Сямейныя турботы

Filed under: Нумары,Прамая лінія |

2211c

У жыцці здараюцца розныя сітуацыі. Як правільна паступіць у тым ці іншым выпадку? Якія дакументы патрэбны для вырашэння хвалюючай праблемы? Куды звярнуцца? На званкі, што паступілі на прамую лінію аддзела ЗАГС Стаўбцоўскага райвыканкама, адказвала начальнік Надзея КАРТУЗАВА.

Стаўбчанка патэлефанавала ў аддзел ЗАГС райвыканкама і пацікавілася, ці можна яе сыну (7 гадоў) прыняць прозвішча цяперашняга бацькі. У жанчыны гэта другі шлюб.

–             Так, можна. Калі адзін з бацькоў, з якім дзіця засталося пражываць пасля разводу, пры прызнанні шлюбу несапраўдным ці пасля ўступлення ў новы шлюб, жадае прысвоіць дзіцяці сваё прозвішча, орган апекі і папячыцельства (аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама) можа дазволіць змену прозвішча дзіцяці, якое не дасягнула 16-гадовага ўзросту, зыходзячы з яго інтарэсаў. Па факце прыняцця рашэння аб змене прозвішча неабходна звярнуцца ў аддзел ЗАГС па месцы жыхарства для ўнясення змен у запіс акта аб нараджэнні дзіцяці і выдачы новага пасведчання аб нараджэнні, – растлумачыла Надзея Картузава.

–             Пражываю ў г. Стоўбцы. Нядаўна ўступіла ў шлюб у Германіі. Аднак там не ўнеслі паметку аб шлюбе ў мой пашпарт. Як гэта можна зрабіць у Беларусі?

–             У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам для ўнясення ў пашпарт паметкі аб рэгістрацыі шлюбу за межамі Рэспублікі Беларусь вы можаце звярнуцца ў орган ЗАГС па месцы жыхарства, г. зн. у аддзел ЗАГС Стаўбцоўскага райвыканкама, прадаставіўшы дакументы, выдадзеныя кампетэнтным органам Германіі, якія пацвярджаюць акт грамадзянскага стану. Такія дакументы прымаюцца органам ЗАГС пры ўмове іх механізацыі і перакладу на адну з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь, заверанага натарыусам.

–             Што неабходна, каб ва ўрачыстай абстаноўцы зарэгістраваць сямейны юбілей?

–             Для рэгістрацыі сямейнага юбілею вам патрэбна звярнуцца ў аддзел ЗАГС ці ў сельвыканкам і прадаставіць інфармацыю аб гісторыі знаёмства, аб сумесна пройдзеным жыццёвым шляху, аб дзецях, унуках. Супрацоўнікі органа ЗАГС падрыхтуюць індывідуальны сцэнарый урачыстай рэгістрацыі вясельнага юбілею і правядуць рэгістрацыю.

–             Згублена даведка аб нараджэнні дзіцяці для атрымання дапамогі па месцы працы. Ці прадугледжана яе паўторная выдача?

–             Калі вы згубілі такую даведку, орган ЗАГС па пісьмовай заяве грамадзяніна выдае яе дублікат.

–             Маёй дзяўчыне яшчэ няма 18 гадоў, але мы хочам зарэгістраваць шлюб. Ці магчыма гэта?

–             Згодна з арт. 18 Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь шлюбны ўзрост устаноўлены з 18 гадоў. Але ў выключных выпадках, напрыклад: цяжарнасць, нараджэнне дзіцяці, а таксама ў выпадку набыцця непаўналетнім поўнай дзеяздольнасці да дасягнення паўналецця, шлюбны ўзрост можа быць зніжаны, але не больш, чым на тры гады. Зніжэнне шлюбнага ўзросту праводзіцца па заяве асоб, якія ўступаюць у шлюб. У дзень падачы заявы плаціцца дзяржпошліна ў памеры адной базавай велічыні.

–             Як зарэгістраваць дзіця, якое нарадзілася ў раддоме г. Мінска, а бацькі зарэгістраваны ў г. Стоўбцы?

–             Калі месца нараджэння дзіцяці не супадае з месцам жыхарства бацькоў, як у вашым выпадку, то бацькам неабходна вызначыцца з выбарам месца рэгістрацыі нараджэння. Пры рэгістрацыі нараджэння дзіцяці па месцы жыхарства бацькоў месцам нараджэння ў пасведчанні аб нараджэнні ўказваецца месца жыхарства бацькоў, г. зн. – г. Стоўбцы. Калі бацькі жадаюць, каб месцам нараджэння дзіцяці быў запісаны г. Мінск – фактычнае месца нараджэння, то рэгістрацыю неабходна правесці ў тым ЗАГСе г. Мінска, на тэрыторыі якога знаходзіцца медыцынская ўстанова, дзе нарадзілася дзіця.

Н. ЛЕАНІДАВА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>