Прастольнае свята

2911d

Святочна і шматлюдна было ў храме Архангела Міхаіла ў аграгарадку Налібакі Стаўбцоўскага благачыння 21 лістапада. Ушанаваць Архістраціга Міхаіла і іншых Нябесных Сіл бясплотных і прыняць удзел у святочным Богаслужэнні ў прастольнае свята Міхайлаўскага храма прыехалі свяшчэннаслужыцелі благачыння, паломнікі з Мінска, са Стоўбцаў, Маладзечна, дзе да гэтага служыў айцец Сергій Давыдзенка, цяперашні настаяцель Налібацкага храма, і іншых мясцовасцяў.

Прыгожы святочны перазвон, які выканала прафесійны званар з Маладзечна Наталля, сабраў пад кроў храма і мясцовых жыхароў.

Урачыстасць, незвычайную прыгажосць і святасць Богаслужэнню надало тое, што Бажэственную Літургію служылі шэсць свяшчэннаслужыцеляў на чале з благачынным протаіерэем Аляксандрам Марцінчыкам. Сярод іх былі протаіерэі Віталій Шаркоў і Іаан Ляшкевіч, якіх з радасцю сустракалі мясцовыя людзі, яны ў свой час служылі ў гэтым храме. Як прызнаўся айцец Віталій, кожны з прыхаджан храма застаўся ў яго сэрцы, і гэты храм застаецца для яго дарагім.

Падчас малебна народ Божы ўзносіў малітвенные просьбы да Архангела Міхаіла і ўсіх Нябесных Архангелаў і Ангелаў аб іх святым прадстацельстве перад Прастолам Божым у духоўных і жыццёвых патрэбах.

Настаяцель храма айцец Сергій Давыдзенка ў сваёй пропаведзі на прыкладах Свяшчэннага Пісання паказаў ролю Воінства Нябеснага ў спаўненні ўсіх прароцтваў, заклікаў веруючых звяртацца ў малітвах да гэтых служыцеляў любові і міру. Айцец Сергій сардэчна прывітаў старшыню Налібацкага сельвыканкама Аляксандра Пілінкевіча, які разам маліўся на Бажэственнай Літургіі, і ганаровага ксяндза каноніка Мар’яна Шэршаня, які прыняў запрашэнне ўзяць удзел ва ўрачыстасці ў праваслаўным храме. Гэтыя візіты – знак згоды, міру, яднання, любові ў Хрысце ўсіх, хто жыве ў гэтай мясцовасці.

Аляксандр Пілінкевіч пацвярджае гэта, расказваючы, што Налібакі ўдзельнічаюць у еўрапейскай праграме «Здаровы пасёлак». У плане прапісана і сумесная работа сельвыканкама, праваслаўнага і каталіцкага свяшчэннаслужыцеляў па духоўна-маральным выхаванні маладога пакалення і ўдзеле ў праектах з мэтай матывацыі мясцовых жыхароў весці здаровы лад жыцця.

Аляксандр Іванавіч расказвае, што мясцовыя людзі вельмі прыязна прынялі сям’ю свяшчэнніка. Палюбілі матушку Наталлю, якая выдатна сябе праявіла на пасадзе сацыяльнага інспектара. Наталля Давыдзенка аказвае вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы ўсіх святочных урачыстасцяў, якія праводзяцца ў Налібаках, умее працаваць і з моладдзю, і з пажылымі людзьмі, ад яе зыходзіць святло, мір, пазітыў.

Павагу выклікае і яе служэнне ў храме Божым. Матушка Наталля і тры дачкі сям’і свяшчэнніка – навучэнка Мінскага ліцэя Еўфрасіння, дзевяцікласніца Налібацкай сярэдняй школы Марыя і шасцікласніца Серафіма – спяваюць у царкоўным хоры. Толькі яны і спяваюць. Тут спатрэбіліся музычныя веды дзяўчынак, якія яны атрымліваюць у дзіцячай школе мастацтваў.

Сям’ю свяшчэнніка мясцовыя людзі палюбілі і за вясковы ўклад жыцця. Хоць матушка Наталля мінчанка, аднак яна выдатна спраўляецца з дамашнімі клопатамі і нават трымае гаспадарку. Прыход тут небагаты, бо малы працэнт праваслаўных. А наогул, сям’я айца Сергія і матушкі Наталлі Давыдзенка – гэта як маленькая царква, прыклад для іншых.

Благачынны прыходаў айцец Аляксандр Марцінчык падзякаваў айцу Сергію і прыхаджанам за клопат па доглядзе храма, падтрыманні яго ў належным парадку, за нераўнадушныя адносіны да лёсу гэтай святыні на нашай зямлі. Усе пажадалі айцу Сергію, які год служыць у Налібаках, «прырасці» каранямі тут, жадалі яму дапамогі Божай у тым, каб прыход разрастаўся. Вялікая міласць Божая для кожнага населенага пункта мець свой храм, ды яшчэ такі прыгожы, як у Налібаках.

Пасля Літургіі пад урачысты звон адбыўся хрэсны ход вакол храма. Дабравест рассыпаўся дабром і мірам па ўсім наваколлі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>