Крытэрыі: надзейнасць, зручнасць, бяспечнасць

1511

З надыходам асенне-зімовага сезона, калі дарогі раптам стануць слізкімі, у першую чаргу прыгадваюцца дарожныя службы.

Як падрыхтаваліся работнікі ДЭУ № 62 да работы ў зімовых умовах? Пра гэта мы гутарым з начальнікам ДЭУ № 62 Дзмітрыем ЁДЧЫКАМ.

– Аператыўна вырашаць любыя пазаштатныя сітуацыі дапамагаюць кругласутачная дыспетчарская служба, дзяжурства вадзіцеляў, – адзначае Дзмітрый Ёдчык. – Цяпер вядзецца падрыхтоўка дарог да зімовай эксплуатацыі. У нас засталіся невялікія дапрацоўкі па гатоўнасці аўтатранспарту, нарыхтоўцы неабходных супрацьгалалёдных матэрыялаў. У цэлым усё ёсць для работы. Зімовы перыяд для нас больш складаны, чым летні.

На ўтрыманні ДЭУ № 62 знаходзіцца 342 км аўтадарог у чатырох раёнах. У Стаўбцоўскім раёне на абслугоўванні – 150 км дарог, і з іх большую палову (80 км) складае аўтамагістраль М1. Гэта дарога першай тэхнічнай катэгорыі, платная, якая патрабуе асаблівай увагі.

– Дзмітрый Генадзьевіч, хто забяспечвае ўтрыманне гэтых дарог?

– У калектыве працуюць 145 чалавек. Акрамя таго, прыцягваем работнікаў па дагаворах падраду. У бягучым годзе працавалі і на аб’ектах капітальнага рамонту. Каб зарабіць сродкі, падтрымаць калектыў, удзельнічаем у таргах і бяромся за работу ў якасці субпадраднай арганізацыі. Да прыкладу, на такіх умовах працавалі на добраўпарадкаванні вуліц у мікрараёне Паўночны-2. А ўвогуле асноўны аб’ём работ звязаны з утрыманнем і бягучым рамонтам дарог, мастоў і т. п.

– У нашай рэспубліцы на самым высокім узроўні ўзнімаецца пытанне адносна дарог будучага. Якімі яны павінны быць? Што можна сказаць пра будучае першай еўрапейскай аўтамагістралі на тэрыторыі Беларусі, участак якой вам даручана падтрымліваць у парадку?

– Дарога М1 зроблена грунтоўна, але час ідзе. Тэхналогіі мяняюцца, грузанапружанасць на дарозе таксама ўзрастае. Пакрыццё зношваецца, патрабуе штодзённага догляду і рамонту. Хацелася б значна большых аб’ёмаў рамонту. Наколькі вядома, разглядаецца пытанне адносна мадэрнізацыі дарогі М1.

Спадзяёмся на капітальны рамонт участкаў, якія даўно не рамантаваліся. Пакуль мы абыходзіліся іх бягучымі рамонтамі. Капітальны рамонт уключыць у сябе будаўніцтва падземных пераходаў, устаноўку агароджання і т. п. Калі вы заўважылі, то на ўчастку аўтамагістралі М1 па Стаўбцоўскім раёне ўжо 50 працэнтаў раздзяляльнай паласы мае металічнае агароджанне. І тэндэнцыя скіравана на тое, што хутка будуць раздзелены транспартныя патокі на ўсёй працягласці магістралі, каб прадухіліць выезды сустрэчнага транспарту і забяспечыць бяспеку праезду.

– Аб рабоце дарожнікаў гаворыць і статыстыка ДТЗ.

– Безумоўна, меркаваць пра работу дарожнікаў можна і па колькасці ДТЗ. Аднак бываюць выпадкі, якія ад нас не залежаць. Дзейнічае чалавечы фактар. За апошнія пяць гадоў распрацавана шмат мерапрыемстваў па павышэнні бяспекі дарожнага руху. Яны выкананы, аварыйнасць змяншаецца. Трывогу выклікаюць надземныя пешаходныя пераходы, якія не абсталяваны. Сёння застаўся адзін такі пераход – у раёне Коласава. Праведзеныя праектна-вышуковыя работы паказалі, што зрабіць там штосьці кардынальнае немагчыма. Пакуль спыніліся на тым, што пераход асвятляецца ліхтарамі, устаноўлена светлавая сігналізацыя.

– Як абнавілася ў гэтым годзе матэрыяльная база вашай арганізацыі?

– Атрымалі трактар МТЗ. Набылі ў лізінг аўтамабіль ГАЗель. Чакаем у першых чыслах снежня два аўтамабілі МАЗ-МАН з фінскімі ўстаноўкамі.

Спадзяёмся, што новая тэхніка, прызначаная для зімовага ўтрымання дарог, аблегчыць нашу працу.        

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>