Жывыя героі «Новай зямлі»

Filed under: Нумары,Шлях Коласа |

Я. Колас, застаючыся ў паэме верным прынцыпам дакументальнасці, не мог паставіць дзеля сумежнай рыфмы (Ганна – пастаянна) выдуманае імя. Як успамінаюць сёстры і брат паэта (М. К. Міцкевіч, А. М. Лойка, І. К. Міцкевіч), у сям’і была сястра Ганна. У паўтарагадовым узросце яна памерла. І, відаць, Колас добра помніў яе.

Свайго дзядзьку Юрку, матчынага бацьку, Якуб Колас апісаў у раздзеле «Дзедаў човен». Паэт тут жа дае тлумачэнне, хто такі дзед Юрка:

Перш-наперш Юрка – цесць Міхала,

А стала быць яго сваяк;

Затым – дзед Юрка быў рыбак.

А як дакладна Я. Колас падкрэсліў галоўныя рысы характару свайго дзеда:

Звычайна дзед быў вельмі ціхі,

Не падымаў нідзе шуміхі,

Але быў сталы і разумны,

Такі разважлівы і ўдумны –

Ну, чалавек старога складу,

Калі што скажа, то да ладу,

Але дзе крыўда і махлярства –

Тады дзед меў адно лякарства –

Не паглядзіць ён, хто такі ты:

Хоць чорт, хоць д’ябал знамяніты,

Пляваць яму на тваю масць,

Але ўжо чапаласу дасць.

Адзін на ўсіх пайсці гатовы,

Без разважання, без размовы!

Я. Колас нават уводзіць у паэму любімую прыказку дзеда ў жыцці «Эх, ешча-шчышча! Ешча-шчышча!» Ды і выпадак з дзедам Юркам, апісаны ў паэме, быў сапраўды ў жыцці.

Язэп – сын Юркі, брат маці Я. Коласа – Язэп Лёсік (вядомы грамадскі дзеяч і мовавед).

Аўтабіяграфічнасць Я. Коласа – магутная і жыццядайная крыніца яго творчасці. У паэме «Новая зямля» паэт нават не перайначваў сваіх герояў, называючы імя, прозвішча або вясковыя мянушкі: Янчур, Хрума, Базыль, Яська Базылёў, Антось Тацянін, Карусь Дзівак, Паўлюк Куртаты, Сцяцок, Ракоўскі з-пад Татаркі, Казюк Скарабагаты, Дзямешка, Ксавэры, Табартоўскі, Рыгор, Наста, Амброжык Кубел, Лось, Кандрат, Ян, Дарота, Пятрусь Грыхінін, Рузя, Пшавара, Ратуёвы, Стасечка, Датка, Алесь Чыліноў, Дзямян, Шабас, Баландзіха, Яўхім Вухін, Янка Купала, Анэлька і многія іншыя. А ўсяго – 103 персанажы «Новай зямлі».

Тое ж самае ў назвах населеных пунктаў і родных мясцін: Свержань, Заблонне, Ліпава, Азярко, Мікалаеўшчына, Нясвіж, Затокі, Балотца, Княжое, Горка Дземянова, Камлішча, Случчына, Стоўбцы, Вільня, Чартавіца, Клін, Маргі, Церабяжы… Толькі Альбуць, дзе доўгі час жыла сям’я Міцкевічаў, зменена на прыгожую назву Парэчча.

І ўсё ж, ідучы ад рэальнасці, ад фактаграфічнасці, Якуб Колас, калі гэтага вымагала мастацкая праўда, смела адступаў ад сапраўдных фактаў. Каб пераканацца ў гэтым, вернемся да вобраза Міхала і да сапраўднага бацькі паэта, параўнаем іх з пункту гледжання біяграфічнасці. У чым сапраўдны Міхал адпавядае мастацкаму вобразу Міхала, а ў чым розніцца?

Якуб Колас некалькімі радкамі дае перадгісторыю жыцця Міхала:

Міхал, як толькі ажаніўся,

Тады ж ад бацькі аддзяліўся,

Бо стала цесна. З той прычыны

Хадзіў на сплаў ён, на віціны,

Разоў са два схадзіў у Прусы –

Куды не трапяць беларусы?

Але абрыдла гэта справа,

І адвярнуўся ён ад сплава;

Пайшоў на службу таўкануцца,

Бо дома недзе разгарнуцца.

Паэт, не спяшаючыся, разгортвае перад намі жыццяпіс Міхала:

Наўперад ён праз час каторы

Быў пры падлоўчым на каморы.

Стары ляснічы па-сваему

Цаніў Міхала, як служаку:

Ганяў усюды небараку,

Як бы скаціну тую нему.

Не раз на жалабы Міхала

Ляснічы так казаў, бывала:

– Што ж? добры конь іцягне дужа! –

І не пускаў Міхала з гужа.

Міхал яму рабочых ставіў,

І сенакосы яго правіў,

І догляд меў за панскім статкам…

Па ўспамінах сясцёр і брата Я. Коласа так і пачыналася радаслоўная Міхала Казіміравіча Міцкевіча. Дарэчы, з паэмы прозвішча Міхала мы не ўведваем. Хаця другарадныя персанажы часта ідуць пад сваімі сапраўднымі прозвішчамі.

І ў гэтым – абагульненне, тыпізацыя героя. Алег Лойка, даследуючы паэму «Новая зямля», пісаў: «Імя Міхал, пазбаўленае прозвішча, станавілася агульным іменем. Яно брала на сябе прозвішчы шматлікіх міхалаў і антосяў, такіх жа пакрыўджаных працаўнікоў вёскі, як Міхал і Антось Міцкевічы».

Якуб Колас вядзе далей гісторыю жыцця Міхала:

Яму уважыў пан ляснічы,

І сеў Міхал у страшнай дзічы,

Дзе лес адзін, хмызняк ды поле

Ды ветру посвісты на волі.

І за гэтай зямлёй, «дзе рос сівец ды пырнік густа», не цяжка пазнаць леснічоўку Ласток або Суконшчыну, куды ў сапраўднасці пераехала сям’я Міцкевічаў.

Алесь КАМАРОЎСКІ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>