Моладзь Стаўбцоўшчыны і яе справы

molodye

ПРЫЗЫЎ-2017. СЛУЖЫЦЬ І САМАСЦВЕРДЗІЦЦА

На Стаўбцоўшчыне працягваецца асенні прызыў у войска. Гэтымі туманнымі лістападаўскімі раніцамі ля ваенкамата асабліва шматлюдна – прызыўнікоў праводзяць на службу блізкія і сябры. Ім жадаюць шчаслівай службы і хуткага вяртання. А што думаюць наконт службы яны самі?

З некаторымі прызыўнікамі мы пагутарылі і пераканаліся, што армію яны ўспрымаюць як своеасаблівую школу, дзе змогуць вызначыцца на сваё далейшае жыццё.

Аляксандр Атрушкевіч:

15aleks

– Служыць іду ў Мазырскі пагранатрад, на паўтара года. Туды, куды і хацеў. Да арміі лічу сябе падрыхтаваным. Валейболам займаўся. Дома бацькам па гаспадарцы дапамагаў. Закончыў Мар’інагорскі аграрна-тэхнічны каледж і вярнуўся працаваць у сваю гаспадарку, ААТ «Каганец». Мама працуе тут аператарам машыннага даення, тата – жывёлаводам. Узялі на свабодную пасаду – інжынера па ахове працы. Папрацаваў тры месяцы і добра разумею, што маё – гэта ўсё-такі тэхніка. Хачу, каб мая работа была з ёй звязана. У бацькоў я самы старэйшы. Брат Мікалай вучыцца ў Карэлічах на кранаўшчыка-зваршчыка, яму праз год будзе 18. Магчыма, таксама прызавуць служыць. Брат Арцём займаецца ў школе, вясёлы такі хлопчык. Настрой – нармальны. Трэба адслужыць, а потым уладкоўваць асабістае жыццё. Хочацца мець добрую сям’ю, свой дом, каб была стабільная работа, заробак…

Канстанцін Беляковіч:

15kostia

– Іду служыць у Мар’іну Горку ў «спецназ». Хацеў туды трапіць. Мне гэта цікава. Па здароўі ніякіх абмежаванняў не ўзнікла. Усе дамашнія аднесліся добра, падтрымалі мяне. Служба ў арміі патрэбна. Мой старэйшы брат адслужыў у Брэсце. Цяпер працуе вадзіцелем-»дальнабойшчыкам». І ў мяне самога вялікае жаданне адслужыць. Мне 19, а я ўжо ўмею класці цагляную кладку, дах магу парамантаваць і многае іншае. Родам я з Пінска (закончыў Пінскі аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва»), але мы пераехалі на радзіму матулі, у Дзераўную. Працаваць пайшоў у ААТ «Дзераўное». Будавалі ў гаспадарцы новую ферму. А дома ў нас заўсёды былі вялікія цяпліцы, дзе вырошчвалі раннія агуркі, памідоры, перцы. Работы заўсёды было многа, і мы дапамагалі бацькам, таму прывычныя да працы. Сваім равеснікам жадаю займацца спортам, каб была магчымасць ісці служыць у элітныя войскі.

Уладзіслаў Блоцкі:

15ylad

– Служба лішняй не будзе, – так сказала мая мама. Яна станоўча ўсё ўспрыняла, хоць без памочніка ёй, напэўна, будзе цяжкавата. Старэйшая сястра працуе ў абласной бальніцы ў Бараўлянах. Я пасля заканчэння Мінскага ліцэя № 12 атрымаў спецыяльнасць маляра і ўкладчыка падлогавых пакрыццяў і вярнуўся ў сваю гаспадарку, ААТ «Дзераўное». У гэтай гаспадарцы праходзіў практыку падчас вучобы. Усяго папрацаваў недзе каля года. Займаліся пераважна рамонтамі на жывёлагадоўчых і іншых аб’ектах. Пра далёкія перспектывы не ведаю, што казаць. Іду служыць у Віцебск, у паветрана-дэсантныя войскі. Ёсць планы застацца ў «спецназе», але трэба гэта паспрабаваць, адчуць. Вучыцца хачу. Магчыма, і ў сферы будаўніцтва можна знайсці нармальную работу. Дзяўчыны пакуль няма, сяброў дастаткова і па месцы жыхарства, і па месцы вучобы. З дзяцінства займаўся футболам, а ў апошнія гады падтрымліваю фізічную форму на трэнажорах, турніках. Рыхтаваўся да арміі.

Юрый Марцінкевіч:

15jyra

– Служыць іду ў Валожын, у 153-ю брыгаду асобага назначэння. Павестка знайшла мяне на Беларускім металургічным заводзе, куды трапіў па размеркаванні і працую апошнія паўтара месяца. Закончыў БНТУ з сярэднім балам у дыпломе «восем». Атрымаў спецыяльнасць інжынера па аўтаматызацыі. Жаданне ёсць вучыцца і далей, развівацца. Трэба адслужыць, а пасля думаю паспрабаваць сябе ў прадпрымальніцтве. Люблю маляваць, чытаць. Спортам захапляюся. Ёсць разрад кандыдата ў майстры спорту па лёгкай атлетыцы. Сябры па ўніверсітэце, з якімі разам трэніраваліся, таксама ідуць служыць. Тата аднёсся да майго прызыву ў войска спакойна, як, напэўна, усе таты, а мама, як усе мамы, – хвалюецца. Малодшы брат ужо таксама не дома, вучыцца ва ўніверсітэце. Бацькі жывуць у Тонаве, працуюць у ААТ «Рубяжэвічы» і на ППР «Бройлер». Нас з братам прывучылі да працы.

Аляксандр Пучко:

15sasha

– Мая служба будзе праходзіць у Гродзенскім пагранатрадзе. Для гэтага ўсё супала – і жаданне, і стан здароўя. На граніцы служыў мой лепшы сябар. Я маральна гатовы да службы. Думаю, што нечаму навучуся, стану разумнейшым. Так атрымалася, што пасля вучылішча не адразу знайшоў працу. Знаёмыя з вёскі падказалі, што ў СГФ «Аталезь-агра» ёсць будаўнічая брыгада і там якраз патрэбны сталяр-цясляр. Рабіў вокны і дзверы для новай фермы. Работа з дрэвам падабаецца з дзяцінства. Яшчэ да пераезду ў Апечкі, калі жылі з бацькамі ў Казахстане, спрабаваў нешта майстраваць. Калі спадабаецца – застануся ў арміі, а не – пайду вучыцца ў кулінарны тэхнікум. Люблю кулінарыць. Дома вызваляю маму ад прыгатавання баршчу, плову. У вольны час люблю займацца валейболам, тэнісам, рыбачыць…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

МАЛАДЫЯ СПЕЦЫЯЛІСТЫ

У бягучым годзе ў наш раён прыбылі 167 маладых спецыялістаў. Задача кожнага калектыву – замацаваць кадры, даць ім магчымасць для максімальнага раскрыцця ў прафесіі і кар’ернага росту. З 162 маладых спецыялістаў, якія прыбылі ў наш раён у мінулым годзе, засталіся працаваць 126. Працэнт замацаванасці маладых спецыялістаў склаў 77,8, а сярэдні за апошнія чатыры гады –59,7.

Раённае аб’яднанне прафсаюзаў правяло аналіз прычын, па якіх маладыя спецыялісты пакідаюць сваё першае месца работы. Палова з іх пераехала на месца жыхарства сваіх бацькоў, 12 працэнтаў закліканы на службу ў рады ўзброеных сіл, амаль столькі ж – пераехалі па месцы жыхарства мужа, тры працэнты маладых спецыялістаў сталі магістрантамі ці аспірантамі, у 15-ці працэнтах закончыўся тэрмін адпрацоўкі пасля заканчэння ВНУ ці сярэднеспецыяльнай навучальнай установы.

У апошнія гады высокі працэнт (76) замацавання маладых спецыялістаў у цэнтральнай раённай бальніцы, чаму садзейнічае цэлы комплекс прынятых адміністрацыяй і прафсаюзнай арганізацыяй мер. У гэтым рэйтынгу на высокай прыступцы таксама сфера адукацыі, райспажыўтаварыства, філіял «ККХ «ММЗ» у г. Стоўбцы.

Каб захаваць перспектыўныя маладыя кадры, у арганізацыях і на прадпрыемствах раёна пастаянна пашыраецца дыяпазон ільгот і гарантый, якія прадастаўляюцца моладзі.

Пр

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>