Прафілактыка. Ва ўзаемадзеянні – супраць наркотыкаў

Раённым выканаўчым камітэтам заслуханы ход выканання Комплекснага плана мерапрыемстваў, накіраваных на прыняцце эфектыўных мер па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, прафілактыцы іх ужывання, у тым ліку сярод дзяцей і моладзі, і сацыяльнай рэабілітацыі асоб, хворых на наркаманію.

Прыярытэтным накірункам Дэкрэта № 6 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама Комплекснага плана з’яўляюцца мерапрыемствы па прафілактыцы правапарушэнняў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. Вынікі іх рэалізацыі разглядаліся ў райвыканкаме на пасяджэнні савета па дэмаграфічнай бяспецы. З боку УУС Мінаблвыканкама праводзіўся маніторынг, якім былі ахоплены райаддзел міліцыі, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзел адукацыі, спорту і турызму, цэнтральная раённая бальніца. Адзначана станоўчая дынаміка ў дзейнасці ўсіх суб’ектаў прафілактыкі і неабходнасць павышэння ўзроўню каардынуючай ролі райаддзела міліцыі.

Паводле апошніх даных, на ўліку ў наркалагічным кабінеце ЦРБ знаходзяцца 14 асоб, якія дапусцілі немедыцынскае ўжыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў. Вырашаецца пытанне аб зняцці з наркалагічнага ўліку двух чалавек. У бягучым годзе ў раённай бальніцы праведзены агляд 16 асоб, якія былі затрыманы работнікамі міліцыі па падазрэнні ва ўчыненні злачынстваў і правапарушэнняў па лініі незаконнага абароту наркотыкаў.

Як адзначыў старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі райаддзела міліцыі Яўген Курыла, за дзевяць месяцаў 2017 года па лініі наркакантролю выяўлена восем злачынстваў (у 2016 годзе – 21), з іх чатыры (у 2016 годзе – восем) звязана са збытам наркотыкаў. Сёлета не ўстаноўлены факты перадазіроўкі наркотыкаў (у 2016 годзе – два факты). Злачынствы па лініі нарканктролю з удзелам непаўналетніх не зафіксаваны. За перыяд правядзення спецыяльнай праграмы «Мак» выяўлена 25 фактаў вырошчвання наркаўтрымліваючых раслін, у выніку чаго складзена 12 адміністрацыйных пратаколаў.

Нягледзячы на зніжэнне колькасці учыненых правапарушэнняў, сітуацыя з незаконным абаротам наркотыкаў на тэрыторыі раёна працягвае заставацца складанай. Адзначаецца зніжэнне колькасці асоб, якія ўжываюць наркатычны сродак – опій, аднак узрастае колькасць тых, хто ўжывае сінтэтычныя наркотыкі. Набыццё іх у асноўным адбываецца ў Мінску праз інтэрнэт-магазіны шляхам так званых «закладак».  

З улікам таго, што наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы і іх аналагі распаўсюджваюцца ў асноўным у маладзёжным асяроддзі, у цэнтры прафілактычнай работы знаходзяцца ўстановы адукацыі. У школах пры падтрымцы іншых суб’ектаў прафілактыкі арганізуюцца тэматычныя дні інфармавання, адзіныя дні здароўя, дні прафілактыкі, акцыі, бацькоўскія сходы, трэнінгі, спартландыі і т. п., якія ў тым ліку ахопліваюць вучняў у шосты школьны дзень і ў канікулярны час. У ліпені 2017 года для другаснай занятасці школьнікаў былі арганізаваны вучнёўскія брыгады. Сярод новых формаў работы – конкурсы агітбрыгад, ток-шоу, адкрытыя дыялогі. Арганізаваны паказ відэаролікаў «За жыццё супраць наркаманіі», «Нястрачанае пакаленне», «Разам – супраць бяды», «Небяспечныя гульні».

Менавіта ў школах важна своечасова выявіць вучняў з асаблівасцямі ў паводзінах і знешнім выглядзе і перадаць гэтую інфармацыю ў цэнтральную раённую бальніцу, райаддзел міліцыі. Бальніцай работа павінна весціся з прыцягненнем псіхолага, указаннем тэлефонаў для атрымання бясплатнай кансультацыі. Даручана правесці анкетаванне сярод розных груп насельніцтва з мэтай вызначэння схільнасці да ўжывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў. У бальніцы інфармацыя антынаркатычнай накіраванасці змешчана на сайце і інфармацыйных стэндах, у бягучых радках. Такая ж інфармацыя павінна быць даступна для агульнага агляду і ў арганізацыях раёна.

Па-ранейшаму адным з актуальных пытанняў застаецца інфармаванне школьнікаў аб адказнасці за ўчыненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, таму раённаму камітэту БРСМ, аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі неабходна актывізаваць работу па прапагандзе здаровага ладу жыцця, растлумачэнні негатыўных наступстваў ужывання наркатычных сродкаў, задзейнічанні непаўналетніх, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх і ўнутрышкольным уліку ў розныя формы часовай працоўнай занятасці, арганізацыі вольнага часу.

Важна не спыняць мерапрыемствы, накіраваныя на прыцягненне да адказнасці асоб, якія займаюцца рэалізацыяй насення маку, насваю. Ад сельвыканкамаў патрабуецца індывідуальная прафілактычная работа з тымі грамадзянамі, якія былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, учыненыя ў стане наркатычнага ап’янення ці звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў.      

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>