Планы маладых

1111f

АБМЕРКАВАЛІ ПРАБЛЕМЫ, ПАДЗЯЛІЛІСЯ ВОПЫТАМ

На базе аздараўленчага комплексу «Беліна» ДУ «Барысаўскі фізкультурна-аздараўленчы цэнтр» прайшоў VІІ Мінскі абласны форум маладых спецыялістаў, у якім прынялі ўдзел больш за 90 чалавек. Правядзенне такіх мерапрыемстваў стала добрай традыцыяй. Ад нашага раёна на форум былі дэлегаваны чатыры маладыя спецыялісты: інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парку ААТ «Вішнявецкі-агра» Павел Пранукевіч, эканаміст ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Дар’я Усціновіч, загадчык гаража ААТ «Агранёманскі» Аляксей Раткевіч і інжынер па ахове працы ААТ «Вялікі Двор» Вадзім Аўрамаў. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч, якая таксама прымала ўдзел у мерапрыемстве, адзначыла, што ўсе яны актыўныя, адказныя і добрыя спецыялісты. Аляксей Раткевіч і Вадзім Аўрамаў у асенні прызыў ідуць служыць у армію. Жадаем ім паспяховай службы і абавязковага вяртання на працу ў свае гаспадаркі.

Адкрыў форум намеснік старшыні Мінскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Пётр Окунеў. Пётр Максімавіч адзначыў, што адной з праблем, ад якой залежыць эфектыўнасць паспяховай работы аграпрамысловага комплексу, з’яўляецца забеспячэнне галіны высокакваліфікаванымі кадрамі спецыялістаў. Абкам прафсаюза аказваў і аказвае пастаянную падтрымку і садзейнічае прафесіянальнаму станаўленню і развіццю творчага патэнцыялу маладых.

Згодна з праграмай форуму перад маладымі спецыялістамі выступілі намеснік старшыні абласнога аграпрамысловага саюза Генрых Місюк, які азнаёміў прысутных з кадравай палітыкай у аграпрамысловым комплексе вобласці. Галоўны прававы інспектар працы абкама прафсаюза работнікаў АПК Кірыл Азаранка спыніўся на актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнай абароны маладых спецыялістаў. Старшы выкладчык міжнароднага ўніверсітэта «МИТСО» Таццяна Пласцініна гаварыла аб тым, як пазбегнуць эмацыянальнага выгарання ў працэсе працоўнай дзейнасці.

Падчас работы круглага стала, у якім прыняў удзел старшыня Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў, гаварылася аб тым, што трэба зрабіць, каб затрымаць маладога спецыяліста на вёсцы, і што з’яўляецца асноўнай прычынай высокай цякучасці кадраў у сельгасарганізацыях. Традыцыйна было праведзена анкетаванне па праблемах, якія хвалююць маладых спецыялістаў.

У рамках культурнай праграмы ўдзельнікі форуму наведалі дзяржаўную спартыўную ўстанову «Барысаў-Арэна», азнаёміліся з гісторыяй яе стварэння і будаўніцтва.

На здымку: (злева направа) Аляксей Раткевіч, Дар’я Усціновіч, Вадзім Аўрамаў і Павел Пранукевіч.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

 

ПАВЕСТКІ – ПРЫЗЫЎНІКАМ, ГРАМАТЫ – ДАПРЫЗЫЎНОЙ МОЛАДЗІ

У гэтым асеннім прызыве адабраны для праходжанны тэрміновай ваеннай службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь каля 100 прызыўнікоў Стаўбцоўшчыны. Адпраўкі іх у войска – з 9 па 24 лістапада.

Павесткі прызыўнікам уручыў раённы ваенны камісар Аляксей Дзядкоў. Хлопцам выказаны пажаданні служыць годна, каб не было сорамна ні іхнім сем’ям, ні раёну ў цэлым. Наказ ад землякоў трэба выконваць.

– У гэтым прызыве пераважная большасць хлопцаў – з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Яны маюць рабочыя спецыяльнасці і ўжо паспелі папрацаваць па выбраных прафесіях. Гэтыя хлопцы папоўняць сілы спецыяльных аперацый, войскі МУС Рэспублікі Беларусь, аб’яднаны вучэбны цэнтр і іншыя роды войскаў, – адзначыў начальнік групы прызыву Аляксей Луцэвіч. – Асаблівасць прызыву – у камплектацыі Узброеных Сіл, якой будуць займацца пераважна прадстаўнікі ваенкамата, а не воінскіх часцей, як гэта было раней.    

На ўрачыстасці ў райваенкамаце прысутнічаў і кіраўнік клуба баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны» Рыгор Мамайка разам са сваімі выхаванцамі. Самым настойлівым з іх за дасягнутыя поспехі ў дапрызыўной падрыхтоўцы Рыгор Андрэевіч уручыў граматы.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>