Жыццё, якое належыць гісторыі

2211d

Благачынным прыходаў Стаўбцоўскай акругі протаіерэем Аляксандрам Марцінчыкам пры арганізацыйнай падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама быў праведзены семінар, прысвечаны 300-годдзю з дня нараджэння значнай гістарычнай асобы – свяціцеля Георгія Каніскага, архіепіскага Магілёўскага, Мсціслаўскага і Аршанскага. На працягу 40 гадоў у XVIII cтагоддзі ён узначальваў адзіную праваслаўную кафедру на беларуска-ўкраінскіх землях Рэчы Паспалітай. Ідэю правядзення асветніцкага семінара падтрымала раённая дзіцячая бібліятэка імя Якуба Коласа, дзе і прайшло мерапрыемства. На семінар былі запрошаны свяшчэннаслужыцелі благачыння і настаўнікі гісторыі ўстаноў адукацыі раёна. У рабоце семінара прыняла ўдзел намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі С. А. Жыбуль.

Уступным словам семінар адкрыў протаіерэй Аляксандр Марцінчык. Айцец Аляксандр настроіў прысутных на работу, расказаў аб значнасці асобы свяціцеля Георгія Каніскага для гісторый нашай Айчыны і зрабіў акцэнт на тым, што незалежна ад веравызнання, поглядаў, усе мы абавязаны прызнаваць гістарычную праўду, шанаваць гонар сваіх вялікіх суайчыннікаў.

У ліку іх важнае месца займае свяціцель Георгій Каніскі. Ён нарадзіўся на ўкраінскай зямлі, на Чарнігаўшчыне, а пахаваны на беларускай зямлі, у Магілёве, і да ліку святых быў прылічаны Беларускай Праваслаўнай Царквой. На служэнне ў Беларусь быў прызначаны ў 1755 годзе, маючы за плячыма важкі багаж – ступень прафесара багаслоўся Кіеўскай акадэміі, у дасканаласці валоданне лацінскай, польскай, грэчаскай, стараяўрэйскай, нямецкай мовамі, вопыт архіпастырскага служэння. На той час гэта быў надзвычай адукаваны чалавек.

Іерэй Георгій Кур’ян і іерэй Сергій Бегіян падрыхтавалі грунтоўныя даклады, дзе падрабязна асвяцілі архіпастырскую дзейнасць свяціцеля Георгія Каніскага, яго жыццё і дзейнасць на беларускай зямлі, яго навуковыя і літаратурныя працы. Яны сумелі на падставе гістарычных фактаў, ацэнкі дзейнасці свяціцеля данесці да публікі велічнасць асобы свяціцеля Георгія Каніскага. У сане епіскапа Магілёўскага яго дзейнасць была цесна звязана з духоўным і палітычным жыццём беларускага грамадства. Яго стараннямі былі заснаваны Мінская і Слуцкая епархіі. У 1757 годзе ў Магілёве епіскапам Георгіем Каніскім была адкрыта друкарня, а таксама вучылішча.

Гэта быў адзін з самых адукаваных людзей свайго часу, дзейсны абаронца Праваслаўся, выдатны палітык і дыпламат, вучоны-філосаф, педагог, пісьменнік, які праявіў подзвіг цвёрдасці веры. Яго служэнне праходзіла ў складанай абстаноўцы, былі пагрозы яго жыццю. З любоўю да свяціцеля, з паўнатой прызнання яго подзвігаў аб гэтым гаварылі ў сваіх выступленнях дакладчыкі.

Варты ўвагі такі факт. У 1835 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў двух тамах былі выдадзены творы архіепіскапа Георгія Каніскага. Іх высока ацаніў Аляксандр Пушкін: «Георгий есть один из самых достопамятных мужей минулого столетия. Жизнь его принадлежит истории».

Падагульняючы работу семінара, айцец Аляксандр выказаў спадзяванне, што для прысутных была цікавай і карыснай інфармацыя, якую яны пачулі, яна абагаціць іх пазнанні для падрыхтоўкі ўрокаў для вучнёўскай аўдыторыі. У сваю чаргу педагогі падзяліліся ўражаннямі аб тым, што для шырокай публікі да гэтага была недаступнай інфармацыя аб такой велічнай асобе, іх уразіла тое, што застаецца невядомым месцазнаходжанне святых мошчаў Георгія Каніскага. Выказванні настаўнікаў засвядчаюць, якой важнай і неабходнай з’яўляецца такая місіянерская работа з асветніцка-адукацыйнай мэтай, як правядзенне адзначанага семінара.

Айцец Аляксандр заклікаў педагогаў па цікавых, выбраных імі тэмах выступіць на Ражджэственскіх чытаннях.

Святлана ЖЫБУЛЬ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>