Жыватворная вада з рубяжэвіцкай крынічкі

2511e

Беларусь называюць сінявокай, або краінай дзесяці тысяч азёр. Акрамя таго, на тэрыторыі рэспублікі працякае мноства рэк і ручаёў, струменяцца крыніцы, якія ва ўсе часы былі і застаюцца для людзей месцам прыцягнення і сёння ўяўляюць сабою дзіўны сплаў прыродных сіл і тысячагадовых традыцый. Адна з іх бруіцца ў Рубяжэвічах і размешчана на поўдзень ад моста, які вядзе ў Новыя Рубяжэвічы. Ведаюць пра яе не толькі на Стаўбцоўшчыне. Сюды па чыстую, смачную, халодную ваду прыязджаюць з Дзяржынска, Фаніпаля, Мінска. Не мінаюць гэтае месца практычна ўсе, хто рухаецца праз аграгарадок.

Мае крынічка і сваю гісторыю. У канцы сямідзясятых гадоў сям’я мясцовых жыхароў Гарэлікаў вырашыла выкапаць на сваім участку калодзеж, а натрапілі на крыніцу, якую і назвалі ў свой гонар – Іосіфа і Каміліі. У апошнія гады тут устанавілі бажніцу – гранітную пліту ў форме крыжа, адкуль вада выліваецца ў латок і адводзіцца ў рэчышча Сулы. А сёлета паставілі альтанку, адрамантавалі лесвіцу, зрабілі сцежку, добраўпарадкавалі тэрыторыю.

У мінулую суботу, калі ў Рубяжэвічах ладзіліся раённыя «Дажынкі», а было гэта напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, крынічку ўрачыста асвяцілі. Ля дома Гарэлікаў, у той цяпер памятны для жыхароў Рубяжэвічаў дзень, сабралася нямала вясковых людзей. Прыйшлі прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй райвыканкама Юрыем Горлавым, якому і належала ідэя яе асвячэння, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і гарадскіх арганізацый, перадавікі сельгасвытворчасці. А таксама госці свята, сярод якіх член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня СВК «Агракамбінат Сноў» Мікалай Радаман, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім, старшыня ГА «Саюз палякаў Беларусі» Мечыслаў Лысы.

– Мы з вамі знаходзімся на месцы, куды пастаянна прыязджаюць людзі, якім даспадобы наша крынічная вада, – звярнулася да прысутных старшыня Рубяжэвіцкага сельвыканкама Ала Стралкоўская. – Дзякуй усім, хто прыехаў сёння раздзяліць радасную падзею асвячэння крынічкі. Штодзённа ля яе спыняецца шмат машын. Людзі спускаюцца па лесвіцы з пустым посудам, а падымаюцца з поўнымі ёмістасцямі крыштальнай крынічнай вады. Едуць да нас з бліжэйшых гарадоў і вёсак, і гэта радуе. Набіраюць ваду нават у запас, бо яна доўгі час захоўваецца.

Ала Антонаўна згадала, што выбіцца вадзе з-пад зямлі дапамаглі Іосіф Сцяпанавіч (светлай памяці) і Камілія Станіславаўна Гарэлікі. Гаспадары вывелі жалезную трубу за агароджу, каб кожны меў магчымасць набраць студзёнай вады. Супрычыніўся да гэтай добрай справы і іх сусед, прадпрымальнік Анатолій Туміловіч, які прывёз гранітную пліту. У гэтага добрага і шчырага чалавека было шмат задум, як акультурыць гэтае месца, зрабіць яго прыгожым. Але, на жаль, ён не паспеў – два гады назад пайшоў з жыцця. Аднак яго планы паступова ажыццяўляюцца.

Самае галоўнае, як падкрэсліў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, што добрая справа не забыта, яна жыве ў памяці людзей. На асвячэнне крынічкі прыйшла і сястра Анатолія Туміловіча – Рамуальда Апанасік.

Прысутныя з нецярпеннем чакалі таінства асвячэння. Святары Рубяжэвіцкіх касцёла і царквы ксёндз Уладзімір і айцец Мікалай прачыталі малітвы з просьбай да Усявышняга аб блаславенні гэтай крынічкі. Каб служыла яна людзям на здароўе, і тыя, хто ёю будзе карыстацца, каб зрасталіся ў веры і адчувалі заўсёды заступніцтва і дапамогу Божую. І каб думкі людзей, якія будуць спажываць ваду, заўсёды былі чыстымі, як і сама крынічная вада. Затым усіх запрасілі паспытаць свянцонай вады.

Як падкрэсліла Ала Стралкоўская, гэтая крынічка – першы крок да паступовага акультурвання прыроднага скарбу. На тэрыторыі сельсавета струменіць нямала крыніц. Яны самастойна выбіліся з-пад зямлі. Толькі ў адных Рубяжэвічах іх чатыры.

– Прыйдзе час, і мы зробім усё для таго, каб людзі ішлі і да іх, – сказала Ала Антонаўна, – і пілі на здароўе жыватворную ваду, бо прырода дапамагае чалавеку толькі тады, калі ён не пакідае яе без увагі.

Старшыня сельвыканкама шчыра падзякавала кіраўнікам і працаўнікам Стаўбцоўскага лясгаса і Рубяжэвіцкага лясніцтва, Стаўбцоўскага АКС, Рубяжэвіцкага ўчастка ДРБУ № 135, ААТ «Рубяжэвічы», работнікам мясцовай школы і дзіцячага сада, якія дапамаглі ў акультурванні згаданага прыроднага аб’екта, супрацоўнікам сельвыканкама.

Надзея БАТАЛКА

На здымках: айцец Мікалай і ксёндз Уладзімір чытаюць малітву падчас асвячэння крынічкі; гранітная бажніца; гаспадыня дома, на ўчастку якой струменіцца крыніца, Камілія Гарэлік; да прысутных звяртаецца сястра Анатолія Туміловіча – Рамуальда Апанасік;на месцы выхаду крынічкі – прыгожая альтанка; старшыня сельвыканкама Ала Стралкоўская расказвае гісторыю нараджэння крынічкі.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>