Згуртаваў фестываль моладзі

0111

Як мы ўжо паведамлялі, з 14 па 22 кастрычніка ў г. Сочы прайшоў ХІХ Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў. У праграме форуму былі заяўлены такія накірункі, як дыскусійны, культурны, спартыўны. Пры тым, што свой удзел пацвердзілі каля 20 тысяч маладых людзей, прадстаўнікоў розных маладзёжных грамадскіх арганізацый і палітычных партый, лідараў студэнцкага самакіравання, маладых журналістаў, вучоных і прадпрымальнікаў, творчай і спартыўнай моладзі, фактычна яго ўдзельнікамі стала значна большая колькасць моладзі.

Асобнай дэлегацыяй была прадстаўлена і Рэспубліка Беларусь. У яе склад увайшлі і трое прадстаўнікоў маладзёжнага руху Стаўбцоўшчыны: загадчыца Вішнявецкай амбулаторыі Наталля Пучко, намеснік начальніка службы Стаўбцоўскіх электрасетак Дзяніс Пашкевіч і культработнік Анастасія Усевіч.  

Ход форуму шырока асвятляўся ў сродках масавай інфармацыі Беларусі і іншых краін. Нават з экрана тэлевізара гэта выглядала як захапляльнае відовішча з грандыёзным размахам і гістарычнымі наступствамі. Мы папрасілі дэлегатаў Стаўбцоўшчыны перадаць свае асабістыя ўражанні ад паездкі.

Наталля Пучко: «Часцінку Беларусі пакінулі ў Сочы»

Браць удзел у фестывалі моладзі – гэта здорава! Насамрэч такі шанц выпадае рэдка. Я вярнулася з масай уражанняў, безліччу новых знаёмых. Усе просяць расказаць пра фестываль. І расказаць ёсць што.

13-га кастрычніка, напярэдадні адлёту ў Сочы, дэлегацыя Мінскай вобласці сабралася ў аблвыканкаме. Мы пазнаёміліся паміж сабою, і з кожным з нас пагутарыў намеснік старшыні аблвыканкама. В. І. Сірэнка. Пажаданнямі ўдачы праводзіў дэлегацыю рэспублікі віцэ-прэм’ер В. І. Жарко.

Фестывальны Сочы сустрэў нас добрым надвор’ем. І, трэба сказаць, нашу моладзь адразу прыкмецілі. Ва ўсіх – аднолькавая спартыўная і дзелавая форма, вельмі сучасная, стыльная. Арганізатары ўручылі кожнаму з удзельнікаў мабільны тэлефон з сім-картай для бясплатных званкоў па ўсёй Расіі. Бясплатны інтэрнэт. Мабільныя тэлефоны і фірменнае адзенне фестывалю засталіся нам на памяць.

Адкрыццё фестывалю стала грандыёзным шоу, якога ніхто не чакаў. Феерычнае выступленне было і інтэрактыўным, з удзелам кожнага. З 16-га кастрычніка пачаліся мерапрыемствы. У галоўным медыяцэнтры размясціліся пляцоўкі кожнай краіны. Наведваючы іх, мы больш даведваліся пра тую ці іншую краіну, дзяліліся вопытам, абменьваліся сувенірнымі магнітамі, пакідалі пажаданні ў кнізе. Нас клікалі пляцоўкі – ад творчых, самабытных, да высокатэхналагічных. Працавалі разнастайныя майстар-класы. Я прыняла ўдзел у адным з іх – па фларыстыцы. А ў цэлым чаго толькі ні вымайстроўвалі сваімі рукамі ўдзельнікі фестывалю! З гліны мы зляпілі слова «Беларусь» і васількі, каб пакінуць гэтую часцінку нашай краіны ў Сочы. На спартыўнай пляцоўцы было шматлюдна і азартна. Каб наведаць усё, не хапіла б, напэўна, і некалькі тыдняў…

Як медык, я наведала лекцыі-дыскусіі па медыцыне, валанцёрскім руху, брала ўдзел у прэзентацыі праектаў. Фестываль запомніўся сустрэчамі з многімі вядомымі асобамі, таленавітымі акцёрамі і рэжысёрамі. Да аўстралійскага матывацыйнага аратара, чалавека моцнай волі Ніка Вуйчыча выстраілася чарга. Яго выступленне трансліравалі на экранах на вуліцы. Я люблю творчасць сучаснага французскага пісьменніка Фрэдэрыка Бегбедэра, і якраз яго запрасілі выступіць на фестывалі.

Пабывалі на Чырвонай Паляне, і разам з гэтай экскурсіяй здзейснілі вандроўку з лета ў зіму, узняліся на самую высокую кропку гарналыжнага курорта «Роза Хутар». Сочынскі парк атракцыёнаў уваходзіць у 25 лепшых еўрапейскіх паркаў, і мы апробавалі там гравітацыйную горку, самую экстрэмальную ў Расіі.

Анастасія Усевіч: «Увесь тыдзень – актыўны, пазітыўны»        

Мая мара ажыццявілася! Я была сярод удзельнікаў ХІХ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Сочы. Яшчэ ў сакавіку я запоўніла заяўку і спадзявалася, што мне ўдасца туды трапіць.

Самая яркая і запамінальная падзея фестывалю – яго адкрыццё. Як рэжысёру тэатралізаваных прадстаўленняў, мне было цікава назіраць за рэжысёрскай задумкай і канцэпцыяй. Гэта быў не проста канцэрт з зоркамі расійскай эстрады, а гісторыі людзей, якімі можа ганарыцца ўся планета. Больш за ўсё я запомніла гісторыю доктара з Інданэзіі, які стварыў «смеццевае» медыцынскае страхаванне. Гэта выглядае так, што тыя, у каго няма сродкаў на лячэнне, «абменьваюць» смецце на бясплатную медыцынскую дапамогу.  

Паглядзела шоу робатаў, ляпіла з гліны, наведала майстар-клас па стварэнні абручоў з жывымі кветкамі. Удзельнічала ў стварэнні інсталяцыі «Рукі фестывалю». Кожны дзень быў непадобны на папярэднія, і ўвесь тыдзень аказаўся актыўным, пазітыўным. Лічу, што асноўнай ідэяй фестывалю было з’яднаць народы, зрабіць моладзь з розных краін адной вялікай дружнай сям’ёй, гатовай падзяліцца свежымі ідэямі і поглядамі на будучае.

Дзяніс Пашкевіч: «З намі, беларусамі, хацелі сфатаграфавацца»

Мяне ўразіў маштаб фестывалю. Фактычна гэта каля 23-х тысяч удзельнікаў і трох тысяч валанцёраў. Валанцёры былі замацаваны і за нашай беларускай дэлегацыяй і пры неабходнасці ва ўсім аказвалі дапамогу. Фестываль адбываўся ў алімпійскай вёсцы. Умовы – шыкоўныя. Сэрвіс – на выдатным узроўні. Для нас усё было поўнасцю бясплатна. Вада ў Чорным моры аказалася бадзёрай, але неверагодна прыемнай.

У дэлегацыю Мінскай вобласці ўваходзілі 22 чалавекі, у дэлегацыю рэспублікі – 300 чалавек. Сярод іх – прадстаўнікі БРСМ, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Мяне рэкамендаваў раённы камітэт БРСМ, за што я вельмі ўдзячны. Удзел у фестывалі – гэта падзея на ўсё жыццё, якая матывуе да актыўнага грамадскага жыцця.

Спачатку не верылася, што буду ўключаны у састаў дэлегацыі (на Стаўбцоўшчыне дастаткова актыўных маладых людзей), але калі пазванілі і пачалі цікавіцца памерамі адзення, абутку, з’явілася надзея. Для кожнага з нас былі пашыты два віды касцюмаў – афіцыйны і спартыўны. Яны аздоблены дзяржаўнай сімволікай, нацыянальным арнаментам. Нам іх, дарэчы, пакінулі ў падарунак. Касцюмы пашыты па-суперску! Стыльныя, прыгожыя. Кожны дзень да нас па сто разоў падыходзілі з кампліментамі і прасілі разам сфатаграфавацца.

Праграма фестывалю – насычаная. Працавалі дыскусійныя пляцоўкі па медыцыне, рабататэхніцы, віртуальнай рэальнасці і т. п. І кожны ішоў туды, дзе яму цікава. Я адправіўся на сустрэчу з капітанам каманды ў клубе інтэлектуальных гульняў «Што? Дзе? Калі?» Алесем Мухіным. Пабываў на сустрэчы з У. В. Жырыноўскім. На пляцоўцы, дзе наша дэлегацыя прадстаўляла Беларусь, «пахварэў» за аўтараў праекта «100 ідэй для Беларусі».

У адзін з дзён дэлегаты ад Міншчыны пачалі спяваць каля беларускага стэнда песні з рэпертуара ансамбля «Песняры». Сабралі цэлы натоўп слухачоў. Падчас закрыцця фестывалю дэлегатам ад Мінскай вобласці выпала спяваць па адным радку заключнай песні.

Паўсюдна ішла камунікацыя, абмен вопытам. Гучалі руская, англійская мовы… Праз тры дні кантактаў прыдаўся мой паўзабыты са школы англійскі. Па- англійску нават даваў інтэрв’ю дацкай студэнтцы, якая піша дыпломную работу і цікавілася Беларуссю, саюзнымі адносінамі Беларусі і Расіі. У мяне з’явіліся новыя знаёмыя, з якімі звязваюць агульныя інтарэсы. Наладзілася перапіска.

А дома, першае пытанне, якое мне задаюць знаёмыя падчас сустрэчы, – пра Сочы. Стараюся расказаць сцісла, коратка, а выходзіць не менш чым на паўгадзіны…          

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>