Умець жыць дружна

Filed under: Нумары,Соцыум |

0612b

Раённае аб’яднанне прафсаюзаў падвяло вынікі аб’яўленага агляду-конкурсу на лепшую пярвічную прафсаюзную арганізацыю. Пераможцай прызнана прафсаюзная арганізацыя райспажыўтаварыства.

Сціплая Валянціна Ліпніцкая не спяшаецца хваліцца дасягненнямі. Для яе, інжынера па ахове працы, старшынство ў прафсаюзе – грамадская нагрузка. Аднак Валянціна Сямёнаўна сумела так арганізаваць работу, што яе вопыт быў цікавы іншым старшыням прафкамаў, якія былі запрошаны на пасяджэнне прэзідыума савета аб’яднання прафсаюзаў.

У райспажыўтаварыстве адмысловыя інфармацыйныя стэнды, правільнае вядзенне справаздачнасці, акуратнасць і дакладнасць ва ўсім. Гэта займае нямала часу ў старшыні прафкама. Аднак Валянціна Ліпніцкая больш увагі надае жывой рабоце з членамі прафсаюза. Іх на ўліку 548 чалавек і яшчэ – 159 непрацуючых ветэранаў спажывецкай кааперацыі. Толькі ў бягучым годзе прыняты 104 новыя члены прафсаюза. І што адметна, членства ў прафесійным саюзе маюць 119 маладых працаўнікоў ва ўзросце да 31 года. У гэтым годзе калектыў папоўніўся 13-цю маладымі спецыялістамі. З увагай да іх і падтрымкай створаны савет настаўнікаў з ліку высокапрафесійных вопытных працаўнікоў. Моладзь уведзена ў склад камісій, якія працуюць у прафкаме. Гэта дапамагае маладым людзям прадстаўляць свае інтарэсы.            

Заслугай Валянціны Ліпніцкай з’яўляецца тое, што яна ўмее працаваць з людзьмі, арганізаваць іх на справы, у якіх яны спаўна могуць рэалізаваць свае здольнасці. Кожны год калектыў мастацкай самадзейнасці паспяхова выступае на разнастайных конкурсах. У мінулым годзе, напрыклад, заняў трэцяе месца ў аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці ў Нясвіжы. Вартыя пахвалы і спартсмены. Летась у абласным турніры па міні-футболе стаўбцоўскія кааператары занялі трэцяе месца, а на абласной спартакіядзе – пятае каманднае. На «Стаўбцоўскай лыжні» спартсмены з райспажыўтаварыства штогод атрымліваюць узнагароды. Удзел у разнастайных конкурсах выявіў столькі талентаў! І гэта не толькі вакалісты, але і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Працаўнікі райспажыўтаварыства паўдзельнічалі ў конкурсе «Новыя імёны Беларусі», у Тыдні прафсаюзнай культуры. У абласным конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Ражджэственская зорка» былі заваяваны першае і трэцяе прызавыя месцы. Прафсаюз адправіў сваіх прадстаўнікоў на абласны агляд-конкурс на лепшага грамадскага інспектара, на лепшую грамадскую камісію, на лепшую прафсаюзную арганізацыю па ахове працы. Сямейная дынастыя Астапенкаў паўдзельнічала ва ўрачыстасці ўшанавання працоўных дынастый у Мінску. Вадзіцель аўтамагазіна Станіслаў Луцэвіч стаў «Чалавекам года Міншчыны–2016″. Прафкам удзельнічае ў заахвочванні працаўнікоў, якія бяруць удзел у абласных і рэспубліканскіх конкурсах прафесійнага майстэрства.

Усё гэта, безумоўна, згуртоўвае калектыў. Таму і такія прыгожыя атрымліваюцца святкаванні ў Дзень абаронцаў Айчыны, на 8 Сакавіка, у Дзень маці, у дзень прафесійнага свята – заўсёды з салодкімі падарункамі ад прафсаюза. Ніхто ў раёне не перасягнуў прафсаюзную арганізацыю райспажыўтаварыства ў падтрыманні цеснага кантакту з ветэранамі, якія цяпер ужо на заслужаным адпачынку. Кожны год для іх арганізоўваецца свята ў рэстаране. Толькі вельмі-вельмі важкая прычына можа не дазволіць камусьці прыехаць на гэтую ўрачыстасць.

Паездкі ў тэатр, цырк, на экскурсіі па Беларусі, арганізацыя музычных навагодніх прадстаўленняў для дзяцей членаў прафсаюза ў раённым Цэнтры культуры, сумесныя святкаванні ўрачыстасцяў – усё гэта традыцыйна і нязменна.

Калектыўны дагавор таксама скіраваны на тое, каб абараніць працаўнікоў арганізацыі, даць ім дадатковыя гарантыі. Толькі ў 2016 годзе членам прафсаюза па прычыне розных сямейных абставін была аказана матэрыяльная дапамога на суму 2865 рублёў.

Цяпер Валянціна Ліпніцкая занята ўжо падрыхтоўкай навагодніх падарункаў для дзятвы. Іх чакаюць 430 дзяцей працаўнікоў спажывецкай кааперацыі ва ўзросце да 14 гадоў. Традыцыйна аб’яўляецца конкурс сярод арганізацый райспажыўтаварыства на лепшае афармленне інтэр’ераў пад назвай «Сустракаем Новы год».

Перамога ў прафсаюзным аглядзе-конкурсе таксама стала матывацыяй для членаў пярвічнай арганізацыі і надалей жыць дружна, праяўляць ініцыятывы, творчасць і актыўнасць.

Святлана ЖЫБУЛЬ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>