Дзядуля і ўнук – у лёсе адзіным

Filed under: Нумары,Сям'я |

0212

Стасіку было восем дзён, калі яго забралі да сябе дзядуля і бабуля, – адразу ж з радзільнага дома. У гэты час яго маці была ўжо хворая, з парушэннем псіхікі пасля свайго замужжа. Муж яе ў нецвярозым стане прыкладваў рукі, і яе цяперашняе становішча – цяжкі вынік такіх фізічных распраў.

Калі ў доме з’явілася немаўля, Антону Вераценскаму было ўжо 69 гадоў, бабулі Стасіка Марыі Сяргееўне – 66. У іх не заставалася выбару, і яны даверыліся волі Божай. Да сябе забралі і хворую дачку і ўзялі клопат пра абоіх.

Антон Канстанцінавіч аформіў апякунства над унукам. Цяпер дзядулю 87 гадоў. А па знешнім выглядзе пры яго светлым розуме, разважлівасці, незласлівасці яму і 70-ці не дасі. З бабуляй Стасіка мы не змаглі пагутарыць, таму што на той час яна знаходзілася на лячэнні ў стацыянарным аддзяленні бальніцы. На свой шаноўны ўзрост Антон Канстанцінавіч заўважае, што інакш ніяк, трэба трымацца, маладзіцца, кажа, што яму нельга пакуль збірацца, Бог адвёў зямныя дні, каб паклапаціцца пра Стасіка: унуку чатыры гады вучыцца ва ўніверсітэце, трэба дапамагчы, сустрэць з любоўю, абагрэць, у дарогу адправіць, каб ён ведаў, што ён абаронены ў гэтым вялікім, бывае, такім жорсткім і бязлітасным свеце, знаходзіцца пад надзейным крылом, што яго чакаюць. У дзядулі з бабуляй вялікая радасць – у гэтым годзе Станіслаў паспяхова закончыў Коласаўскую сярэднюю школу, выдатна справіўся са здачай уступных экзаменаў на цэнтралізаваным тэсціраванні і стаў студэнтам бюджэтнага аддзялення Беларускага нацыянальнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Станіслаў выбраў прыборабудаўнічы факультэт. Расклад заняткаў дазваляе кожную суботу вечарам прыехаць дамоў і паехаць на заняткі раніцай у панядзелак – чыгуначная станцыя побач, праз некалькі мінут хуткай хадзьбы. Да сталіцы – гадзіна з гакам язды. За выхадныя Станіслаў паспявае шмат у чым дапамагчы дзядулю. Вось і ў гэты прыезд завёў бензапілу, дровы папілавалі – для лазні, у доме – газавае ацяпленне. Агарод раней дапамог ускапаць. Антон Канстанцінавіч гаворыць, што ўнук усю работу па доме можа выканаць. Нават веласіпед парамантуе. І ўспамінае, як некалі вазіў яго маленькага на ровары праз лес у дзіцячы сад у ваенны гарадок, жывуць яны ў пасёлку, у прыватным доме. У лесе не адзін раз бачылі зайцаў, во была пацеха і радасць для малога! Гэтыя кранальныя ўспаміны дзяцінства ніколі не сатруцца з удзячнай памяці Стасіка.

Слухаючы такую адметную гісторыю вялікай ахвярнай любові і служэння, мы не ўтрымліваемся, пытаемся ў Станіслава: што значыць у яго жыцці дзядуля?

– Ён для мяне ўсё. Я свайго тату бачыў толькі адзін раз у жыцці, калі мне было пяць гадоў. Ды і тое выпадкова. Мы з дзядулем паехалі на рынак у Дзяржынск купіць будаўнічыя матэрыялы. А ён на той час працаваў на рынку, адкрываў вароты. Як таты не стала, мне было дзевяць гадоў. Так што дзядуля мне быў і за дзеда, і за бацьку. Ён для мяне прыклад ва ўсім. Я стараюся і буду старацца не падвесці яго, ніколі не пакрыўдзіць, гатоў гэтак жа, як і ён мне, стаць яму падтрымкай ва ўсім.

Дзед не ўтрымліваецца, каб не ахарактарызаваць Стасіка:

–             Характар у яго мяккі, сціплы, сарамлівы юнак. Усяму навучыўся, памочнік мне ва ўсім, не лянуецца, падтрымка нам гэтае дзіця, уцеха вялікая, надзея наша.

Антон Канстанцінавіч называе яшчэ аднаго чалавека, хто шмат паўплываў на Станіслава, каб ён сфарміраваўся як цэльная асоба. Гэта яго класны кіраўнік А. К. Лобка.

–             Яна, як родная маці, узяла на сябе клопат пра нашага Стасіка, аказала нам вялікую дапамогу ў яго выхаванні, абараняла Стасіка сваім сэрцам, каб дапамагчы яму застацца такім, які ён ёсць, – паслухмяным, добрым хлопцам. Наша бязмерная ўдзячнасць Але Канстанцінаўне.

Матуля Станіслава заспяшалася ў залу і прынесла нам фотаздымак настаўніцы. Нам падумалася: як важна пакінуць такі добры след у жыцці вучня.

Антон Канстанцінавіч і Марыя Сяргееўна як сумелі далі паўнацэннае развіццё Станіславу. Ён закончыў Наваколасаўскую дзіцячую школу мастацтваў, іграе на баяне. Чым не радасць для ўсіх!

Антон Канстанцінавіч усё жыццё адпрацаваў у вайсковай часці, там і пазнаёміўся некалі са сваёй Марыяй Сяргееўнай, з якой пражылі доўгае шчаслівае жыццё. Акрамя Станіслава ў іх ёсць яшчэ двое ўнукаў ад сына, дачакаліся ўжо і праўнукаў ад унучкі. Абое яны працавалі аператарамі кацельні, Антон Канстанцінавіч яшчэ да нядаўняга часу быў на сваім нязменным рабочым месцы – толькі тры гады як пакінуў грамадскую работу. Зарплаты ў іх былі невысокія, таму кожная капеечка ў сям’і на ўліку. Трымаюць дамашнюю гаспадарку, усе рупяцца на падворку. Дзядуля з бабуляй умудраліся яшчэ адкладваць для Стасіка, каб быў у яго нейкі жыццёвы фундамент. У Станіслава ёсць свая кватэра ў Фаніпалі. Гэта абнадзейвае пажылых людзей, што хлопец сацыяльна абаронены. Марыя Сяргееўна, калі дазваляе здароўе, ходзіць у мясцовы Свята-Георгіеўскі храм, просіць, каб іх Стасік быў пад пакровам Божым, добрую долю вымольвае для яго ў Бога.

Як і ў іншых паездках у прыёмныя і апякунскія сем’і разам з намі была галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама Алена Гамза. Яна скарыстала магчымасць вырашыць усе арганізацыйныя пытанні з Антонам Канстанцінавічам. Цяпер Станіславу ўжо 18 гадоў, і мяняецца форма дзяржаўнай падтрымкі – юнак перадаецца на дзяржаўнае забеспячэнне па месцы вучобы. Антон Канстанцінавіч дзякуе Алене Станіславаўне за падтрымку, увагу, клопат, дапамогу, за ўдзел у лёсе Станіслава. І расчулены частуе нас на дарогу яблыкамі з уласнага саду. А Станіслаў жвава збіраецца ў дарогу – ён паспявае на электрычку і не спозніцца на заняткі.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>