Пошта «Праменя»

pisma

ЗАГАДКАВЫ КОСМАС

У Мінску праходзіў VII Беларускі касмічны кангрэс з удзелам зоркавых персон планетарнага маштабу. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі арганізуюць пленарныя пасяджэнні з абмеркаваннем важнейшых для ракетна-касмічнай дзейнасці пытанняў.

Гасцям кангрэсу паказалі экспазіцыю работ выхаванцаў народнай студыі «Раніца» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Тэма космасу фантастычна-загадкавая. Юныя мастакі прадставілі свет космасу ў самых нечаканых кампазіцыях і колеравых рашэннях.

Работы Данііла Жданко, Вячаслава Горлава, Надзеі Харламавай, Івана Высоцкага адзначаны дыпломамі Акадэміі навук.

Святлана КАЛКОЎСКАЯ,кіраўнік народнай студыі «Раніца»

 

НА КАНІКУЛАХ – У ЛАГЕРЫ

Канікулы павінны праходзіць не толькі весела, але бяспечна і карысна. З мэтай аздараўлення і занятасці падчас восеньскіх канікул для вучняў пачатковых класаў нашай школы быў заснаваны лагер. 95 вучняў запісаліся ў лагер.

Быў распрацаваны творча-гульнявы праект пад назвай ,,Здаровым быць выдатна!» з мэтай актыўнага адпачынку дзяцей і авалодання імі асновамі здаровага ладу жыцця.

Кожны дзень праходзілі розныя конкурсы з цікавымі назвамі, напрыклад: станцыі «Восеньская палітра», «Вітамінавая» і іншыя. Дзеці выконвалі розныя заданні, за якія атрымлівалі сувеніры.

Адпачынак у лагеры – гэта заўсёды нешта новае, цікавае і вясёлае. Можна знайсці сяброў, набыць пэўныя веды.

Ульяна МІЛАШЭЎСКАЯ,вучаніца СШ № 3 г. Стоўбцы

 

У АБНОЎЛЕНЫМ ХРАМЕ

Прыемна адзначыць, што сучасныя жыццёвыя рэаліі патрабуюць ад многіх людзей не толькі матэрыяльнага дабрабыту, але, што не менш важна, і ўзбагачэння іх духоўнай сталасці.

Яскравым прыкладам у гэтым накірунку з’яўляецца той факт, як шаноўна нашы землякі ставяцца да праваслаўнай веры. І гэты момант пацвярджае, што ў чалавечай свядомасці царкоўныя каштоўнасці набываюць найбольш высокія ступені, чым раней.

У Велікадворскай царкве, якая асвечана ў гонар іконы Божай Маці «Неўпіваемая чаша», вернікі значна «памаладзелі». Цяпер у нашым храме можна ўбачыць не толькі пажылых людзей, але і моладзь, бацькі прыводзяць да Прычасця сваіх дзяцей.

Шмат гадоў Божы храм прымае пад свой святы пакроў працаўнікоў-велікадворцаў. Вернікі стараюцца беражліва клапаціцца аб святыні на роднай зямлі. Вось і ў гэтым годзе за сабраныя вяскоўцамі ахвяраванні і з дапамогай дырэктара ААТ «Вялікі Двор» Вольгі Луцык, якая была ініцыятарам узвядзення храма на тэрыторыі гаспадаркі і аказала вялікае садзейнічанне ў яго будаўніцтве, праведзены рамонт царквы.

Будынак набыў абноўлены выгляд. Пафарбаваны фасад надаў храму прыгажосць, што радуе вока і стварае непаўторны пейзаж у навакольным асяроддзі.

Непазнавальна змяніўся і ўнутраны выгляд храма. Замест драўлянай падлогі цяпер ляжыць сучасная прыгожая плітка з узорам. Светлы колер набылі сцены і купал, з’явілася шмат новых ікон. У царкве цяпер цёпла і ўтульна: кіраўніцтва мясцовага сельскагаспадарчага таварыства дапамагло набыць сучасны кацёл на цвёрдым паліве. Падсвечнікі адліваюць золатам, усё так прыемна, свята, што настройвае на малітву і шаноўныя адносіны да святыні.

Вялікую арганізатарскую работу па правядзенні якаснага рамонту правёў настаяцель храма айцец Генадзій Кійко. Вялікай падзякі заслужылі майстры, якія працавалі.

У дзень Пакрова Прасвятой Багародзіцы на службу сабралася вернікаў намнога больш, чым раней. І гэта добры знак, што ўсё больш людзей маюць патрэбу ў Слове Божым, з малітвай ідуць у храм Божы, удзельнічаюць у богаслужэннях, каб дараваць сваю любоў і міласэрнасць да блізкіх і сяброў, да вечных Гасподніх ісцін.

Мне вельмі прыемна бачыць сярод прыхаджан храма сваіх былых вучняў. Некаторыя з іх, як Мікалай Стэльмах, Леанід Гунько, Тамара Гунько, Віктар Міцюля, актыўна дапамагаюць у храме, некаторыя – у алтары.

Хачу прысвяціць нашаму храму вершаваныя радкі:

У храм збіраюцца людзі,

Каб душу ачысціць, бо тут

Малітва іх сэрца абудзіць

І вызначыць лёсу маршрут.

Анёлы з вышынь паднябесных

Нясуць нам надзеі святло,

Каб Божая Маці ўсіх грэшных

Святым агарнула крылом.

Малітву чытаюць і ў працы,

Хто з верай Гасподняй жыве.

Даброты не могуць стварацца,

Калі ачарсцвеў чалавек.

Малітва – духоўная споведзь,

Яна – як жыццёвы маяк,

Вякоў з пакаленнямі повязь,

Адметны душэўнасці знак.

Адам ГРЫНКЕВІЧ, в. Вялікі Двор

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>