Гаспадарскі падыход і новыя ідэі дазваляюць трымаць марку

1811g

Дырэктар Дзяніс ДЗІШУК:

«Паказчыкамі, якіх дасягнулі сёлета працаўнікі таварыства ў раслінаводчай і жывёлагадоўчай галінах, у цэлым задаволены. Людзі прыклалі многа сіл і старання, вырасцілі дастойны ўраджай усіх сельскагаспадарчых культур. Нарыхтавалі больш кармоў для грамадскага статка, што дазволіла заняць прызавое месца ў раённым спаборніцтве. Жывёлаводы прыбавілі ў вытворчасці малака. Палепшылася яго якасць, а значыць, павялічылася грашовая выручка. Будзем плённа працаваць разам і надалей, паступова ўкараняць прагрэсіўныя тэхналогіі, каб дабівацца яшчэ вышэйшых вынікаў. Для паляпшэння ўмоў працы жывёлаводаў працягнем праводзіць рэканструкцыі і будаваць новыя вытворчыя памяшканні.

Шчыра віншую ўвесь калектыў з прафесійным святам. Жадаю вам, вашым родным і блізкім моцнага здароўя, удачы і дабрабыту, ладу ў сем’ях і далейшых поспехаў у вашай нялёгкай, пачэснай працы».

Адкрытае акцыянернае таварыства «Радзіма Якуба Коласа» па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі знаходзіцца ў ліку вядучых таварыстваў раёна. Год назад яго дырэктарам быў прызначаны Дзяніс Дзішук. Дзяніс Ігаравіч, лічы, самы малады кіраўнік у дырэктарскім корпусе аграпрамысловага комплексу Стаўбцоўшчыны. Гаспадарка яму дасталася немалая па памерах, з даўняй слаўнай гісторыяй і своеасаблівымі традыцыямі. Дзяніс Ігаравіч стараецца іх падтрымліваць, па-гаспадарску падыходзіць да справы. Укараняе ў вытворчасць новыя ідэі, што спрыяе росту прадукцыі. Эканаміст па адукацыі, дырэктар імкнецца, каб прымнажаліся здабыткі гаспадаркі, пралічваючы пры гэтым кожны крок. І работа ладзіцца – таварыства трымае марку.

У раслінаводчай галіне, якую ўзначальвае галоўны аграном Аляксей Чандакоў, сёлета дасягнуты добрыя вынікі ў вырошчванні цукровых буракоў. Упершыню ў гісторыі гаспадаркі з кожнага гектара атрымана 584 цэнтнеры салодкіх каранёў, накапана і адгружана на Гарадзейскі цукровы камбінат звыш 20 тысяч тон прадукцыі. Парупіліся на буракаўборачным камбайне Сяргей Ланкевіч і Мікалай Станкевіч, якія шчыравалі і на збожжаўборачным камбайне, – намалацілі 1180 тон збожжа. Урадзіла кукуруза, сабралі на круг 411 цэнтнераў зялёнай масы – лепшы паказчык сярод таварыстваў – і атрымалі больш за 100 цэнтнераў зерня кукурузы з гектара. Практычна ўсю пасеяную ў гаспадарцы плошчу ўбраў на сіласную масу малады і старанны механізатар Генадзій Янскі, які ў складзе кормаўборачнага атрада аказаў дапамогу ў гэтай справе і суседняй гаспадарцы – ААТ «Вішнявецкі-агра». Генадзій Генадзьевіч стаў у згаданай намінацыі пераможцам раённага спаборніцтва. У вытворчасці збожжа хлебаробы ўвайшлі ў першую пяцёрку па ўраджайнасці. Парупіліся на розных палявых работах вопытныя механізатары Мікалай Ус, Міхаіл Ванагель, Алік Крывашэй, Марат Берташ, Іосіф Петрашэўскі. На жніве працавалі сямейны экіпаж Генадзяў Янскіх, Валерый Цвірка і Яўгеній Падамацька, Уладзімір Пявец і Уладзімір Ермаковіч, Сяргей Ус, Мікалай Акінша, маладзёжны экіпаж у складзе Уладзіміра Парфімовіча і Аляксандра Жукоўскага. Уладзімір Парфімовіч выконвае ў таварыстве абавязкі галоўнага інжынера і цалкам спраўляецца з імі. У тым, што тэхніка надзейна адпрацавала на палетках, заслуга інжынера Васілія Піваварчыка і маладых спецыялістаў Дзмітрыя Жураўскага і Артура Гуда.

У жывёлагадоўчай галіне, якую курыруе галоўны заатэхнік Таццяна Падамацька, здолелі сёлета пераламаць сітуацыю – дасягнута станоўчая дынаміка ў вытворчасці малака. З пачатку года надоена ў сярэднім ад кожнай каровы 5267 кілаграмаў – чацвёртае месца ў рэйтынгу. Палова ад ўсёй колькасці рэалізаванага перапрацоўшчыкам малака залічана гатункам «экстра». У гэтай справе належным чынам папрацавала ветслужба на чале з галоўным ветурачом Дзмітрыем Аўчуком. Граматна вядзе сваю справу галоўны эканаміст Валянціна Карнічэнка.

Закладзена на зімоўку жывёле дастатковая колькасць кармоў. Запоўнены ўсе наяўныя ў гаспадарцы сянажна-сіласныя траншэі. У зімова-стойлавы перыяд жывёлаводы працуюць з прыбаўкай. Лідзіруе па паказчыках калектыў МТФ «Пагарэлае» (брыгадзір – Герой Сацыялістычнай Працы Зінаіда Ярашэвіч»). Стараецца Вольга Калевіч, якая ўзначальвае МТК «Пагарэлае». Ладзяцца справы ў згуртаваным калектыве МТФ «Шахноўшчына» (брыгадзір Ганна Атрушкевіч). Падцягваюцца і іншыя вытворчыя падраздзяленні. Сярод жывёлаводаў асаблівай стараннасцю вылучаюцца аператары машыннага даення Ніна Зяньковіч, Лідзія Рымашэўская, Марына Ус, Зінаіда Ланкевіч, Вікторыя Мамонька, Ірына Крывашэй, Таццяна Станкевіч, аператары па вырошчванні цялят Таццяна і Віктар Трацэнкі, Таццяна Белая, Вольга Берташ, даглядчык-пастух Юрый Рымашэўскі.

Сёлета ўзведзены новы цялятнік на малочнатаварным комплексе, аналага якому няма нават у вобласці. Праведзена рэканструкцыя памяшкання для ўтрымання цялят на глыбокай падсцілцы на МТФ «Пагарэлае». Пабудаваны два прафілакторыі для маленькіх цялят. Зманціравана новая сянажна-сіласная траншэя, у планах на наступны год пабудаваць яшчэ тры. У перспектыве паставіць на МТФ «Шахноўшчына» два жывёлагадоўчыя памяшканні з даільнай залай і сканцэнтраваць малочнае пагалоўе на двух комплексах. Рэалізацыю праектаў своечасова ажыццяўляе намеснік дырэктара па будаўніцтве Анатолій Коршун.

Рэзерваў для павелічэння вытворчых паказчыкаў у гаспадарцы яшчэ нямала, і кіраўнік упэўнены, што намаганнямі працавітых работнікаў таварыства, а каманда падабралася дастойная, яны будуць спаўна скарыстаны.

На здымках: рупнасцю вылучаецца вадзіцель аўтобуса Уладзімір Ярашэвіч; сумленна працуюць работнікі бухгалтэрыі на чале з Зінаідай Жаўняркевіч (на здымку першая злева) — Таццяна Станкевіч, Галіна Ярашэвіч, Алена Янская і Наталля Саўчыц; дырэктар таварыства Дзяніс ДЗІШУК; плённа шчыруюць механізатары сын і бацька Сяргей і Мікалай Ус; не займаць вопыту трактарыстам Іосіфу Петрашэўскаму і Марату Берташу; высокія паказчыкі ў аператараў машыннага даення Вікторыі Мамонька, Зінаіды Ланкевіч і Марыны Ус.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>