Разгром на развітанне

Filed under: Нумары,Спорт |

Вось і фінішаваў чэмпіянат Беларусі 2017 года сярод камандаў першай лігі. Ужо ў папярэднім, 29-м туры недасягальным для сапернікаў стаў мінскі «Прамень». Які з калектываў зойме другое месца і атрымае, як і праменеўцы, права на пераход у вышэйшую лігу, вырашалася ў апошнім туры. Інтрыгуючым стала тое, што галоўныя прэтэндэнты на другое месца – мінскія тарпедаўцы сустракаліся менавіта з «Праменем». «Прамень» праявіў бескампраміснасць і перамог «Тарпеда» з лікам 2:0. Такі шанц скарыстала каманда «Смалявічы-СТІ», і адолеўшы ФК «Асіповічы» – 3:0, стала другім лаўрэатам.

Такім чынам, у «Праменя» 63 набраныя ачкі, у ФК «Смалявічы-СТІ» – 58, у камандаў «Тарпеда» (Мінск) і «Лакаматыў» (Гомель) – па 57.

Пятае месца заняла каманда «Белшына» (Бабруйск). Менавіта бабруйчане экзаменавалі наш «Нёман-Агра» ў апошнім матчы першынства. Самыя верныя заўзятары, якія сабраліся на стадыёне «Юнацтва», наўрад ці спадзяваліся на цуд – ад пераможных вынікаў стаўбчан яны ўжо даўно адвыклі. Аднак жа такі вынік стаў і нечаканым, і прыкрым.

Атакі гасцей хваля за хваляй накатваліся на вароты каманды «Нёман-Агра». Першы тайм закончыўся з лікам 3:0 на карысць бабруйчан. І толькі калі рахунак «Белшыны» папоўніўся да пяці галоў, нашы крыху схамянуліся. Максім Шкураценка і Павел Кленьё праводзяць у вароты сапернікаў два мячы. Гэтым, відаць, толькі раззлавалі гасцей. Тыя зноў рынуліся ў наступ – забіваюць яшчэ пяць галоў, і не хапае лічбаў, каб паказаць на табло канчатковы вынік – 10:2 на карысць «Белшыны».

Што «Нёман-Агра» пакіне першую лігу, стала ўжо вядома даволі даўно. Дык каб згодна з выслоўем «на невясёлае развітанне стукнуць дзвярыма», духу не хапіла. Здабытак у «Нёмана-Агра» склаў 13 ачкоў, на 50 менш, чым у пераможцы турніру «Праменя». Другі няўдачнік – ФК «Асіповічы», які ў наступным сезоне стане адным з партнёраў «Нёмана-Агра» ў другой лізе.

Ф. ФЯДОТАЎ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>