Вярнуць пазіцыі і адрадзіць славу вішняўчан

1811f

Упершыню ў гісторыі гаспадаркі з кожнага гектара накапана 522 цэнтнеры цукровых буракоў. Рэалізавана перапрацоўшчыкам звыш 24 тысяч тон салодкіх каранёў, прыбытак склаў 324 тысячы рублёў.

З кожнага гектара атрымана 45,1 цэнтнера збожжа, валавы збор склаў 9184 тоны – гэта адпаведна трэці і другі паказчык сярод гаспадарак раёна. Рэнтабельнасць збожжавых дасягнула 35 працэнтаў.

Валавы збор зерня кукурузы склаў 1212 тон пры ўраджайнасці 121 цэнтнер на круг.

Атрымана рэкордная ўраджайнасць бульбы – з кожнага гектара сабрана 445 цэнтнераў клубняў.

Дырэктар таварыства Віктар Худніцкі ўзначаліў калектыў два гады назад. За гэты даволі кароткі тэрмін малады кіраўнік, прычым адзін з самых перспектыўных у раёне, практычна вывеў гаспадарку на былыя лідзіруючыя пазіцыі, як у раслінаводчай, так і ў жывёлагадоўчай галінах. Віктар Уладзіміравіч згуртаваў калектыў і падабраў моцную каманду аднадумцаў-спецыялістаў. У планах кіраўніка вярнуць былыя пазіцыі і адрадзіць славу вішняўчан. Рэйтынг работы працаўнікоў на парадак павялічыўся, аб чым сведчаць і вынікі раённага спаборніцтва. Па ўраджайнасці збожжавых з пятага месца летась хлебаробы ўвайшлі сёлета ў тройку прызёраў. У параўнанні з мінулым годам зменшыўся сабекошт збожжа, у шэсць разоў больш атрымана прыбытку ад яго рэалізацыі. Відавочны плён старання калектыву жывёлаводаў, якія па надоях малака ад каровы замацаваліся на шостым месцы і ёсць усе магчымасці ў канцы года падняцца на вышэйшую прыступку. За 10 месяцаў вырашчана 435 тон мяса ялавічыны , што склала 149 працэнтаў да леташняга паказчыка. Значна палепшылася фінансавае становішча сельгаставарыства. Поўнасцю пакрыты мінулагоднія страты, якія дасягалі 938 тысяч рублёў, з пачатку года ад рэалізацыі прадукцыі і паслуг атрымана 1158 тысяч рублёў прыбытку пры агульнай рэнтабельнасці 16 працэнтаў. Павялічылася заработная плата, якая своечасова выплачваецца. Паляпшаюцца ўмовы працы работнікаў таварыства.

Гэты год у раслінаводчай галіне і сапраўды знакавы. Нягледзячы на складаныя пагодлівыя ўмовы парадавалі ўраджайнасцю ўсе культуры: багата аддзячылі збожжавыя, бульбяныя, бураковыя і кукурузныя палеткі. Працаўнікі ўшчыльную наблізіліся да высокіх паказчыкаў мінулых, самых удачных гадоў. Галоўны аграном Леанід Новік упэўнены, што ўзяты рубеж стане ў наступным годзе стартавай пляцоўкай для далейшага паступовага росту вытворчасці раслінаводчай прадукцыі і адраджэння былой хлебаробскай славы працаўнікоў гаспадаркі.

– Каб мець высокія вынікі, затрачана многа сіл і ўкладзены немалыя сродкі, – гаворыць Леанід Георгіевіч. – Забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі была на ўзроўні, высявалі насенне высокіх рэпрадукцый. Людзі нашы пастараліся выканаць усе тэхналагічныя аперацыі своечасова і якасна. І аддача не прымусіла сябе чакаць. Ёсць і задаволенасць ад таго, што ўсё атрымалася, бо сёлета я першы год працую на пасадзе галоўнага агранома.

Парадавала кіраўніка галіны і кармавое поле. Забяспечанасць кармамі грамадскай жывёлы чакаецца адной з самых высокіх за апошнія гады. Маюць паўтарагадовы запас усіх відаў травяных кармоў. На ўмоўную галаву жывёлы прыпадае звыш 30 цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў – другі паказчык у раёне. Разам з традыцыйнымі кармавымі культурамі вырошчвалася і новая перспектыўная – сорга. У наступным годзе плануюць пасеяць галегу ўсходнюю.

Шчыра і добрасумленна працуюць механізатары Аляксандр Рачок, Мікалай Ажгірэвіч, Віктар Фурсевіч, Аляксандр Навіцкі, Віталій Шода, Мікалай Кутас, Уладзімір Кандрахоў, Дзмітрый Барысевіч. Пастараўся малады камбайнер Васілій Крыкала, які прымаў сёлета ўдзел у абласным свяце «Дажынкі-2017″. Вызначаюцца вадзіцелі Міхаіл Астравух і Мікалай Самахвал.

Тэхніка, якая круглы год была задзейнічана на выкананні палявых работ, адпрацавала без сур’ёзных паломак. І ў гэтым заслуга галоўнага інжынера Мікалая Клаўшуна і загадчыка гаража Віктара Галавача, якія належным чынам арганізавалі рамонтныя работы і аператыўна вырашалі ўсе ўзнікшыя падчас эксплуатацыі тэхнікі пытанні.

Кіраўніцтва гаспадаркі ўдзяляе вялікую ўвагу жывёлагадоўчай галіне. У выніку, павялічылася вытворчасць малака і мяса. Сёлета атрымана самая высокая сярод гаспадарак раёна прыбаўка па надоях у сярэднім ад кожнай каровы, якая склала каля 900 кілаграмаў. Надоена звыш сямі тысяч тон малака. Таварыства ў ліку шасці самых буйных пастаўшчыкоў прадукцыі. Практычна ўсё адпраўленае перапрацоўшчыкам малако рэалізуецца гатункам «экстра».

– Сёлета жывёлаводы працуюць проста выдатна, нарошчваючы вытворчасць, і перакрыюць шасцітысячны рубеж па надоях малака ад каровы, – сказала галоўны заатэхнік Людміла Качановіч. – Патэнцыял дойнага статка дазваляе мець вышэйшы паказчык, і ў далейшым мы будзем прыкладаць намаганні, каб спаўна яго скарыстаць. Рацыёны для кароў балансуюцца ў нас з дапамогай устаноўленай праграмы «Карал».

Лідзіруе па надоях малака калектыў жывёлаводаў МТК «Вішнявец», дзе брыгадзірам працуе Марыя Талака. На другім месцы МТФ № 4 «Вішнявец» і на трэцім – МТФ «Мархачоўшчына № 2″, якія ўзначальваюць Людміла Пукач і Алена Войніч. Рупнасцю вылучаюцца аператары машыннага даення Галіна Сергіевіч, якая больш за паўстагоддзя аддала працы на ферме, Людміла Палігошка, Валянціна Калянко, Ірына Баран, аператары па вырошчванні буйной рагатай жывёлы Святлана Дзявойна і Галіна Загуста, аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы Ганна Сергіевіч, жывёлавод Міхаіл Баран.

Кіраўніцтва гаспадаркі шчыра дзякуе работнікам за сумленную працу, сардэчна віншуе з прафесійным святам і жадае моцнага здароўя, шчасця, усіх даброт, а таксама дасягнення ў далейшым яшчэ вышэйшых паказчыкаў у рабоце.

НА ЗДЫМКАХ: дырэктар таварыства Віктар Худніцкі; галоўны эканаміст Леанід Кульша і галоўны бухгалтар Антаніна Загуста; намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Ганна Трафіменка; галоўны аграном Леанід Новік, загадчыца склада Алена Васіленка і брыгадзір Міхаіл Грышан; галоўны заатэхнік Людміла Качановіч (у цэнтры), злева направа – аператары па вырошчванні цялят Святлана Дзявойна і Галіна Загуста; галоўны інжынер Мікалай Клаўшун, загадчыца склада запчастак і ГЗМ Людміла Ясенка, вадзіцель-механізатар Аляксандр Якімовіч;брыгадзір МТК «Вішнявец» Марыя Талака (на пярэднім плане), злева направа – аператары машыннага даення Марына Шыла, Галіна Рачок і Іна Рачок.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>