Цяпло не пакіне твае берагі

Filed under: Нумары,Шлях Коласа |

0411e

Гэта радок з верша Яўгена Карпуця, прысвечанага Анатолю Грэкаву. Напярэдадні святкавання 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа ў дзіцячай бібліятэцы, якая носіць імя песняра, адбылося адкрыццё выставы кніг з уласнай бібліятэкі сям’і Грэкавых. Ужо амаль пяць гадоў, як Анатоля Васільевіча няма разам з намі, але пра яго памятаюць у раёне, таму што той след, які ён пакінуў у развіцці культуры раёна, папулярызацыі і захаванні творчай спадчыны Якуба Коласа, вельмі важкі.

Аб гэтым гаварылі ўдзельнікі ўрачыстасці. Адкрыла яе дырэктар раённай дзіцячай бібліятэкі Алена Асаёнак. Яна добрым словам успомніла сваю папярэдніцу Наталлю Даўлюд, якая на пасадзе дырэктара дзіцячай бібліятэкі запланавала такую выставу. Ініцыятарам гэтай урачыстасці стала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Суднік.

Удава Анатоля Грэкава Галіна Іосіфаўна падарыла бібліятэцы 100 кніг з аўтографамі і дароўнымі надпісамі з уласнай бібліятэкі. Яна расказала прысутным, што гэтая калекцыя пачалася з 1972 года, са студэнцкага жыцця Анатоля Васільевіча. За гады работы загадчыкам аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама ён меў стасункі з многімі дзеячамі культуры не толькі нашай краіны, але і замежжа. Плёнам яго гарэння на рабочым месцы з’яўляюцца шматлікія інавацыйныя праекты па захаванні творчасці Якуба Коласа. Гэта і ўстаноўка камянёў-валуноў з надпісамі, і зацвярджэнне рэспубліканскага свята «Каласавіны», якое ў гэтым юбілейным для Коласа годзе праходзіць 30-ы раз, і калекцыя драўляных скульптур «Шлях Коласа», і кніжная серыя «Мне сонцам свеціць Наднямонне», і алея дрэў у Смольні, і дзіцячыя мастацкія конкурсы, пленэры, фестывалі… Пералік гэты можна падаўжаць.

– Матэрыялы, сабраныя ім за гады работы на Стаўбцоўшчыне, настолькі багатыя і ўнікальныя, што гэта ўжо не толькі скарбніца нашай сям’і, але і ўсяго раёна, – гаворыць Галіна Іосіфаўна.– Раней я перадала ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс калекцыю спартыўных значкоў, вымпелаў, таксама аўтографаў. Цяпер вось перадаю ў дар бібліятэцы сто кніг з аўтографамі. На вокладках надпісы Марка Фрадкіна, Георгія Віцына, Яўгена Маргунова, Інакенція Смактуноўскага, Людмілы Хіцяевай, Уладзіміра Мулявіна і ўсіх членаў ансамбля «Песняры» і многіх іншых знакамітых у сферы культуры і мастацтва людзей. Дароўныя подпісы вядомых людзей у пэўнай меры характарызуюць Анатоля Васільевіча, даюць ацэнку таму, які ўнёсак ён зрабіў у развіццё культуры Стаўбцоўскага раёна. Удзячная ўсім за такую светлую памяць аб ім. Ён некалі быў шчаслівы тым, што яму давялося працаваць на культурнай ніве на багатай на таленты Стаўбцоўскай зямлі. Мне вельмі прыемна быць на гэтай урачыстасці, як і на той, што прайшла два гады назад у раённым Цэнтры культуры ў Дзмітрыеўскую бацькоўскую суботу, дзе былі з любоўю перагорнуты старонкі жыцця і дзейнасці Анатоля Грэкава. Спадзяюся, што калекцыя кніг з аўтографамі будзе прынята ў архіўную скарбніцу раёна. Гэтыя кнігі – літаратурныя творы як нашых землякоў, так і іншых пісьменнікаў і паэтаў.

Кранальна цёплымі і шаноўнымі былі ўспаміны пра Анатоля Васільевіча беларускага пісьменніка, земляка Якуба Коласа Яўгена Хвалея. Ён перадаў усім паклон ад Міколы Маляўкі, Алеся Камароўскага, Генрыха Далідовіча, якія меліся прыехаць на гэтую ўрачыстасць, але па важкіх прычынах не змаглі. Аднак перадалі вельмі цёплыя словы ў памяць пра Анатоля Грэкава, згадалі, што яму да ўсяго, што датычыла творчасці Якуба Коласа, была справа, ён усяк падтрымліваў паэтаў-землякоў, і ў кожны прыезд на радзіму яны стараліся пабачыцца з Анатолем Васільевічам. Яўген Хвалей сказаў, што ўсе 20 з лішнім выдадзеных кніг, якія выйшлі з-пад яго пяра, таксама былі перададзены Анатолю Грэкаву з

дароўным подпісам. Яўген Іванавіч адзначыў вялікі ўклад Анатоля Грэкава ў захаванне бібліяграфічнай і творчай спадчыны Якуба Коласа. Прынёс на сустрэчу здымкі з сямейнага архіва, якія нагадалі ўсім творчага, нераўнадушнага, актыўнага Анатоля Грэкава. Прагучалі творы з прысвячэннем.

Яўген Карпуць – зямляк Анатоля Грэкава па малой радзіме: абодва яны з Гродзеншчыны. Яўген Вікенцьевіч перадаў Галіне Грэкавай шэсць сваіх вершаў, прысвечаных Анатолю Васільевічу, некаторыя з іх зачытаў.

Лідзія Адамовіч таксама знайшла сардэчныя словы ўспамінаў і выказала пажаданне, каб была адноўлена дзейнасць літаратурна-музычнага аб’яднання «Аўтограф», заснавальнікам якога таксама быў Анатоль Грэкаў.

Выхаванцы тэатральнага аддзялення Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам педагога Галіны Грэкавай пачыталі вершы Якуба Коласа. Узорны калектыў народнай песні «Вясёлы падворак» гэтай жа школы мастацтваў, якім кіруе Надзея Зубовіч, выканаў беларускія творы.

Святлана ЖЫБУЛЬ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>