Памяць жывая

0212f

ДАКРАНУЦЦА ДА ВОБРАЗАЎ

Прыцягальна-захапляльныя мясціны прынямоння. Кожны куточак суадносны з паэтычнымі радкамі твораў Якуба Коласа, якія былі напісаны песняром пад уражаннямі прыроднай непаўторнасці. У гэтыя лістападаўскія дні 135-й гадавіны з дня нараджэння беларускага песняра тут асабліва шматлюдна. Успомніць векавы твор (паэму «Новая зямля»), яго яркіх, запамінальных персанажаў дапамагае вандроўнікам дзясятак драўляных скульптур, сярод якіх «Палясоўшчык Міхал», «Падгляд пчол», «Раздарожжа», «Спеўнасць краю», што майстэрскімі рукамі выраблены з мясцовага ляснога матэрыялу. Гэты скульптурны «Шлях Коласа» аздабляе лясныя сцяжыны да мемарыяльна-музейных сядзіб – тагачасных леснічовак у Акінчыцах, Альбуці, Смольні і Ластку.

За парадкам у гэтых маляўнічых мясцінах з адказнасцю і асабістай ахвотай сочыць Міхаіл Цялушка – ляснічы Акінчыцкага лясніцтва, якому пры сустрэчы з турыстамі, прыхільнікамі творчасці часам прыходзіцца быць амаль экскурсаводам, аздабляючы размову радкамі «НовайЗямлі».

Васіль Зянько

 

НА РАДЗІМЕ ПЕСНЯРА

2017 год на Стаўбцоўшчыне адметны такой знамянальнай датай, як 135-годдзе з дня нараджэння нашага земляка, народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. Каб далучыцца да жыцця і творчасці паэта-земляка, навучэнцы Дзераўнянскай сярэдняй школы вырашылі наведаць сапраўды дзівосныя коласаўскія мясціны, прайсціся Коласавым шляхам.

Смольня – гэта цэнтральная сядзіба філіяла літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Менавіта сюды, пачынаючы з 1911 года, наколькі дазвалялі здароўе і час, наведваўся народны паэт Беларусі Якуб Колас. Яшчэ працуючы настаўнікам, падчас летніх канікулаў ён тут працягваў працу над сваёй бессмяротнай паэмай «Новая зямля», пісаў іншыя творы. Тут да 1980 года пражываў малодшы брат паэта Іосіф Міхайлавіч, пры якім жыла маці Ганна Юр’еўна, якая памерла ў 1929 годзе. Варта адзначыць, што на працягу 19 гадоў шлях на радзіму паэту быў закрыты. Гэта быў час, калі ў родных мясцінах гаспадарылі ўлады буржуазнай Польшчы. Нават на пахаванне маці паэт прыехаць не змог.

Праз невысокую брамку трапляем на прасторны, прыгожа і чыста прыбраны двор, дзе нас ветліва сустракае гаспадар сядзібы – старшы навуковы супрацоўнік філіяла Сямён Корсік, які дасканала валодае біяграфічнымі звесткамі Якуба Коласа. Ён жартоўна называе навучэнцаў унукамі сваіх былых вучняў. Справа ў тым, што Сямён Пятровіч пачынаў свой настаўніцкі шлях менавіта ў нашай школе, і дзядулі і бабулі многіх з прысутных дзяцей былі тады яго першымі вучнямі.

Паволі крочым па двары да двухпавярховага цаглянага будынка, абсажанага старымі ясенямі, хвоямі і ліпамі. Некаторыя з гэтых дрэў былі пасажаны самім паэтам у 1911 годзе, калі ён прыехаў сюды да сваіх родных. Гэта яго літаратурны музей, у якім мы падрабязна даведаліся пра жыццёвы і творчы шлях паэта, пазнаёміліся са шматлікай сям’ёй, у якой нарадзіўся будучы паэт. Разглядаючы карту-схему заказніка Коласа, мы змаглі вызначыць месцазнаходжанне ўсіх мясцін, у якіх даводзілася пражываць сям’і радзівілаўскага лесніка Міхала Казіміравіча Міцкевіча – бацькі паэта. Пераходзячы з аднаго пакоя ў другі, мы быццам бы пабывалі ў Акінчыцах, Ластку, Альбуці. Як жывыя, глядзелі на нас з малюнкаў і фотаздымкаў Міхал, Ганна, дзядзька Антось, браты і сёстры паэта – прататыпы герояў паэмы «Новая зямля».

Шмат цікавага мы даведаліся пра сям’ю самога паэта: пра лёс яго жонкі Марыі Дзмітрыеўны, сыноў Данілы, Юркі і Міхася. У куточку аднаго з пакояў на невялічкім стэлажы мы нечакана заўважылі здымак першага беларускага касманаўта Пятра Клімука. Ён пакінуў на памяць музею свае фатаграфіі і невялічкі зборнік твораў Якуба Коласа, які пабываў разам з ім у космасе падчас першага палёту. Вось такія незабыўныя ўражанні.

Леакадзія КАРОТКАЯ,педагог дадатковай адукацыі Дзераўнянскай сярэдняй школы

 

ПЕСЕНЬ ДАР

Без выдатных мастакоў слова Янкі Купалы і Якуба Коласа, 135-годдзе з дня нараджэння якіх мы святкуем сёлета, мы не ўяўляем беларускую літаратуру.

Ярка, цікава, насычана і змястоўна прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры «Купала і Колас – наш гонар, сумленне і слава» ў нашай школе.

Мерапрыемства адкрывала выстава твораў песняроў «Свайму народу – песень дар».

У рамках тыдня адбыўся фестываль дзіцячых малюнкаў «І сабрала неба фарбы колераў дзівосных». Мы прадставілі на суд журы 18 работ. Удзельнікі фестывалю малявалі ілюстрацыі да любімых твораў песняроў, беларускую прыроду, апетую ў іх творах.

Спадабаўся ўсім конкурс выразнага чытання твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа «Мой любімы твор». З задавальненнем мы дэкламавалі майстроў беларускай класікі. Гучалі радкі са знакамітых паэм Янкі Купалы «Бандароўна» і Якуба Коласа «Новая зямля». На працягу Тыдня праводзіліся хвілінкі гучнага чытання, літаратурная віктарына «Ці ведаеш ты творчасць Коласа і Купалы?»

Падчас тыдня вучні 5-7 класаў наведалі мемарыяльны музей-сядзібу ў Акінчыцах, дзе пачулі цікавы аповед пра дзіцячыя гады Якуба Коласа. Заключным на Тыдні беларускай мовы і літаратуры стала мерапрыемства для вучняў пачатковых класаў «У гасцях у Коласа і Купалы». Сустрэча праходзіла ў форме вуснага часопіса. Дзеці завочна пабывалі ў славутых мясцінах песняроў, глыбей пазнаёміліся з жыццём і творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа, з іх творамі.

Для вучняў 5-11 класаў была праведзена літаратурная гасцёўня. Мы чыталі на памяць вершы класікаў, інсцэніравалі ўрыўкі са знакамітых твораў. Знаёмства з родным кутам песняра пакінула незабыўнае ўражанне.

Заключным акордам гасцёўні стаў відэафільм пра Якуба Коласа, яго жыццё і творчасць.

На школьнай лінейцы дырэктар Ніна Іванаўна Аляшкевіч узнагародзіла ўдзельнікаў Тыдня граматамі і дыпломамі ў розных намінацыях.

Дзмітрый ФУРCЕВІЧ,вучань Старасвержанскай сярэдняй школы

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>