Ахова дзяцінства

Filed under: Нумары,Увага - дзецям |

1111j

УРАДЖАЙ ДАБРАЧЫННАСЦІ

Восень – пара, калі ў Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі ГА «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» падлічваюць свой «ураджай» дабрачыннасці.

Як і ў мінулыя гады, ураджаем бульбы, морквы, сталовых буракоў і збожжа для вядзення падсобнай гаспадаркі падзяліліся з пярвічнай арганізацыяй гаспадаркі раёна. Яе старшыня Ніна Ганісеўская выказвае за гэта ўдзячнасць ад сем’яў дырэкцыям ААТ «Агранёманскі», СФГ «Сула», ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Жацерава», а таксама індывідуальнаму прадпрымальніку Сяргею Пяткевічу, які прадаставіў транспарт для дастаўкі гародніны. Добрыя памкненні і справы застануцца ў сэрцах і абавязкова прарастуць новымі парасткамі.

З году ў год непрыкметна падрастаюць і дзеці. Для пярвічнай арганізацыі стала радаснай падзеяй, што сёлета трое яе выхаванцаў пайшлі разам са сваімі равеснікамі ў першы клас агульнаадукацыйнай школы. Акрамя таго, дзяўчына паступіла на першы курс ВНУ. У сувязі з гэтым салон свяцільнікаў з Мінска кожнаму з іх для добрага навучання падараваў сучасную светадыёдную лямпу.

Восень у пярвічнай арганізацыі адметная і для матуляў. Ніна Ганісеўская запрасіла іх на святкаванне Дня маці. Пакінуўшы сваіх дзяцей пад наглядам іншых членаў сям’і, яны сабраліся у «Піцэрыі «Ветразь». Розныя конкурсы і ролевыя гульні дапамаглі забыцца на некаторы час пра штодзённыя турботы, ад душы пасмяяцца і нават больш даведацца адзін пра аднаго.

Ужо цяпер у пярвічнай арганізацыі пачалі падрыхтоўку да калядных святаў. Вядзецца пошук спонсараў і падарункаў, распрацоўваюцца планы дабрачынных акцый, таму што ўсе дзеці чакаюць цуда. Калі ў каго ёсць жаданне і магчымасць аказаць дапамогу, сродкі можна пералічыць на разліковы рахунак № BY13АКВВ30150624087386000000 ААТ «ААБ Беларусбанк» г. Стоўбцы, філіял 624, код АКВВВY215000, УНП 601014894.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ      

НА ЗДЫМКУ: Маша Ждановіч пайшла сёлета ў першы клас.

 

БАЦЬКІ І ДЗЕЦІ

Работа з нядобранадзейнымі сем’ямі не мае мяжы, яна павінна пастаянна трымаць у напружанні ўсе суб’екты прафілактыкі – такую выснову можна зрабіць пасля выязнога пасяджэння раённай камісіі па справах непаўналетніх і каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта № 18, якое прайшло на базе Вішнявецкай сярэдняй школы.

Выязное пасяджэнне арганізавана згодна з планам работы на другое паўгоддзе бягучага года. Папярэдне была вывучана работа з сем’ямі ў гэтай установе адукацыі, камісія пабывала ў сем’ях, якія знаходзяцца на ўліку. На цяперашні час у Вішнявецкай школе вучацца дзеці з шасці сем’яў, і іх становішча прызнана сацыяльна небяспечным. У адной са шматдзетных сем’яў шасцёра дзяцей прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Усе гэтыя сем’і былі запрошаны для разгляду на выязное пасяджэнне.

Прадстаўляючы іх, педагог сацыяльны Галіна Аўлохава звяртала ўвагу на станоўчыя перамены, што адбыліся ў іх апошнім часам, але не абыходзіла і вострыя вуглы. Бо бацькі прайшлі лячэнне ад алкагольнай залежнасці, пагасілі даўгі за жыллёва-камунальныя паслугі, устанавілі апавяшчальнік і т. п., але ў небяспечным стане – пячное ацяпленне, дымаходы, у сувязі з чым узнікае пытанне аб пражыванні ў доме сям’і з дзецьмі.

Прынцыповую пазіцыю на гэты конт агучыла супрацоўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Тарасевіч: «Пытанне трэба вырашаць да надыходу зімы. Рэкамендацыі, як ухіліць парушэнні, мы выдадзім, а далей няхай падключаецца ўласнік жылля – гаспадарка, і самі гаспадары рупяцца».

Старшыня Вішнявецкага сельвыканкама Ніна Гурыновіч, абапіраючыся на матэрыялы пасяджэнняў грамадскага пункта аховы парадку, неаднаразовыя камісійныя наведванні сем’яў, пацвердзіла, што пазіцыя ў асобных сем’яў сапраўды спажывецкая – маўляў, усе ім нешта павінны. На пасяджэнні быў прыведзены крайне негатыўны выпадак, калі адной са шматдзетных сем’яў была ўстаноўлена за дзяржаўны кошт сістэма апавяшчэння аб пажары з вывадам сігналу на фасад дома, а яны самастойна яе дэманціравалі. За самаўпраўства будуць разлічвацца са сваіх даходаў — такім быў канчатковы вердыкт.  

Злабадзённае пытанне падчас знаёмства з сем’ямі ўзняла намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько: «Чаму бацькі, якіх звальняюць з працы за п’янку, не трапляюць на ўлік да ўрача-нарколага? Адпаведна, з імі належна не вядзецца прафілактычная работа».

Была закранута тэма безнагляднасці, слабога кантролю за дзецьмі з боку асобных бацькоў. Такія дзеці бязмэтна могуць блытацца па вёсцы, у свае 12-13 гадоў, схаваўшыся ад дарослых, зацягнуцца цыгарэтай, пры зручным выпадку ўхіліцца ад урокаў… Бацькам трэба знаходзіць са сваімі дзецьмі нейкія агульныя справы, а не спасылацца на занятасць на рабоце.

Намеснік дырэктара Вішнявецкай школы Марына Белік падзялілася вопытам арганізацыі вольнага часу школьнікаў, сумеснай работы школы і амбулаторыі, інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі і старшага ўчастковага інспектара Аляксандра Кільчэўскага, святара, айца Генадзія ў прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці.

У цэлым работу з бацькамі і дзецьмі неабходна працягнуць і, з улікам асаблівасцяў сельскага соцыуму, у рашэнні выязнога пасяджэння прапісана аб неабходнасці забеспячэння максімальнага ўдзелу бацькоў у бацькоўскіх сходах. У Вішнявецкай школе іх плануецца правесці з запрашэннем урача-нарколага, оперупаўнаважанага аддзялення па барацьбе з наркотыкамі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, іншых спецыялістаў.  

Пра работу Вішнявецкай школы ў святле Дэкрэта № 18 выказалася намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Язвінская: «Сем’і, як бачым, складаныя, і кожнай з іх школа ўдзяляе ўвагу. Прыкмечаны іх кожны крок – і станоўчы, і адмоўны. Менавіта з дробязяў складваецца сістэма работы ўстановы адукацыі». З інфармацыяй аб рэалізацыі ў раёне Дэкрэта № 18 выступіла вядучы спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Гамза.

Падводзячы вынік размовы, Наталля Хвасько заўважыла:

– Работа з нядобранадзейнымі сем’ямі з боку школы і іншых суб’ектаў прафілактыкі наладжана на добрым узроўні. Бацькі ідуць на кантакт, прыслухоўваюцца да рэкамендацый.

Сумеснымі намаганнямі можна дапамагчы любой сям’і ў асэнсаванні сваёй адказнасці за жыццё і здароўе дзяцей. Галоўнае – іх воля і жаданне.            

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>