Вяртанне на плошчу Гандлёвую, або Наша гісторыя – у крокавай даступнасці

1111b

Стоўбцы – адзін з раённых цэнтраў Міншчыны, радзіма Якуба Коласа. У наступным годзе наш горад адзначыць свой 425-гадовы юбілей. У ім захавалася шмат гістарычных куточкаў і пабудоў, і пра гэта яскрава нагадвае першы мурал (графіці, прадукт вулічнага мастацтва), які з’явіўся ў Стоўбцах на фасадзе дзіцячага сада № 2. Здаецца, ён спрабуе расказаць сваім жыхарам і гасцям штосьці важнае, таямнічае. Назва яму – Стары горад.

Ініцыятыва праекта і яго ўвасабленне цалкам належаць раённай грамадскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы. Пра тое, як рэалізоўваўся праект і што «вымалёўваецца» ў планах, мы гутарым са старшынёй арганізацыі, настаўнікам гісторыі і краязнаўцам Міхаілам МІХНО.

Канцэпцыя музеефікацыі

– У Беларусі такое вулічнае мастацтва набірае папулярнасць, – разважае мой суразмоўца. – Муралы ўпрыгожваюць Нясвіж, Навагрудак, Валожын і, безумоўна, Мінск, куды мастакі з розных краін свету з’язджаюцца на адмысловы фестываль – VulicaBrazil.

Год таму ў Стоўбцах па ініцыятыве дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алены Анісім з’явіўся аргкамітэт па стварэнні краязнаўчага музея. Мы праводзілі пасяджэнні, дзяліліся ідэямі, у сувязі з чым узнікла прапанова аднавіць раённую арганізацыю Таварыства беларускай мовы (ТБМ). У яе састаў уліліся новыя сябры, такія, як, да прыкладу, супрацоўнік музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах Ігар Іваноў. Менавіта ён прапанаваў вельмі цікавую ідэю: актуальную музейную тэму дапоўніць канцэпцыяй музеефікацыі горада. У чым яе сутнасць? У тым, каб напоўніць гарадскую прастору гісторыяй і, такім чынам, надаць ёй папулярнасць, турыстычную прывабнасць і даступнасць, захаваць для будучых пакаленняў. Стварэнне мурала і служыць гэтым высакародным мэтам. Балазе, райвыканкам зацвердзіў эскіз і даў дазвол на правядзенне работ, дапамог з рыштаваннямі, а фінансавыя сродкі для аплаты працы мастака мы знайшлі самі.

Па мурале, як і па залах музея, можна праводзіць экскурсіі, таму мы плануем устанавіць у парку, праз дарогу ад яго, кафедру з неабходным інфармацыйным матэрыялам, тлумачэннямі.

– Хто дапамагае вам у гэтай працы?

– Гэтая праца калектыўная. У раённай арганізацыі ТБМ шмат дзейсных людзей. Яе актыў – Ігар Іваноў, Міхаіл Мацкевіч, Павел Савіцкі, Канстанцін Нашчынец, Людміла Назаранка, Яўген Шавель, Аляксей Зянько, – якраз тыя людзі, якія шмат зрабілі, каб у Стоўбцах з’явіўся мурал. Мы працуем па прынцыпе ўзаемадапамогі. Эскіз выканала мастак Ірына Юдзянкова з Мінска. У выніку тэндару мы выбралі працу менавіта з ёю. Па ходу дапрацоўвалі эскіз. Нанясеннем выявы займаўся стаўбцоўскі мастак Валерый Шуцілаў. Яму было няпроста, таму што фасад пакрыты «шубай». Паверхня няроўная, з выступамі. Мастак падбіраў фарбы, аддаваў перавагу тым, якія не выгараюць на сонцы. Думаем пакрыць мурал яшчэ лакам.    

У ролі кансультанта, эксперта выступіла Людміла Назаранка. Гэта на падставе яе калекцыі фотадакументаў і ўспамінаў старэйшых жыхароў Стоўбцаў створана дакладная выява старога горада. Сабраныя ёю матэрыялы маглі б стаць кнігай і, калі выдаць яе, то стаўбчане прачыталі б яе і здзівіліся мінуламу свайго горада, а турысты атрымалі б унікальны падарунак і надзвычай карысны сувенір.

– Якая рэакцыя была ў жыхароў горада, калі дайшло да размалёўвання фасада дзіцячага сада?

– Падчас працы былі відаць неабыякавыя адносіны месцічаў да свайго горада. Нас хвалілі і… крытыкавалі. У прыватнасці, за «граматычную» памылку, дапушчаную ў напісанні гістарычнай назвы. А мы растлумачвалі, што назва Стоўпцы існавала амаль да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Некаторыя цікавіліся датай заснавання горада. І мы з радасцю паведамлялі, што яна ў нас ужо ёсць, афіцыйна зацверджана раённым Саветам дэпутатаў, – 20 чэрвеня 1593 года. У наступным годзе будзем адзначаць 425-гадовы юбілей. Людзі праяўлялі і пільнасць. У пачатку нашай працы (а яна заняла дзесьці тры тыдні) да нас пад’ехалі супрацоўнікі міліцыі. Ім паступілі тэлефонныя званкі – яны аператыўна адрэагавалі.

– Вас гэта не напужала, не прыпыніла вашы далейшыя планы?

– У планах – зрабіць у горадзе яшчэ некалькі муралаў. А працаваць сапраўды ёсць дзе. Галоўнае – адшукаць фінансы.

Гісторыя стаіць перад вачыма

– Вы пачалі ажыццяўляць музеефікацыю Стоўбцаў акурат з плошчы Леніна…

– Так. Менавіта адсюль Стоўбцы пачыналіся як мястэчка, дзе ладзіліся кірмашы. Тут захавалася забудова канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Плошча па-рознаму называлася: Гандлёвая, Касцельная… А мясцовыя жыхары называлі яе Базарнай. Плошча была цэнтрам жыцця, прычым многія яе пабудовы мелі тады двайное прызначэнне. Мясцовыя жыхары, сярод якіх дарэчы было шмат яўрэяў, на першым паверсе размяшчалі краму, аптовы склад, фотаатэлье і г. д, а на другім жылі самі. Не выключэннем быў і будынак дзіцячага сада № 2, фасад якога выбраны для нанясення малюнка. У свой час ён належаў І. Мірскаму. У пасляваенныя гады ў ім размяшчалася няпоўная беларуская школа.

– На мурале ўвекавечаны старыя Стоўбцы. Правядзіце, калі ласка, кароткі экскурс у мінулае.

– На мурале змешчаны выявы будынкаў, якія змянілі свой выгляд або ўвогуле зніклі. Калі падлічыць, гэта 12 гістарычных аб’ектаў. У цэнтры экспазіцыі – царква святой Ганны, касцёл святога Казіміра і сінагога (у ёй цяпер размяшчаецца адміністрацыя АКС). Побач з царквой – будынак былога староства. Яго другі паверх быў драўляны і падчас вайны згарэў. На першым паверсе дома, які захаваўся, і сёння жывуць людзі.

Нельга не звярнуць увагу на дом Х. Кушнера. У вайну ён таксама гарэў, але сцены захаваліся. Пасля вайны да яго была дабудавана значная, дзесьці ў тры разы большая, будыніна. Цяпер у ім – кантора райспажыўтаварыства. Цікавасць уяўляе будынак І. Уласіка, у якім пры паляках размяшчалася школа-сямігодка, а ў падвале быў паліцэйскі пастарунак. У вайну яго другі паверх згарэў.

На рагу плошчы, у доме Туніка (дзе прапануецца адкрыць выставачную галерэю), раней размяшчаліся фотаатэлье і мясная крама. З гэтай крамай звязана гісторыя пра сабаку, якога гаспадар пасылаў да мясніка з торбай у зубах, у якую клалі мяса, а яна сумленна несла яго гаспадару, сама нават не пакаштаваўшы.

Лаўка М. Богіна была вядома як кантора кааператыва – месца, дзе скуплялі збожжа. У савецкі час тут працаваў прадуктовы магазін «Колас», цяпер – рынак «Кірмаш».

Дом Гутварда запомніўся скразным праездам у двор, у якім знаходзіліся драўляныя склады-гуртоўні (аптовага гандлю). Цяпер гэта жылы дом, аднак абрысы перакрыцця, калі прыгледзецца, засталіся, і мы пастараліся паказаць гэты праезд на мурале.

Яшчэ адзін цікавы аб’ект – дом 1922 года. Так на ім пазначана, але, паводле нашых звестак, гэта хутчэй за ўсё год яго перабудовы, бо ён ужо быў вядомы з канца ХІХ ст. Належаў дом Найфельдам, а пасля іх ад’езду за мяжу – З. Кантаровічу. На праваслаўных гарадскіх могілках знаходзіцца магіла гэтага чалавека.

Некаторыя будынкі амаль не змянілі выгляду, як будынак раённай бібліятэкі, адной з першых каменных пабудоў у Стоўбцах. Яна была ўзведзена напрыканцы ХІХ ст. У гэтым доме жыў равін. Размяшчаліся таксама крамы, прычым у гандлёвых мэтах выкарыстоўваўся не толькі першы паверх, а і склеп.

Далёка не ўсё з гісторыі нашага горада вядома і даследавана. Давайце вывучаць яе, ганарыцца ёю!

На здымках: з’явіўся першы мурал у гістарычным цэнтры Стоўбцаў (фота Васіля ЗЯНЬКО); Міхаіл Міхно і Людміла Назаранкана адным з пасяджэнняў раённай арганізацыі ТБМ.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>