлены і адносна сучасны дымар. Розніца ў іх «узросце» складае не менш за паўстагоддзя. Цікава паглядзець на прылады для нацягвання дроту на рамку, амуніцыю пчаляра, прадукцыю пчалярства.

Тое-сёе перадаў у музей і Міхаіл Каўгарэня, патомны пчаляр. Прыцягвае ўвагу яго старая медагонка (1955 год). «Дома пакінуў яшчэ адзін рарытэт – бацькаву калоду», – тлумачыць Міхаіл Антонавіч. Маўляў, няхай сыны бачаць, каб не звяліся ў сям’і пчаляры. У лясгасе, дарэчы, працуе пчаляром і жонка Міхаіла Каўгарэні. У Кляцішчанскім лясніцтве ўжо шмат гадоў шчыруе яшчэ адна сямейная пара пчаляроў – Парашчукі.

А згадка пра калоду для пчол прыводзіць да гістарычнага экскурса аж у ХІХ стагоддзе.

– Раней, калі не было вулляў, пчоламі як займаліся? – задаецца пытаннем Міхаіл Каўгарэня. – Пчолы былі дзікія, і жылі ў дуплах вялікіх дрэў. Чалавек знаходзіў іх і, паведаміўшы пра гэта лесніку, лічыў гэтыя дуплы сваімі. Вясной ён адкрываў дупло, падчышчаў пчаліны падмор. Мёд з мацнейшых калодаў дабаўляў у слабейшыя. Пазней, калі ён знаходзіў гнілое дрэва, то выразаў з яго калоду і прывозіў на свой хутар. Так зараджаўся промысел будучых бортнікаў.        

Міхаіл Каўгарэня падзяліўся з музеем узорамі кармушак уласнай канструкцыі для падкормкі пчол. Згодна з яго задумай, яна можа быць веснавой і восеньскай, каб у залежнасці ад сезона даць пчолам больш цяпла, падкормкі ў выглядзе цукровага сіропу.    

Слухаць пра характар пчол, уласцівасці мёду і траў, над якімі дзумкаюць пчолкі, можна гадзінамі.

І прыгадваць поўныя народнай дасціпнасці і гумару радкі Якуба Коласа з раздзела «Падгляд пчол» паэмы «Новая зямля»:

А колькі ягад і парэчак!

Як пахне мёдам поле грэчак,

Калі пачнуць яны цвісці!..

Ну як тут пчол не завясці:

Ім столькі выгод тут, прастору!

Яшчэ з вясны, у час перабору,

Сюды прывезлі пчол калоду,

Ну, так, між іншым, для заводу.

Але ручыцца сталі пчолкі.

Знайшліся людзі для суполкі…

А потым – пра свята для ўсёй вёскі, радасць працоўнага здабытку і людской згоды.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>