Грамадскае служэнне пад пакровам Царквы

0912h

На базе раённай дзіцячай бібліятэкі імя Якуба Коласа адбыліся Ражджэственскія адукацыйныя чытанні. Яны былі падрыхтаваны пад кіраўніцтвам благачыннага прыходаў Стаўбцоўскай акругі протаіерэя Аляксандра Марцінчыка.

На чытанні былі запрошаны свяшчэннаслужыцелі благачыння, прадстаўнікі прыходаў, свецкіх устаноў і арганізацый.

Чытанні былі прысвечаны актуальным пытанням сацыяльнага ўзаемадзеяння, грамадскага служэння. Уступным словам па тэме «Маральныя каштоўнасці і будучае чалавецтва» чытанні адкрыў памочнік благачыннага па катэхізатарскай і адукацыйнай рабоце настаяцель храма Нараджэння Іаана Прадцечы ў Вішняўцы свяшчэннік Генадзій Кійко.

З паведамленнем аб узаемадзеянні дзяржаўных органаў і рэлігійных арганізацый чытанні пачала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль.

Прамоўца адзначыла, што пазітыўныя змены ў эканоміцы і сацыяльнай сферы нашага грамадства звязаны са станоўчым уплывам служэння Царквы, таму што яна прапаведуе лепшыя традыцыі міласэрнасці, працавітасці і адданасці Радзіме. У сучасны момант аўтарытэт Царквы запатрабаваны ў грамадстве. Аб гэтым сведчаць падпісаныя Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой, Пагадненні аб супрацоўніцтве галіновых міністэрстваў з Царквой. У рамках прынятых праграм структурныя падраздзяленні райвыканкама, установы адукацыі, культуры, сацыяльнай абароны супрацоўнічаюць са Стаўбцоўскім благачыннем у многіх сацыяльна-значных галінах жыцця грамадства. Рэлігійныя арганізацыі запрашаюцца для ўдзелу ў вырашэнні сацыяльных праблем па накірунках, вызначаных у Праграме развіцця канфесіянальнай сферы. Святлана Анатольеўна падзякавала благачыннаму і настаяцелям прыходаў за такое сумеснае супрацоўніцтва. Яна выказала пажаданне актывізаваць сумесную работу для інфармацыйна-асветніцкай дзейнасці па пытаннях сям’і, шлюбу, выхавання дзяцей, накіраваную на павышэнне прэстыжу сямейных каштоўнасцяў. Было прапанавана сумесна са свяшчэннаслужыцелямі ажыццяўляць работу па перадабортным кансультаванні ва ўстановах аховы здароўя.

Пытанням сацыяльнага служэння ў Царкве прысвяціла сваё выступленне дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Блашко. Яна зрабіла акцэнты на сацыяльным служэнні Праваслаўнай царквы на прыходах і на сацыяльным служэнні прыхаджан праваслаўных храмаў у грамадстве. Прамоўца закранула дзейнасць сястрыцтва міласэрнасці пры кафедральным саборы святой праведнай Ганны. Як кіраўнік дзяржаўнай структуры, якая аказвае сацыяльную падтрымку насельніцтву, Святлана Блашко прывяла прыклады рэалізацыі падпісанага Пагаднення Рэспублікі Беларусь з Беларускай Праваслаўнай Царквой аб сацыяльным служэнні ў тэрытарыяльным цэнтры. Па благаславенні благачыннага протаіерэя Аляксандра Марцінчыка для пажылых людзей у цэнтры працуе клуб «Жывое слова», які вядзе свяшчэннік. Праводзіцца нямала мерапрыемстваў з удзелам свяшчэннаслужыцеляў. Выкладчык нядзельнай школы пры саборы Таццяна Ігумнава ўдзельнічае ў рабоце клуба зносін маладых інвалідаў «Урокі маральнасці». Тры гады запар праз сістэму дзяржаўнага сацыяльнага заказу маладыя інваліды нашага раёна праходзяць аздараўленне ў лагеры Дыяканічнага дома сацыяльнага служэння прыхода храма Ражджаства Прасвятой Багародзіцы ў в. Тарасава. Святлана Блашко падкрэсліла выключную важнасць супрацоўніцтва дзяржаўных органаў сацыяльнай абароны з Праваслаўнай Царквой, якая з’яўляецца інстытутам у выпрацоўцы хрысціянскіх падыходаў да ажыццяўлення сацыяльнай дзейнасці.

Выкладчык нядзельнай школы пры кафедральным саборы святой праведнай Ганны Таццяна Ігумнава падрыхтавала даклад па тэме «Царква і моладзь». З выпускной магістрскай работай «Тэндэнцыя развіцця царкоўнага арганізму на падставе аналізу календара» выступіў магістр царкоўнай гісторыі, настаяцель Свята-Георгіеўскага храма ў пас. Наваколасава і Свята-Пакроўскага храма ў аграгарадку Аталезь свяшчэннік Сергій Бегіян. Выступленне выклікала вялікую цікавасць прысутных.

Дырэктар Засульскай сярэдняй школы Валянціна Кухарчык падзялілася вопытам сумеснай работы навучальнай установы з настаяцелем храма Нараджэння Іаана Прадцечы ў Засуллі протаіерэем Іаанам Ляшкевічам. Быў паказаны прыгожы відэафільм, які зафіксаваў моманты ўдзелу вучняў у ражджэственскіх і пасхальных урачыстасцях у храме, наведвання дзецьмі дома-інтэрната для ветэранаў вайны і працы і інш.

Настаяцель Свята-Успенскага храма ў Новым Свержані іерэй Сергій Лебедзь сабраў матэрыял аб навамучаніцы Надзеі Ажгірэвіч, якая родам з Галавенчыц. Стараннямі гэтага прыхода былі надрукаваны іконкі святой навамучаніцы Надзеі, якімі айцец Аляксандр благаславіў кожнага з удзельнікаў Ражджэственскіх чытанняў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота іерэя Георгія КУР’ЯНА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>