Для юных музыкантаў трох краін

Filed under: Культура,Нумары |

Стараннямі загадчыка аддзялення духавых інструментаў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, мастацкага кіраўніка і дырыжора заслужанага духавога аркестра «Віціны» Аляксандра Нічыпаровіча напрыканцы кастрычніка дзіцячы і маладзёжны склад духавога аркестра меў магчымасць паўдзельнічаць у польска-беларуска-нямецкім праекце ў польскім горадзе Лобез. Гэта першы такі сумесны праект з удзелам беларусаў. Арганізатары з польскага і нямецкага бакоў рыхтаваліся да яго паўтара года. Яны ўзялі на сябе ўсе расходы па праездзе, пражыванні, харчаванні беларускіх дзяцей. Паўдзельнічаць у міжнародным музычным праекце змаглі 14 выхаванцаў аддзялення духавых інструментаў школы мастацтваў.

Фестываль праходзіў на працягу трох дзён. У ім у прыемным супрацоўніцтве ўдзельнічалі два духавыя аркестры з Германіі, польскі аркестр і стаўбцоўскі «Віціны». Са зводным духавым аркестрам трох краін працавалі дырыжор польскага аркестра Дарыуш Ледзіон і дырыжор аркестра «Віціны» Аляксандр Нічыпаровіч. Першы дзень фестывалю быў аддадзены на рэпетыцыі. За гэты кароткі тэрмін юныя музыканты з трох краін асвоілі творы беларускіх, польскіх, нямецкіх і іншых кампазітараў. Кансультантамі выступілі прафесары з трох краін: Аляксандр Карацееў з Беларусі, Ёжэў Ратайчак з Бельгіі, Багдан Матлоўскі з Польшы. Вялікую работу з нашымі дзецьмі акрамя Аляксандра Нічыпаровіча правялі выкладчык Уладзімір Татарыцкі і канцэртмайстар духавога аркестра Алег Сівы.

На трэці дзень фестывалю зводны духавы аркестр трох краін даў канцэрт у агульнаадукацыйнай школе горада Лобез, у вялікай спартыўнай зале. Уваход быў свабодны, і ўсе жадаючыя маглі атрымаць задавальненне ад прыгожага выканальніцкага майстэрства юных музыкантаў. Самі ж музыкі былі ва ўзбуджаным стане, адчувалі вялікую радасць ад таго, што сумелі асвоіць рэпертур з незнаёмых твораў і выдатна справіцца з іх выкананнем у зводным аркестры.

Дзеці маглі не толькі павысіць сваё выканальніцкае майстэрства, паспрабаваць сілы ў падрыхтоўцы праграмы ў складзе зводнага аркестра, але і пазнаёміцца з творчасцю духавых аркестраў з іншых краін. Напрыклад, з Германіі, дзе ў складзе духавога аркестра быў такі састаў – ігралі толькі нацыянальныя флейты, ліры і ўдарныя інструменты.

На другі дзень фестывалю для дзяцей і моладзі арганізавалі экскурсію на Балтыйскае мора ў горад Калобжэг. Пражыванне беларускай дэлегацыі было арганізавала ў прыватным маёнтку ў маляўнічым прыгожым месцы за дзевяць кіламетраў ад Лобеза.

Для дэлегацый трох краін быў устроены прыём бургамістрам Лобеза. Адбылася вельмі цёплая, сардэчная сустрэча. Каардынатар гэтага сумеснага музычнага міжнароднага праекта з Германіі дала высокую ацэнку праведзенаму мерапрыемству. На наступны год плануецца правесці тры такія праекты з удзелам беларусаў – два ў Германіі і адзін у Польшчы.

–             Мы плануем і будзем старацца, каб усе выхаванцы аддзялення духавых інструментаў пачаргова змаглі паўдзельнічаць у гэтых выязных міжнародных праектах, павысіць сваё майстэрства, займець новыя знаёмствы з юнымі музыкантамі з іншых краін, падтрымліваць сяброўскія і творчыя кантакты – падагульняе Аляксандр Нічыпаровіч.

Святлана ЖЫБУЛЬ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>