Дырэктыва № 1. За грамадскую бяспеку і дысцыпліну

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта было абмеркавана вельмі важнае пытанне – аб рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.03.2004 № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» і стане работы па папярэджанні гібелі людзей ад знешніх прычын. З інфармацыяй па даным пытанні выступіў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей ШЭСЦЕЛЬ.

Сяргей Яўгеньевіч адзначыў, што ўсімі зацікаўленымі службамі раёна і працоўнымі калектывамі праведзена значная работа па ўмацаванні працоўнай, выканаўчай і тэхналагічнай дысцыпліны. У выніку сумесных дзеянняў усіх арганізацый і грамадзян за 9 месяцаў 2017 года зніжана на 5,4% гібель людзей ад знешніх прычын, а ўдзельная вага ў агульнай смяротнасці насельніцтва паменшылася з 6,6% да 6,4%. З 36 загінуўшых 8 чалавек загінулі ў выніку атручэння алкаголем, чатыры – у выніку забойства, тры – у ДТЗ, сем – закончылі жыццё самагубствам, па адным чалавеку загінула на пажары, на вытворчасці, ад утаплення.

Адзначаецца рост смяротнасці ад атручэння алкаголем на два выпадкі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Сем загінуўшых працаздольнага ўзросту, чацвёра з васьмі – мелі работу. На ўліку ў нарколага стаялі тры загінуўшыя. Да смерці іх прывяло сістэматычнае злоўжыванне спіртнымі напіткамі ў быце, а таксама вынік бязмернага разавага ўжывання алкаголю.

За 9 месяцаў 2017 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года ўзровень ужывання алкаголю паменшыўся на 4,6% (0,3 літра).

У наркалагічнай службе на дыспансерным уліку стаяць 667 чалавек. За 9 месяцаў 2017 года выяўлены і пастаўлены на кансультацыйны ўлік 53 дарослыя, а на кантрольны ўлік – 26 падлеткаў. У лячэбна-працоўныя прафілакторыі былі накіраваны 33 чалавекі, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі. За 9 месяцаў 2017 года адзначаецца зніжэнне выпадкаў суіцыдаў на 22% у параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года (з 9 да 7 чалавек). Асобы, якія ўчынілі суіцыд, – усе мужчыны. Жыхароў вёскі – 42,8%. Пяць чалавек працаздольнага ўзросту. У крыві шасці загінуўшых быў алкаголь (0,8 і 3,5 праміле). Асноўныя прычыны суіцыдаў: алкагольнае ап’яненне, неспрыяльныя жыццёвыя сітуацыі (грашовыя даўгі, сямейны канфлікт, затрыманне ДАІ за ваджэнне ў стане ап’янення). З мэтай прафілактыкі суіцыдаў створана рабочая група пры райвыканкаме, медыцынскі персанал ЦРБ сумесна са старшынямі сельвыканкамаў праводзяць маніторынгі сярод жыхароў, работнікаў арганізацый раёна, якія адносяцца да групы рызыкі. Псіхолагі аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ДУ «Стаўбцоўскі ТЦСАН» аказваюць псіхалагічныя кансультацыі грамадзянам, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю.

На тэрыторыі раёна за справаздачны перыяд зарэгістравана 36 пажараў. На пажары загінуў адзін чалавек. Усе ўстановы адукацыі забяспечаны сістэмамі апавяшчэння людзей аб пажары і відэаназірання. У рамках пажарна-прафілактычнай работы суб’ектамі прафілактыкі раёна, у тым ліку аглядавымі камісіямі пры сельвыканкамах, праверана больш за 9 тысяч домаўладанняў. Выяўлена больш за 1,4 тысячы парушэнняў патрабаванняў пажарнай бяспекі ў домаўладаннях.

У студзені–верасні 2017 года на тэрыторыі раёна здарылася 13 ДТЗ, у якіх загінулі тры чалавекі, 19 – атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Зарэгістраваны чатыры ДТЗ з удзелам дзяцей, у тым ліку адно здарэнне – са смяротным канцом. Для папярэджання ДТЗ дарожнымі службамі УП «Стаўбцоўскае АКС» сумесна з ДАІ выканана 7 мерапрыемстваў па зніжэнні рызыкі ДТЗ, зроблена 19 штучных няроўнасцяў каля пешаходных пераходаў, нанесены надпіс «Школа» каля 21 установы адукацыі. Устаноўлена асвятленне пешаходнага перахода да школы праз аўтадарогу Нясвіж–Пяршаі ў в. Цеснавая, абсталявана веласіпедная дарожка каля аўтадарогі Івянец–Рубяжэвічы–Стоўбцы да в. Сцяцкі. Штомесяц праводзяцца адзіныя дні бяспекі дарожнага руху.

Усяго ў справаздачным перыядзе па лініі ДАІ выяўлена 7802 правапарушэнні, за кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення затрыманы 152 вадзіцелі, выяўлена 430 вадзіцеляў, якія не мелі пасведчанняў кіравання транспартнымі сродкамі, за парушэнне хуткасных рэжымаў прыцягнуты да адказнасці 1144 правапарушальнікі. Узбуджана 7 крымінальных спраў у адносінах да вадзіцеляў, якія паўторна на працягу года кіравалі транспартам у стане алкагольнага ап’янення. За 10 месяцаў 2017 года за кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення супрацоўнікамі ДАІ выяўлена і прыцягнута да адказнасці 9 вадзіцеляў службовага транспарту. За студзень–люты 2017 года адбылося павелічэнне колькасці злачынстваў па ўсіх лініях службаў на 7,5%, па лініі крымінальнага вышуку – на 20,1%, з павелічэннем колькасці злачынстваў, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. У 2017 годзе на тэрыторыі раёна ўчынены чатыры забойствы. Найбольшая колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку зарэгістравана на тэрыторыі Рубяжэвіцкага (29), Шашкоўскага (32), Мікалаеўшчынскага (29) сельсаветаў і ў г. Стоўбцы (82). Праведзена 115 пасяджэнняў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, на якіх разгледжана 988 чалавек.

У арганізацыях раёна за з’яўленне на рабоце ў стане алкагольнага ап’янення, распівання спіртных напіткаў у рабочы час ці на працы разарваны кантракт з 20 работнікамі, за прагулы – з 54. За парушэнне працоўнай дысцыпліны да адказнасці прыцягнуты 202 работнікі.

З кіраўнікамі і спецыялістамі арганізацый праведзена шэсць семінараў па пытаннях аховы працы. Размешчана пяць матэрыялаў у раённых СМІ. У раённай камісіі прайшлі праверку ведаў па пытаннях аховы працы 91 кіраўнік і члены камісій арганізацый. За невыкананне патрабаванняў аховы працы да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 164 работнікі арганізацый раёна (ААТ «Каганец» – 43, ААТ «Дзераўное» – 26, Стаўбцоўскае райспажыўтаварыства – 30).

Усяго за даны перыяд 2017 года апублікавана ў раённай газеце «Прамень» 114 матэрыялаў па вышэйуказанай тэматыцы.

Пытанні рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.03.2004 № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» 9 разоў разглядаліся ў ходзе правядзення адзіных дзён інфармавання. На сайце райвыканкама падтрымліваецца ў актуалізаваным стане інфармацыя раённых службаў па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва раёна.

Па пытаннях рэалізацыі Дырэктывы № 1 у 2018–2020 гадах у райвыканкаме ўжо распрацаваны план мерапрыемстваў. Даручана ўсім арганізацыям, установам раёна актывізаваць работу па выкананні патрабаванняў Дырэктывы № 1 і забеспячэнні жыццядзейнасці насельніцтва раёна.

Н. ЛЕАНІДАВА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>