Аўкцыён. Гандлёва-забаўляльнаму цэнтру – быць!

1511a

З пачатку года на Стаўбцоўшчыне былі выстаўлены на аўкцыён 38 лотаў па продажы зямельных участкаў у раёне, трэцяя частка іх прададзена. Большасць з рэалізаваных зямельных участкаў прызначаны для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў, але ёсць і два зямельныя ўчасткі іншага прызначэння – пад гандлёвыя аб’екты.

Адзін з апошніх аўкцыёнаў прайшоў 9-га лістапада, і ў выніку яго вызначана інвестыцыйнае будучае свабоднага зямельнага ўчастка ў цэнтры горада, на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Свярдлова. У бліжэйшыя гады тут будзе пабудаваны гандлёва-забаўляльны цэнтр, які, безумоўна, упрыгожыць наш горад сваім архітэктурным воблікам і дадасць новыя магчымасці для адпачынку і павышэння якасці жыцця стаўбчан.

Пра вынікі гэтага аўкцыёну мы папрасілі расказаць намесніка старшыні камісіі па арганізацыі і правядзенні аўкцыёнаў райвыканкама, начальніка землеўпарадкавальнай службы Таццяну ЮНЦЭВІЧ.

– Для ўдзелу ў аўкцыёне на права заключэння дагавору арэнды зямельнага ўчастка (лот № 1) тэрмінам на 20 гадоў з мэтай будаўніцтва аб’екта «Гандлёва-забаўляльны цэнтр г. Стоўбцы, вуліца Ленінская» была пададзена адна заява з прыкладаннем неабходных дакументаў. У сувязі з тым, што ўдзельнікаў было менш за два, камісіяй вырашана прызнаць, што аб’яўлены аўкцыён не адбыўся, а для яго ўдзельніка павялічыць пачатковую цану зямельнага ўчастка на пяць працэнтаў. Са згоды ўдзельніка, пратакол пасяджэння камісіі быў накіраваны ў раённы выканаўчы камітэт для зацвярджэння ва ўстаноўленым парадку.

– Таццяна Леанідаўна, патлумачце, калі ласка, хто ў даным выпадку прадавец права арэнды, а хто – пакупнік?

– Прадаўцом права арэнды названага зямельнага ўчастка па вуліцы Ленінскай з’яўляецца райвыканкам, а сваё жаданне на права заключэння дагавору яго арэнды заявіла ТАА «Торговый дом «Радуга-свет».

– Размова ідзе пра «пустыр» побач з касцёлам. Ён заўсёды быў прывабным месцам для інвестараў, але толькі сёлета знайшоў свайго гаспадара.

– Сапраўды, жадаючыя ўкласці інвестыцыі ў гэты зямельны ўчастак былі і раней. Большасць патэнцыйных інвестараў хацела б пабудаваць на ім чыста гандлёвы аб’ект. Але магазінаў у нашым горадзе дастаткова, і райвыканкам першапачаткова ставіў умову, каб на гэтай пляцоўцы з’явіўся сучасны шматфункцыянальны гандлёва-забаўляльны цэнтр. Месца бойкае, з развітой інжынернай інфраструктурай, акурат падыходзіць для гэтых мэт. Плошча зямельнага ўчастка складае 1,6094 гектара.

Інвестару прапанавана таксама абцяжарванне: менавіта за яго кошт устанавіць святлафор на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Свярдова, перакласці сеткі тэлефанізацыі з месца забудовы. Агаворана, што святлафор павінен быць устаноўлены да ўводу гандлёва-забаўляльнага цэнтра ў эксплуатацыю. З зямельнага ўчастка неабходна выдаліць 56 дрэў.

– Якія выдаткі ўскладзены на інвестара ТАА «Торговый дом «Радуга-свет»?

– На працягу дзесяці рабочых дзён з дня зацвярджэння райвыканкамам пратакола аб выніках аўкцыёну інвестар абавязаны ўнесці плату за права заключэння дагавору арэнды зямельнага ўчастка. Усяго гэтая сума складае 115644,73 рубля. Удзельніку аўкцыёну неабходна кампенсаваць выдаткі за публікацыю паведамленняў аб правядзенні аўкцыёну і рэкламна-інфармацыйных матэрыялаў у сродках масавай інфармацыі і сетцы інтэрнэт, а таксама выдаткі, звязаныя з дзяржаўнай рэгістрацыяй стварэння зямельнага ўчастка, вырабам горадабудаўнічага пашпарта, фарміраваннем зямельнага ўчастка і прадаставіць копіі плацежных дакументаў у камісію на працягу аднаго рабочага дня з дня аплаты.

– Якія тэрміны вызначаны для ўзвядзення аб’екта? Ці не складзецца так, што будоўля расцягнецца на нявызначаны час?

– Законам прадугледжаны дакладныя тэрміны. Удзельнік аўкцыёну пасля ажыццяўлення плацяжоў абавязаны не пазней чым за два рабочыя дні заключыць з райвыканкамам дагавор арэнды зямельнага ўчастка, а ў двухмесячны тэрмін з дня зацвярджэння ва ўстаноўленым парадку пратакола аб выніках аўкцыёну ажыццявіць дзяржаўную рэгістрацыю права на зямельны ўчастак. Інвестара чакае цеснае супрацоўніцтва з райвыканкамам, таму што неабходна атрымаць архітэктурна-планіровачнае заданне і тэхнічныя ўмовы для інжынерна-тэхнічнага забеспячэння аб’екта будаўніцтва, дазвол на правядзенне праектна-вышуковых работ, распрацоўку будаўнічага праекта. На ўсё гэта даецца не больш за два гады.

Прыступіць да пачатку будаўніцтва патрэбна на працягу шасці месяцаў з дня зацвярджэння праектнай дакументацыі на будаўніцтва аб’екта. Канчатковы тэрмін будаўніцтва аб’екта таксама вызначаецца праектнай дакументацыяй. Вакол аб’екта павінна быць выканана добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. На ўсё патрэбны сродкі, і немалыя.

– Ва ўмовах здзелкі агавораны 20-гадовы тэрмін арэнды. А што будзе пасля таго, як ён закончыцца?

– Інвестар – юрыдычная асоба – павінен вярнуць арандаваны зямельны ўчастак, калі не мае ў ім патрэбы, у склад зямель горада ў стане, прыдатным для выкарыстання па прызначэнні, або працягнуць ва ўстаноўленым парадку тэрмін яго арэнды.

– Хацелася б, каб у наш горад, сельскую мясцовасць пабольш укладвалі сродкі інвестары, вялося будаўніцтва. Колькі яшчэ налічваецца пустых участкаў?

– Усяго ў раёне 259 пустых зямельных участкаў, якія могуць быць прадастаўлены для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў. 82 з іх знаходзяцца ў горадзе, у мікрараёне індывідуальнай жылой забудовы Паўночны-2, 177 – у сельскай мясцовасці. Інфармацыя пра іх змешчана на сайце райвыканкама, у сельвыканкамах, землеўпарадкавальнай службе райвыканкама (тэл. для даведак – 5-16-35). Штомесяц яна абнаўляецца.

Заўважу, што тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, зямельныя ўчасткі прадастаўляюцца без аўкцыёну. Па заявах грамадзян, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прадастаўлена з пачатку года 29 зямельных участкаў (27 – у Стоўбцах, па адным – у Рубяжэвіцкім і Старасвержанскім сельсаветах). Свабодных участкаў многа, таму можна звяртацца.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>