У калектывах Стаўбцоўшчыны

Filed under: Нумары,Раённыя навіны |

0212a

ДЭЛЕГАЦЫЯ З ААТ “КАГАНЕЦ” – НА СВЯЦЕ “ДАЖЫНКІ”

Аператар зернесушыльнага комплексу Дзмітрый Рубін, загадчык майстэрань машынна-трактарнага парку Аляксандр Пазняк, механізатар Дзмітрый Трацяк у ліку мясцовай дэлегацыі лепшых працаўнікоў таварыства прадстаўлялі ААТ «Каганец» на нядаўнім раённым свяце «Дажынкі», дзе падводзіўся рахунак добрых асабістых і калектыўных напрацовак.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ВЫТВОРЦЫ. НЕКТАРЫ І Ў РАСІІ ЗАПАТРАБАВАНЫ

На Стаўбцоўскім філіяле ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» працягваюць нарыхтоўку морквы і іншай гародніны, каб забяспечыць выпуск і пастаўку нектараў у Расійскую Федэрацыю.

Адзін са спажыўцоў – гандлёвая сетка «АШАН» – закантрактаваў 320 тысяч бутэлек нектараў у асартыменце. 40 працэнтаў гэтага аб’ёму выпускаецца са свежай сыравіны, для разліву астатняга будзе выкарыстоўвацца сыравіна, нарыхтаваная ў асептычныя мяхі і ёмістасці. Магутнасць лініі па вытворчасці сокаў складае 20 тысяч бутэлек у суткі, нектараў з мякаццю – 16 тысяч бутэлек у суткі. Дзякуючы праведзенай мадэрнізацыі выпуск сокаў і нектараў ажыццяўляецца і ў сучаснай упакоўцы bag-in-box ёмістасцю тры, пяць і дзесяць літраў, і за студзень–верасень 2017 года ён склаў 246 тон. Істотна вырасла апошнім часам папулярнасць ікры кабачковай пад гандлёвай маркай «Уездные рецепты».

На тэхналагічнай лініі італьянскай вытворчасці выпушчана 563 тоны фруктова-ягадных напаўняльнікаў для кандытарскай і малочнай прамысловасці (на 73 працэнты больш, чым у мінулым годзе). Напаўняльнікі са смакам трускалак, вішні, чарніц, брусніц, маліны, грушы, яблыкаў, чорнай парэчкі і т. п. дабаўляюць у ёгурты, глазіраваныя сыркі, тварожныя пасты, марожанае такія вядомыя айчынныя вытворцы, як Мінскі малочны завод № 1, «Молочный мир», «Беллакт», «Бабушкина крынка», «Милкавита», «Савушкин продукт», Бярозаўскі сыраробны камбінат і іншыя.

Пр

 

РЫБНАЯ ГАСПАДАРКА. ПАСЛЯ АДЛОВУ – АЧЫСТКА САЖАЛАК

На ўчастку «Хатава» племптушкарэпрадуктара «Бройлер» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» заканчваецца адлоў рыбы.

– На даны момант атрымана больш за 48 тон рыбы таварнай і пасадачнага матэрыялу. Пакуль не адлоўлены дзве сажалкі з 15-ці, таму спадзяёмся на выкананне прагнознага паказчыка ў 55 тон рыбы. Якасць яе, дарэчы, выдатная, – заўважае начальнік участка Юрый Мінько.

У «Хатаве» традыцыйна вырошчваюць такія віды рыб, як карп, белы амур, карась, шчупак, таўсталобік. Апошнім часам пачалі займацца і сомам. Таварная рыба з дапамогай спецыялізаванага аўтамабіля дастаўляецца ў сеткавыя магазіны г. Мінска. Пакупнікі могуць набываць яе з акварыума. Паступае прадукцыя хатаўскіх рыбаводаў і на рынкі, у тым ліку Івянца, Стоўбцаў і т. п. Дастаўляе яе вадзіцель Раман Ключнік. Працуюць над ураджаем рыбаводы Канстанцін Пракаповіч, Алег Ключнік, Міхаіл Садоўскі, Андрэй Светагор, Анатоль Дубіцкі, Вячаслаў Кашалевіч на чале з галоўным рыбаводам Галінай Акунец. Падлікі вядзе бухгалтар Людміла Дзямянка.

Акрамя вытворчасці рыбы, у «Хатаве» займаюцца таксама прадастаўленнем паслуг базы адпачынку. Падчас сёлетняга сезона тры домікі знаходзіліся ў рамонце, але разам з тым удалося зарабіць 21 тысячу рублёў.

У бліжэйшы час плануецца правесці таргі для правядзення работ па ачыстцы дзвюх сажалак. Паводле папярэдніх падлікаў, на гэта спатрэбіцца 100 тысяч рублёў.

Пр

 

ТОРФАБРЫКЕТЧЫКІ ЗАВЯРШЫЛІ ГОД ДАТЭРМІНОВА

Да канца лістапада на ААТ «ТБЗ Нёман» датэрмінова завяршылі год – гадавы план па выпуску торфабрыкетаў выкананы на месяц раней.

– Увесь вытворчы год склаўся для нас добра. Выпушчана 32 тысячы тон прадукцыі. Яшчэ каля чатырох тысяч тон плануем выпусціць на працягу снежня, каб забяспечыць спажыўцоў цяплом. Попыт на торфабрыкеты застаецца высокім. Да Новага года нашы работнікі атрымаюць за паспяховую работу дадатковыя выплаты, – адзначае дырэктар завода Міхаіл Камейша.

Вытворцы працуюць напружана, але з настроем. Гэтымі днямі сутачная рэалізацыя на ААТ «ТБЗ Нёман» дасягае 300 і больш тон торфабрыкетаў. Канвеер працуе кругласутачна, уключаючы і выхадныя дні. Значна пашырылася колькасць спажыўцоў. Да ліку арганізацый райпалівазабеспячэння з сямі раёнаў Мінскай вобласці, якім вытворцы традыцыйна адгружаюць сваю прадукцыю, дабавіліся яшчэ Мінскі, Смаргонскі, Карэліцкі, Астравецкі раёны. Акрамя таго, 10 тысяч тон торфабрыкетаў адгружана двум цэментным прадпрыемствам рэспублікі – Беларускаму цэментнаму заводу і Крычаўцэментнашыферу. Адбою няма і ад насельніцтва, якое жадае набыць прадукцыю завода ў сувязі з пахаладаннем.

– Абсталяванне не падводзіць, сыравіны нарыхтавана столькі, што хопіць да наступнага сезона. Разам з попытам актывізаваліся і разлікі спажыўцоў. На заводзе распрацаваны графік павышэння заработнай платы і, згодна з ім, будзем выходзіць ужо ў снежні на ўзровень у 1178 рублёў, як таго і патрабуе Прэзідэнт краіны, – аналізуе становішча Міхаіл Камейша.

На наступны, 2018 год на заводзе прадугледжаны не менш стратэгічныя планы. У сувязі з рэалізацыяй дзяржаўнай праграмы «Торф» хуткімі тэмпамі нарошчваюцца аб’ёмы здабычы торфу. Так, торфабрыкетчыкам неабходна нарыхтаваць у 2018 годзе 100 тысяч тон торфу (у 2017 годзе нарыхтавана 70 тысяч тон, у 2016 – 35 тысяч тон), таму вядзецца падрыхтоўка новых палёў здабычы на 250 гектарах. Для гэтага папаўняецца іх матэрыяльна-тэхнічная база. Ужо паступілі штабялёр торфу «Амкадор-30″ і дзве ўборачныя машыны. У снежні вытворцы чакаюць фрэзерны барабан, а яшчэ павінны атрымаць два трактары МТЗ-1221.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

У АБ’ЕЗД СЦЯЦКОЎ

Калі ехаць са Стоўбцаў у напрамку аўтамагістралі М1, то нельга не звярнуць увагу на велапешаходную дарожку, якую ствараюць дарожнікі ДРБУ № 135.

– Аб’ект пакуль не завершаны, але сёлета ён будзе ўведзены ў эксплуатацыю, – сцвярджае Вадзім Савіцкі. – У саміх Сцяцках зроблены за гэты год дзве пляцоўкі для грамадскага аўтобуснага руху (адна з іх – з павільёнам). Для разгрузкі населенага пункта ад транспарту ў абход яго ажыццёўлена ўстройства паверхневай апрацоўкі аўтадарогі са змяненнем напрамку галоўнай дарогі.

Гэтыя зручнасці створаны для вяскоўцаў за кошт адлічэнняў ад дзяржаўнай пошліны, якую выплачваюць уладальнікі транспартных сродкаў пры праходжанні дзяржтэхагляду.

 

ПРАКАНТРАЛЮЕ КАМП’ЮТАР

Увесь аўтатранспарт райспажыўтаварыства абсталяваны аўтаматызаванымі модулямі кантролю.

Спецыяльныя прыборы дазваляюць у рэжыме анлайн адследжваць знаходжанне аўтамабіляў на маршруце, кантраляваць захаванне графікаў руху, прабег аўтатранспарту, рабочы час вадзіцеля. Гэта садзейнічае ўмацаванню транспартнай дысцыпліны, зніжэнню выдаткаў на транспарт, павышэнню эфектыўнасці выкарыстання аўтамабільных сродкаў.

Пр

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>