Няхай вам шчасцем свецяць дні

Filed under: Нумары,Шлях Коласа |

1111a

Гэтыя Коласавы паэтычныя радкі прагучалі ў выступленні дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіды Камароўскай падчас урачыстасці ў Мікалаеўшчыне каля помніка народнаму песняру. А спачатку была цёплая сустрэча гасцей, удзельнікаў Рэспубліканскага літаратурна-музычнага свята «Каласавіны» ў нашых Стоўбцах.

Мікрараён Акінчыцы сёння ў межах райцэнтра. 135 гадоў таму тут, у былым засценку, у хаціне лесніка нарадзіўся чалавек, які праславіў і наш родны кут, і ўсю Айчыну. Зінаіда Камароўская пры адкрыцці свята згадала аб гэтым. Яна падкрэсліла, што напярэдадні ў Мінску адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Каласавіны-2017″, у якой прынялі ўдзел даследчыкі творчасці народнага пісьменніка з усіх рэгіёнаў краіны і з-за мяжы, некаторыя з іх прыехалі ў складзе дэлегацыі на радзіму песняра.

А першае слова ў своеасаблівай паэтычнай імпрэзе – землякам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі: Яўгену Хвалею, які прачытаў свой верш «Акінчыцы», а затым, падчас працягу літаратурнай праграмы на музейных сядзібах, – Дзмітрыю Дземідовічу, Алесю Камароўскаму, Казіміру Камейшу. Свае новыя вершы яны прысвяцілі Якубу Коласу.

А ў Акінчыцах, як належыць, – паклон калысцы песняра. Прывітанні гасцям, уваход у хату, дзе маленькі Кастусь упершыню ўбачыў свет. Старшы навуковы супрацоўнік філіялаў на Стаўбцоўшчыне Софія Міцкевіч, як заўсёды, жыва, цікава апавядае, даносіць розныя моманты біяграфіі песняра, найперш звязаныя з ягоным дзяцінствам у родным куце.

Змястоўны, цікавы расказ Софіі Пятроўны і ў Альбуці, дзе ў адноўленай хаце створана літаратурна-мемарыяльная экспазіцыя па матывах «Новай зямлі». Госці, якія не ўпершыню наведваюць і гэтую музейную сядзібу, адзначаюць новае. Так, да экспазіцыі вясковага побыту дабаўлены і музейны паказ узораў прыроды наднёманскага кутка Беларусі. Сапраўды, з пошуму бароў, сонечных водбліскаў ад плыні срэбраводнага Нёмана збіраў вялікі творца свой паэтычны скарб.

Доўжыцца «Шлях Коласа». Падчас паездкі ўсе звяртаюць увагу на драўляныя скульптуры мастацка-мемарыяльнага комплексу, многія з якіх падноўлены да свята. Дарога скіроўвае да блізкага берага Нёмана, у Смольню. Менавіта тут паўстагоддзя таму прыняў першых наведвальнікаў філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Хвалююча заходзіць і ў гэты двухпавярховы будынак, дзе таксама, здаецца, прысутнічае дух песняра, дзе змешчаны ягоныя асабістыя рэчы і ўзоры выданняў кніг на мовах народаў свету.

Мікалаеўшчына. Да помніка песняру ўскладаюцца жывыя кветкі. Зінаіда Камароўская і першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах прадстаўляюць гасцей, усхвалявана гучаць іх словы пра Коласа. «Мне здаецца, што сёлетняе свята мае адметнасць – святкаванне юбілею песняра не толькі ў Беларусі, – адзначае намеснік старшыні фонду культуры Анатоль Бутэвіч. – Колас запатрабаваны далёка за межамі нашай краіны. Як і Купала, Багдановіч. І мы, беларусы, маем чым ганарыцца».

Сапраўды, з творчым падарункам прыехалі да нас расійскія сябры, літаратары з Санкт-Пецярбурга. Здзейснены пераклад на рускую мову ўсіх пяці раздзелаў паэмы «Сымон-музыка». Апладысменты за гэтую ўдзячную справу перакладчыку Сяргею Порахаву. На мовах народаў Каўказа загучаў празаічны твор Якуба Коласа «Хмарка». І гэта было добрай весткай ад гасцей з Дагестана Керымхана Умаханава і Марата Гаджыева. Чытаюць Коласа на роднай мове і ў Арменіі. Аб гэтым гаварыў Ганад Чарказян, у выкананні якога хораша прагучалі і па-армянску паэтычныя радкі. «Слова Коласа ва ўсім свеце, – падагуліла Алена Стэльмах. – А калі ведаюць нашу літаратуру, то ведаюць і нашу краіну, паважаюць наш народ».

Хвалюючы момант, калі ля помніка песняру хораша чыталі вершы вучні Мікалаеўшчынскай школы. Менавіта Колас, як паказаў конкурс «Жывое слова», у ліку самых запатрабаваных аўтараў у малых чытачоў.

Заключным акордам свята стала вечарына ў раённым Цэнтры культуры. Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель зачытаў прывітанне ад кіраўніка раёна Юрыя Горлава. Былі перададзены таксама віншаванні з юбілейнай датай ад міністра культуры Беларусі Юрыя Бондара. Галоўны дырэктар замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальпяровіч таксама выказаў пажаданні ад радыёслухачоў.

У ліку паважаных гасцей былі і сябры музея Якуба Коласа з Літвы. А таксама мастакі, скульптары. Увасабляюць у творчасці і воблік песняра, і матывы спадчыны Коласа Іван Міско, Міхаіл Канцавы, Сяргей Кляшчук.

А вечарам са сцэны раённага Цэнтра культуры гучалі музыка, песні, вершы ў выкананні знакамітых калектываў Беларусі – дзяржаўнага ансамбля «Песняры» і Віцебскага акадэмічнага тэатра Якуба Коласа. Святочны настрой стваралі падчас праграмы «Каласавіны-2017″ на Стаўбцоўшчыне народныя калектывы «Берагіні», «Жавароначкі», «Кругліца», «Дольніца», «Коласавы землякі». На музейных сядзібах ладзіліся выставы майстроў народнай творчасці. Адным словам, многія пастараліся, каб свята ў родным куце песняра ўдалося. Мы жывём на зямлі Коласа – гэта і гонар, і наш абавязак.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>