У супрацоўніцтве здымаюцца бар’еры

Filed under: Нумары,Соцыум |

Падчас месячніка «Белы кій», які традыцыйна завяршаецца 15-га лістапада, на Стаўбцоўшчыне прайшоў сход раённай арганізацыі інвалідаў па зроку.

Людзей невідушчых і якія слаба бачаць сабралася ў актавай зале тэрытарыяльнага цэнтра нямала, і кожнаму, хто прыйшоў на сход, не зважаючы на свае балячкі, старшыня раённай арганізацыі Аляксандр Клімаш сказаў дзякуй, а пасля сустрэчы запрасіў на агульнае чаяпіцце. Гэтая грамадская арганізацыя папоўнілася сёлета трыма новымі членамі, і ім ён уручыў членскія білеты, прычым разам з адмысловымі талонамі для наведвання раённага афтальмолага.    

Падобная «льгота» для членаў арганізацыі дзейнічае з мінулага года ў выніку супрацоўніцтва раённай арганізацыі і адміністрацыі цэнтральнай раённай бальніцы. Яно працягваецца. У ЦРБ для стварэння безбар’ернага асяроддзя зроблены больш прыкметнымі першая і апошняя прыступкі лесвіц (пафарбаваны ў жоўты колер), на ўваходах у карпусы з’явіліся адмысловыя тактыльныя дыванкі. Галоўнае – з 1-га жніўня ў паліклініцы працуюць ужо два ўрачы-афтальмолагі, прыём яны вядуць пазменна. Для ўладальнікаў адмысловых талонаў прадугледжаны пэўныя гадзіны прыёму. Раз на год яны маюць права выклікаць урача-афтальмолага дадому, каб скарэкціраваць лячэнне і т. п.

Інваліды па зроку, карыстаючыся прысутнасцю ўрача-афтальмолага Дар’і Трубіной і намесніка галоўнага ўрача бальніцы Іны Кукота, задалі пытанні, у тым ліку асабістага характару, і атрымалі на іх кампетэнтныя адказы. Людзей хвалявала, як замяніць кій, набыць лупу, стаць на ўлік да акуліста пры змене месца жыхарства, атрымаць інвалідную каляску. Былі выказаны і пажаданні, каб надпісы на дзвярах кабінетаў паліклінікі, асабліва графікі прыёму, былі большых памераў. Органам мясцовай улады адрасавана пытанне адносна ўстаноўкі ў горадзе дадатковых гукавых святлафораў.      

Іна Кукота праінфармавала, што за дзевяць месяцаў бягучага года ўпершыню прызнаны інвалідамі па зроку яшчэ сем жыхароў раёна, у тым ліку чатыры – у працаздольным узросце і адно дзіця, якое атрымала траўму вока. Усяго ў ЦРБ на ўліку 172 інваліды па зроку (44 – інваліды І групы, 53 – ІІ групы, 67 – ІІІ групы) і восем дзяцей з рознымі ступенямі страты здароўя. Па заключэнні ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі дзевяць чалавек прайшлі ў бягучым годзе рэабілітацыю ў спецыялізаваным санаторыі «Пад’ельнікі», двое атрымалі танометры з агучваннем вынікаў, двое – кіі.    

Аляксандр Клімаш, трымаючы справаздачу перад членамі арганізацыі і разважаючы пра яе надзённыя клопаты, запрасіў жадаючых прыняць удзел у выстаўцы выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якая аб’яўлена ў рамках месячніка на прадпрыемстве «Светоприбор». У Стоўбцах, дзякуючы супрацоўніцтву з раённым Цэнтрам культуры, інваліды па зроку могуць бясплатна наведваць канцэрты і выступленні вядомых артыстаў, што прыязджаюць да нас на гастролі. Прагучала прапанова да тых, хто мае магчымасць, узяць для дамашняга прагляду фільмы, падрыхтаваныя офісам па абароне правоў людзей з інваліднасцю.

Аднаму з членаў арганізацыі старшыня ўручыў сім-карты мабільнага аператара Лайф, які палічыў забеспячэнне бясплатнай карпаратыўнай сувязі для члена раённай арганізацыі і яго сям’і сваёй сацыяльнай адказнасцю. «Шмат заявак ужо выканана, і іх можна падаваць усім жадаючым», – падкрэсліў Аляксандр Клімаш.    

Арганізацыя інвалідаў па зроку – у ліку старэйшых грамадскіх арганізацый. Яе кіраўніцтва прыкладае намаганні, каб вырашаць пытанні сваіх членаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>