Творчая сустрэча з Ігарам Квашэвічам

1511d

Знакавай падзеяй у жыцці Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў стала сустрэча з «залатым акардэонам» сусветнага ўзроўню, беларускім выканаўцам-віртуозам акардэаністам Ігарам Квашэвічам, які ўваходзіць у Вышэйшую лігу мэтраў сусветнага акардэона. Сустрэча з музыкантам і кампазітарам адбылася ў рамках музычна-адукацыйнага праекта «Беларусь- тур».

Кіраўніцтва Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў арганізавала прыезд вучняў, якія займаюцца ў класах акардэона і баяна, з усіх пяці дзіцячых школ мастацтваў раёна.

Ігар Квашэвіч правёў майстар-клас выкладчыкам і вучням. Неаднаразовай пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў баяністцы Паліне Міткевіч выпаў гонар іграць прызнанаму майстру. Ігар Квашэвіч даў ўрокі выканальніцтва і адзначыў высокі ўзровень выкладчыцкай працы педагога дзяўчынкі. З Палінай Міткевіч працуе адзін з лепшых выкладчыкаў аддзялення народных інструментаў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, настаўнік з вялікім стажам работы Генадзь Несялоўскі. Паліну чакае ўдзел у абласным гала-канцэрце лепшых талентаў краіны, а калі пашанцуе – то і ў фінальным гала-канцэрце.

Ігар Квашэвіч не толькі правёў майстар-клас, але і даў канцэрт настаўнікам і вучням школы мастацтваў, а вечарам – яшчэ адзін канцэрт у раённым Цэнтры культуры. Выканальніцкае майстэрства Ігара Квашэвіча заслугоўвае самых высокіх слоў захаплення.

Маэстра ахвотна даў інтэрв’ю нашай газеце.

–             Ігар Міхайлавіч, просім вас расказаць у некалькіх словах аб музычным праекце «Беларусь- тур».

–             Геаграфія праекта ахоплівае 120 гарадоў Беларусі. Стоўбцы ў гэтым спісе пад нумарам 100. Маю ідэю правядзення такога музычна-адукацыйнага праекта падтрымалі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і грамадскае аб’яднанне «Белая Русь», за што ім вялікая ўдзячнасць. Ва ўсіх гарадах я даю два ці тры выступленні, у ліку іх дабрычынныя канцэрты ў дамах састарэлых і іншых сацыяльных установах і майстар-класы ў дзіцячых школах мастацтваў.

–             Акрамя канцэртнай дзейнасці, чым яшчэ адметны ваш занятак на ніве мастацкай творчасці?

–             Зараз я вучуся ў магістратуры Мюнхенскага ўніверсітэта музыкі і тэатра па спецыяльнасці «Інструментальнае выканальніцтва, акардэон, новая музыка». Мая жонка – кандыдат медыцынскіх навук кардыёлаг Ніна Якушава – працуе ў адной з клінік нямецкай Баварыі. Мы скарыстоўваем любую магчымасць, каб прэзентаваць сваю краіну, рабіць яе сучаснай, каб яна была ў лідарах не толькі ў IT, але і ў мастацтве, дапамагаем маладой эліце стаць на ногі. Цяпер стала немагчымай мая педагагічная дзейнасць у Беларускай акадэміі музыкі. Такія вось туры даюць магчымасць перадаць маладому пакаленню частку майго досведу, майго вопыту. Я ж магу параўнаць практыку падрыхтоўкі ў музычных школах за мяжою і ў Беларусі. Сістэма музычнай падрыхтоўкі ў нашай краіне на высокім узроўні. І гэты высокі ўзровень патрэбна падтрымліваць любымі намаганнямі. Іграючы сольныя канцэрты на еўрапейскіх сцэнах, я імкнуся знаёміць слухачоў з музычнай культурай маёй краіны, абавязкова ўключаю ў рэпертуар творы беларускіх кампазітараў.

–             Што датычыць Беларусь-тура, якім будзе яго фінал?

–             Лепшыя юныя выканаўцы з усіх гарадоў трапяць на абласныя гала-канцэрты, якія пройдуць у кожным абласным горадзе ў перыяд з 15 па 18 лістапада. Фінальны акорд прагучыць у канцэртнай зале «Мінск» 19 лістапада. Члены Асацыяцыі беларускіх баяністаў і акардэаністаў вызначаць самых таленавітых юных музыкантаў. Яны атрымаюць магчымасць прадэманстраваць сваё майстэрства на гала-канцэрце. На гэтай сцэне я таксама буду іграць з аркестрам ГУУС Мінгарвыканкама.

Святлана ЖЫБУЛЬ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>