Вышыні Анастасіі Лапко

Творчым праектам рэдакцыі «Праменя» з’яўляецца падрыхтоўка нарысаў пра людзей, якія зрабілі важкі ўнёсак ў развіццё Мінскай вобласці. У гэты спіс мы з поўным правам занеслі Анастасію Лапко. Што ж яна паспела зрабіць у 31 год, каб так прыцягнуць да сябе ўвагу і заняць месца ў нішы знакамітасцей «Яны нарадзіліся на Стаўбцоўшчыне»?

Залатая медалістка сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы, Анастасія паспяхова паступіла ў Міжнародны дзяржаўны экалагічны ўніверсітэт імя А. Д. Сахарава. Навуковай работай яна пачала займацца яшчэ будучы студэнткай, і пасля заканчэння ВНУ была запрошана на працу ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі. З’яўляецца цяпер навуковым супрацоўнікам Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі і аспіранткай. Навуковы праект Анастасіі Лапко вывеў яе на шырокую аўдыторыю, падштурхнуў да ўдзелу ў форумах, якія прынеслі ёй славу. Гэта і нядаўняя перамога ў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «ХХI век: маладосць інтэлекту» ў рамках XIX Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў, што прайшоў нядаўна ў Сочы.

Мы думаем, што лепш за аўтара праекта ніхто не раскажа аб ім, таму і запрашаем Анастасію Лапко на інтэрв’ю.

–             Анастасія, у апошнія месяцы вы сталі медыяперсонай: друкаваныя і электронныя СМІ, парталы расказалі шырокай грамадскасці аб вашай перамозе на міжнароднай навуковай канферэнцыі. Падзяліцеся з чытачамі нашай газеты, што з’яўляецца аб’ектам вашых навуковых пошукаў?

–             У Нацыянальнай акадэміі навук я працую ў лабараторыі прыкладной біяхіміі ў сферы імунабіятэхналогій. Як біяхімік займаюся распрацоўкай гемасарбенту для выдалення імунаглабулінаў класа G, ці антыцел, для экстракарпаральнай медыцыны. Гэта спецыяльны комплекс метадаў, накіраваных на выдаленне патагенных рэчываў, якія могуць негатыўна дзейнічаць у крыві. Яго можна выкарыстоўваць пры аўтаімунных захворваннях, якіх налічваецца ўжо больш за 80 формаў. Па статыстыцы ад такіх захворванняў у свеце пакутуе пяць – сем працэнтаў насельніцтва. У Беларусі на 100 тысяч насельніцтва 50 чалавек – з аўтаімуннымі захворваннямі. Гэты метад актуальны таксама ў транспланталогіі. Калі ў рэцыпіента павышаны ўзровень антыцел, перасадка немагчыма, орган жа не можа доўга захоўвацца – толькі некалькі гадзін. Медыкаментознае зніжненне антыцел у крыві патрабуе дастаткова доўгага часу. А працэс гемасорбцыі займае ўсяго тры-чатыры гадзіны.

–             Што ён уяўляе сабою?

–             Гэта спецыяльны апарат з помпай і падключанымі трубкамі накшталт кропельніц, праз якія кроў падаецца да калонкі сарбенту з актыўным рэчывам, выконваючым пэўную функцыю. Я з’яўляюся распрацоўшчыцай гэтай калонкі: антыцелы збіраюцца на гранулах калонкі і ачышчаюць кроў. Ёсць сусветныя аналагі такіх калонак. Аднак яны вельмі дарагія, у межах 15 тысяч еўра для адного пацыента. У сваёй распрацоўцы я ўзяла фактычна тое ж актыўнае рэчыва, але мадэфікавала яго, спрасціла яго па структуры, што зрабіла таннейшым кошт. У параўнанні з замежнымі аналагамі зніжана і верагоднасць узнікнення пабочных эфектаў.

–             І які лёс гэтай навуковай распрацоўкі?

–             Яна прайшла ўжо лабараторныя выпрабаванні, наперадзе – клінічныя. На базе нашай навуковай лабараторыі арганізавана вытворчасць сарбентаў. Рэалізацыя гэтай распрацоўкі ўключана ў дзяржаўную праграму навуковых даследаванняў «Хімічныя тэхналогіі і матэрыялы» на 2016-2020 гады.

–             Анастасія, а цяпер раскажыце, што стала штуршком выйсці са сваім праектам на такую шырокую аўдыторыю?

–             У 2014 годзе ў нашым Інстытуце біяарганічнай хіміі мне прапанавалі паўдзельнічаць у маладзёжным праекце «100 ідэй для Беларусі». Я адразу ж перамагла ў мінскім этапе, затым – на рэспубліканскім, атрымала спецыяльны грант некамерцыйнага фонду. Дзякуючы гэтаму конкурсу пазнаёмілася з многімі інтэлектуальнымі маладымі людзьмі, якія прадстаўлялі БРСМ. У нас склаліся цесныя ўзаемаадносіны, якія ў бягучым годзе выйшлі на новы ўзровень. Сёлета ад БРСМ я атрымала запрашэнне быць у якасці эксперта ў журы конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Затым я была запрошана у чэрвені бягучага года паўдзельнічаць у чацвёртым форуме рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў Маскве. Нашу выставу наведала старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Валянціна Мацвіенка і прапанавала нам паўдзельнічаць у маладзёжным форуме ў Сочы. Мы з радасцю прынялі прапанову. Падчас работы форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі я выйшла з прапановай падняць сцяг дружбы БРСМ на самую вялікую вяршыню Еўропы – Эльбрус.

–             І вы гэта ажыццявілі?

–             Так. Мы з маім мужам Канстанцінам, таксама выпускніком СШ № 2 г. Стоўбцы, «захварэлі» на альпінізм. Вырашылі пакарыць якую-небудзь вышыню, выпрабаваць свой маральны дух і фізічныя сілы. Для яго было вельмі важна падняцца на гару Эльбрус у памяць пра свайго дзеда Дзіянава Барыса Пятровіча, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Каўказе. Узыходжанне на гару адбывалася пад кіраўніцтвам інструктара, у складзе групы было 10 чалавек, на Эльбрус вышынёю 5642 кіламетры падняліся восем. Гэта адбылося 20 ліпеня бягучага года. Для нас з мужам, які з’яўляецца для мяне вялікай падтрымкай ва ўсіх маіх пачынаннях, гэта вялікая перамога.

–             Вернемся да навуковай канферэнцыі ў Сочы. Якія ўражанні пакінула ў вас ваша прэзентацыя?

–             Для мяне гэта быў трыумф. Мне давялося абараняць навуковы гонар маёй краіны. Мой праект быў высока ацэнены экспертнай камісіяй. Я стала пераможцай міжнароднай навуковай канферэнцыі ў намінацыі «Здароўе нацыі». Атрымала дыплом і памятны падарунак ад Савета Федэрацыі Расіі. Да праекта праявіла цікавасць Еўразійскае патэнтнае ведамства. Паступіла нямала прапаноў на супрацоўніцтва. Пасля маёй прэзентацыі стала падыходзіць нямала людзей, завязаліся кантакты з іншымі навукоўцамі.

–             Анастасія, як удаецца вам, маці дваіх дзяцей, знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку, ажыццяўляць такую актыўную дзейнасць?

–             Дзякуючы вялікай падтрымцы бацькоў майго мужа Аляксандра Іванавіча і Ірыны Барысаўны Лапко і маіх бацькоў – Віктара Неанілавіча Гомана і мамы Валянціны Аляксандраўны, якая працуе эканамістам у банку ў Мінску і заўсёды прыходзіць нам на дапамогу па доглядзе дзяцей, калі ў нас з Канстанцінам запланаваны выезды.

–             У такім насычаным для вас годзе, які падыходзіць да завяршэння, якія яшчэ прыемныя моманты пакінулі след у вашай душы?

–             Для мяне была вельмі прыемнай рэакцыя на мой навуковы поспех універсітэта, які я закончыла. На сайце навучальнай установы было змешчана вельмі цёплае віншаванне. Мяне запрасілі правесці лекцыю для студэнтаў з мэтай матывацыі іх займацца навуковай дзейнасцю, што можа прынесці добрыя плады.

–             Анастасія, вашы землякі таксама віншуюць вас з такой значнай перамогай і жадаюць новых вышынь і поспехаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>