Актывізаваць дзелавую ініцыятыву

Filed under: Нумары,Соцыум |

«Развіццё ў Рэспубліцы Беларусь прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымулявання дзелавой актыўнасці» – такая тэма дня інфармавання, што праводзіцца ў чацвер, 16 лістапада.

Устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны ў многім залежыць ад узроўню актыўнасці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Гэты сектар эканомікі з’яўляецца дастаткова мабільным і можа згладзіць негатыўныя працэсы ў сферы занятасці насельніцтва, а таксама сфарміраваць новыя рыначныя нішы і кропкі эканамічнага росту.

Пытанні актывізацыі ў Беларусі дзелавой ініцыятывы знаходзяцца пад пастаянным кантролем Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы 21 красавіка 2017 года ў сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь адзначыў: «Неабходна для бізнесу зрабіць столькі, колькі трэба. Каб ён мог функцыянаваць, каб чалавек мог адкрыць справу, працаваць без аглядкі і разумець, што ніхто незаконна да яго не прыйдзе і не пачне выцягваць з яго хабар… Галоўнае права чалавека – на працу і дастойную заработную плату. І гэтае права мы павінны чалавеку забяспечыць».

У Рэспубліцы Беларусь кожны жадаючы можа свабодна займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка ці юрыдычнай асобы, а па некаторых відах – і без рэгістрацыі.

Суб’ектамі малога прадпрымальніцтва, у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь, з’яўляюца зарэгістраваныя індывідуальныя прадпрымальнікі, мікраарганізацыі (камерцыйныя арганізацыі з сярэдняй колькасцю работнікаў за каляндарны год да 15 чалавек) і малыя арганізацыі (з сярэдняй колькасцю працаўнікоў за каляндарны год ад 16 да 100 чалавек). Камерцыйныя арганізацыі з сярэдняй колькасцю працаўнікоў да 250 чалавек з’яўляюцца суб’ектамі сярэдняга прадпрымальніцтва. Сектар малога прадпрымальніцтва забяспечвае занятасць насельніцтва і сканцэнтраваны ў сферах паслуг. З сярэднім бізнесам звязана вырашэнне задач па забеспячэнні эканамічнага росту і пераходу на інавацыйны шлях развіцця. Сярэднія прадпрыемствы ў большай ступені прадстаўлены ў сферы вытворчасці.

Апошнім часам з мэтай мінімізацыі ўмяшальніцтва кантралёраў у гаспадарчую дзейнасць суб’ектаў прадпрымальніцтва прадугледжана змяшчэнне акцэнта ў дзейнасці кантралёраў на прафілактычную працу, скарачэнне падстаў для прызначэння пазапланавых праверак. Устаноўлена адміністрацыйная адказнасць кантралёраў за ўчыненне грубых парушэнняў пры правядзенні праверак.

З мэтай развіцця малога бізнесу створана спрошчаная сістэма падаткаабкладання, для якой устаноўлены адны з самых нізкіх ставак на тэрыторыі Еўразійскай эканамічнай прасторы. Для індывідуальных прадпрымальнікаў дзейнічае спецыяльны рэжым у выглядзе выплаты адзінага падатку ў фіксаванай схеме.

Сур’ёзныя падатковыя стымулы прадугледжаны для развіцця вытворчасці і рынку паслуг у сельскай мясцовасці, малых і сярэдніх гарадах. Так, суб’екты гаспадарання на працягу сямі каляндарных гадоў з дня іх стварэння вызваляюцца ад выплаты падаткаў на прыбытак, нерухомасць, падаходнага падатку ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці. Прадугледжаны спецыяльныя рэжымы падаткаабкладання для асоб, якія займаюцца рамесніцкай дзейнасцю, аказаннем паслуг у сферы аграэкатурызму. Пры іх прымяненні не патрабуецца рэгістрацыя фізічнай асобы ў якасці суб’екта прадпрымальніцтва, не прадугледжана вядзенне падатковага ўліку.

Юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць на тэрыторыі сельскай мясцовасці рознічны гандаль, грамадскае харчаванне, бытавыя паслугі насельніцтву і на тэрыторыі малых гарадскіх пасяленняў – грамадскае харчаванне, бытавыя паслугі, на пяць гадоў (з 1 студзеня 2018 г. па 31 снежня 2022 г.) будуць прадастаўлены: паніжаныя стаўкі па падатку на прыбытак і па падаходным падатку для фізічных асоб, вызваленне ад падатку на нерухомасць, ад зямельнага падатку.

Пашыраны пералік відаў дзейнасці з выплатай толькі адзінага падатку без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Такая магчымасць уводзіцца, напрыклад, у адносінах да рамонту адзення, абутку, зборкі мэблі, вырабу адзення і абутку з матэрыялаў заказчыка. А таксама тынковачных, малярных, шкляных работ, па рамонце падлогі, абліцоўцы сцен, абклейванні шпалерамі, па кладцы і рамонце печаў і камінаў. Па аказанні паслуг у распрацоўцы вэб-сайтаў, устаноўцы і настройцы камп’ютараў і праграмнага забеспячэння, паслуг цырульніцкіх і касметычных і інш.

Прыняты меры па павышэнні якасці абслугоўвання плацельшчыкаў падаткаў. Развіваецца электроннае ўзаемадзеянне з плацельшчыкамі.

Паспяхова дзейнічае «Кантакт-цэнтр» (кароткі нумар 189, стацыянарная сетка), які ажыццяўляе інфармаванне плацельшчыкаў аб дзейнасці падатковых органаў і растлумачэнне нормаў падатковага заканадаўства для фізічных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2017 г. № 338 «Аб падатковым кансультаванні» прадугледжана ўвядзенне ў краіне інстытута падатковых кансультантаў. Прэзідэнцкім указам ад 10 кастрычніка 2017 г. № 370 прадугледжаны меры па павышэнні ролі Савета па развіцці прадпрымальніцтва і павышэнні яго ролі ў эканамічнай дзейнасці.

Наладжана сістэма дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. На 1 верасня 2017 г. у краіне працавалі 94 цэнтры падтрымкі бізнесу і 23 інкубатары.

З мэтай мінімізацыі ўмяшання дзяржавы ў дзей-насць суб’ектаў гаспадарання і адначасовага ўзмацнення механізмаў самарэгулявання бізнесу і яго адказнасці перад грамадствам плануюцца важныя меры, якія будуць замацаваны заканадаўча. Сярод іх – зацвярджэнне пераліку відаў эканамічнай дзейнасці, для якіх уводзіцца паведамляльны парадак пачатку ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, сістэматызацыя, скарачэнне і спрашчэнне патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічных, па пажарнай бяспецы і іншых пры эксплуатацыі збудаванняў, устанаўленне мараторыя на павышэнне падатковых ставак і ўвядзенне новых падаткаў, адмена ліцэнзавання некаторых відаў дзейнасці. Выдача ліцэнзій з 1 ліпеня 2018 г. будзе ажыццяўляцца выключна ў электронным выглядзе.

Такім чынам, у нашай краіне планамерна праводзяцца рэформы з мэтай дынамічнага і ўстойлівага развіцця прадпрымальніцкага сектара эканомікі.

Падрыхтавана аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама на аснове матэрыялаў Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>