Каманда для адгрузак

1811d

ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» – прадпрыемства, якое стабільна працуе і з году ў год сваімі адлічэннямі ўносіць важкі ўклад у бюджэт раёна.

Вынікі работы калектыву на чале з дырэктарам Рамуальдай Бурдукевіч з пачатку года не могуць не радаваць. Перапрацавана 12 701 тона жывёлы, у выніку чаго выраблена 7726 тон мяса і субпрадуктаў, 1054 тоны каўбасных вырабаў, 848 тон паўфабрыкатаў, 348 тон паштэтаў і кансерваў. Тэмп росту вытворчасці прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў 104,7 працэнта, ці 43 845 тысяч рублёў. На экспарт адгружана амаль 3400 тон прадукцыі на 10 870 тысяч долараў ЗША.

Участак «Халадзільнік» – падраздзяленне камбіната, дзе работа пачынаецца раней звычайнага. Работнікі «Халадзільніка» прыходзяць у ліку першых, каб скамплектаваць заяўкі, якія паступілі з гандлёвых кропак. А іх у камбіната – больш за 600 па рэспубліцы, а парою даходзіць і да тысячы. Потым не менш напружаны рытм задае мясатлушчавы ўчастак, адкуль напрамую ідзе прыём прадукцыі. Прамая сувязь паміж гэтымі ўчасткамі накладае адбітак і на час завяршэння рабочага дня. Ён не завершыцца, пакуль уся прадукцыя не будзе размеркавана па халадзільных камерах. Ёмістасць іх састаўляе 1000 тон. Тэмпература ў камерах – мінус 20оС.

На прыёмцы заняты ўсе – ад грузчыкаў да кладаўшчыкоў, прыбіральшчыкаў. Прыбіральшчыкі – не менш адказнае звяно. Вядуцца экспартныя адгрузкі, і санітарныя патрабаванні, што прад’яўляюцца да іх, надзвычай высокія.

– У нас адна каманда, – разважае начальнік участка Андрэй Бурновіч, ён жа – і актыўны ўдзельнік турысцкіх злётаў.

З гэтай дружнай каманды кіраўніцтвам камбіната вылучаны сёлета Віталь Садоўскі, брыгадзір грузчыкаў, – яго партрэт занесены на Дошку гонару прадпрыемства, і грузчык Віталь Галіцкі, які будзе ўшанаваны на раённым свяце ў гонар Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

– Работа фізічна цяжкая – за змену пераносім 30-40 тон мяса на касці. Радуе тое, што ёсць стабільная работа і заработная плата, – прызнаюцца цёзкі-таварышы.

Віталь Садоўскі, Віталь Галіцкі – сярод тых, хто даўно працуе на прадпрыемстве. У гэты рад можна дабавіць грузчыкаў Васіля Ярмолу, Аляксандра Драздова і Міхаіла Дзягеля, кладаўшчыкоў Вольгу Багдановіч, Наталлю Энс і Людмілу Семчанка, прыбіральшчыкаў Ганну Лагуціну і Марыну Шарапа, ветурача ўчастка Аляксандра Журыда, майстра Наталлю Кісель.

За апошнія некалькі гадоў на ўчастку зроблена рэканструкцыя. З’явіліся сучасная наліўная падлога, новы транспарцёр з нержавеючай сталі. На камбінаце ідзе ўкараненне сістэмы 1С: Бухгалтэрыя, што дазваляе адсочваць рух ад сыравіны да гатовай прадукцыі, якая адгружаецца.

У 11.30 абедзенны перапынак склікае ўсіх работнікаў участка ў рабочую сталовую. Акрамя таго, на працягу рабочага дня для іх прадугледжаны два тэхнічныя перапынкі. Ёсць бытавыя памяшканні, душавыя. А наведаць басейн на фізкультурна-аздараўленчым комплексе, абанементы куды аплачвае прафсаюзны камітэт прадпрыемства, выпадае толькі ў выхадны дзень.  

НА ЗДЫМКАХ: калектыў змены ўчастка «Халадзільнік» (справа – начальнік участка Андрэй Бурновіч); перадавікі камбіната – грузчыкі Віталь Галіцкі і Віталь Садоўскі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>