Грэе сэрца зорачка Героя

0912b

Дзве прыгожыя працоўныя юбілейныя даты сышліся ў лістападзе ў Героя Сацыялістычнай Працы, брыгадзіра МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Зінаіды Ярашэвіч. Удумайцеся, агульны працоўны стаж гэтай жанчыны ў сельскай гаспадарцы налічвае шэсць дзесяцігоддзяў! З іх 55 гадоў яна рупіцца ў самай нялёгкай галіне – жывёлагадоўчай.

Расказ аб пачатку сваёй працоўнай дзейнасці Зінаіда Пятроўна пачала такімі словамі:

– Колькі сябе памятаю – столькі працую. Літаральна з дзяцінства. У нашай сям’і было трое дзяцей, а маці часта хварэла, і на маіх плячах ляжала ўся работа па хатняй гаспадарцы. Пасля заканчэння школы аб далейшай вучобе нават і не думала, пайшла працаваць у паляводчую брыгаду.

З таго часу і пачалася працоўная біяграфія самай тытулаванай на сёння ў нашым раёне жанчыны. На той час у калгасе «Рассвет» Нясвіжскага раёна праз два гады шчырай працаўніцы даверылі ўзначаліць ільнаводчае звяно. І яна сумленна шчыравала, што дазваляла дабівацца неблагіх паказчыкаў. У 1962 годзе Зінаіда Пятроўна выходзіць замуж і пераязджае жыць з вёскі Андрушы ў Пагарэлае.

– Летам згулялі вяселле, а на пачатку восені старшыня калгаса «Перамога» Канстанцін Каробка прапанаваў мне пайсці працаваць даяркай на ферму, – успамінае жанчына. – Тады яшчэ кароў даілі ўручную. Згадзілася. Паступова прывыкла, стала ў мяне няблага атрымлівацца. Далей усё лепш і лепш. Спачатку надоі былі ў межах трох-чатырох тысяч кілаграмаў. Затым даільныя апараты набылі, неўзабаве малакаправод устанавілі, стала лягчэй. Пачалі нарыхтоўваць больш якасных травяных кармоў, камбікармы ўвялі ў рацыён.

У 1988 годзе за высокія паказчыкі Зінаідзе Ярашэвіч прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы. Атрымліваць самую дарагую для яе ўзнагароду, якая ўжо амаль трыццаць гадоў асвятляе шлях простай сялянкі, Зінаіда Пятроўна ездзіла ў Маскву. Трэба дадаць, што ў сталіцу цяпер ужо былога Саюза ехала тады не ўпершыню. Яе заўважылі значна раней. У 1979 годзе перадавую даярку і ардэнаносца (а Зінаіда Пятроўна ўжо мела за рупнасць і высокія паказчыкі тры ордэны – «Знак Пашаны» (1973г.), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1976 г.), ордэн Леніна (1982 г.) і медалі) выбіраюць дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР 10-га склікання, дзе яна займала пасаду намесніка старшыні Савета Саюза.

–Калі даведалася аб гэтым, то разгубілася: так высока паднялі мяне, простую даярку з беларускай вёскі, – згадвае і дагэтуль здзіўляецца жанчына. – На працягу пяцігодкі па два разы на год ездзіла на сесіі.

На ХХVІІ з’езде КПСС Зінаіду Пятроўну выбралі членам прэзідыума. Сядзела яна побач з цяпер ужо былымі высокапастаўленымі асобамі некалі вялікай савецкай дзяржавы. Ці магла тады яна падумаць, што наведацца ў Маскву з добрай нагоды прыйдзецца яшчэ не раз. І самай прыемнай будзе паездка па высокую ўрадавую ўзнагароду. У той памятны дзень Зінаіда Пятроўна нясмела ступіла на перон Беларускага вакзала, а ад’язджала як ніколі шчаслівай – сэрца ёй грэла зорачка Героя. Сёння для ўсіх нас гэта гісторыя, а для Зінаіды Пятроўны – адна са старонак яе жыцця, напоўненага яркімі і незабыўнымі падзеямі мінулых гадоў.

На МТФ «Пагарэлае», якая з’яўляецца ў таварыстве селекцыйна-племянной, Зінаіда Ярашэвіч працуе і сёння. Апошнія 27 гадоў гэтая мудрая жанчына кіруе перадавым калектывам, які ў ліку першых у раёне дасягнуў дзесяцітысячнага гадавога надою малака ад каровы. Рэкордны для раёна паказчык да гэтага часу ніводны калектыў не змог перасягнуць.

– Я ніколі не імкнулася стаць брыгадзірам, таму што мне падабалася мая непасрэдная работа, – працягвае размову Зінаіда Ярашэвіч. – Я заўсёды любіла і люблю жывёлу, падыходжу да яе з ласкай. Гэтаму вучу маладых аператараў машыннага даення. І рагулі аддзячваюць малачком.  

Кожны дзень брыгадзіра распісаны літаральна па гадзінах. Дом – ферма, ферма – дом. У чатыры гадзіны раніцы жанчына садзіцца на веласіпед і бярэ кірунак да месца працы. Прычым на веласіпедзе Зінаіда Пятроўна ездзіць у любую пару года. Пакуль аўтобус даставіць жывёлаводаў на дойку, яна ўжо на месцы. Сама ўсё праверыць: пройдзе па тэрыторыі, зазірне ў памяшканні, бо ва ўсім любіць парадак. І абавязкова пракантралюе працэс даення. Калі ёсць патрэба, то заменіць работніка. Яна ж усё ўмее рабіць! І ў гэтым, у рабоце, заключаецца сэнс яе жыцця, бо Зінаіда Пятроўна не можа сядзець без справы. Яна заўжды рухавая, не зважае на ўзрост, стараецца яго не прыкмячаць. І маладая душою.

– Дзеці гавораць, каб ішла на пенсію, а я адказваю ім, што ўжо даўно на пенсіі, – жартуе Зінаіда Пятроўна. – Ну, не магу я без фермы – яна стала для мяне другім домам. Кладуся спаць і думаю, як там мае кароўкі, і сніцца работа. Не ўяўляю сябе без людзей, з якімі столькі гадоў працую, бо калектыў стаў маёй другой сям’ёй. Мае вучаніцы ўжо пенсійнага ўзросту, але некаторыя яшчэ працуюць разам са мною. Адна з іх – перадавая даярка Ніна Зяньковіч, з якою шчыруем дзень у дзень на працягу сарака гадоў.  

Брыгадзір практычна ўвесь дзень на рабоце. Яе застанеш на ферме ў выхадныя і святы. І калі толькі паспявае дома па гаспадарцы ўхаджацца?! Там жа карова, свінні, індыкі, качкі. Усіх іх трэба своечасова накарміць. І Зінаіда Пятроўна спраўляецца гэта рабіць. На падвор’і чыста, агарод на зіму заўжды ўскапаны. І дом на ўсю вёску адметны.

– Штодзень устаю ў палове чацвёртай. Для мяне ж работа не цяжар, хутчэй, адчуваю ад яе задавальненне. Дачка з зяцем наведваюцца ў выхадныя і дапамагаюць, сын заязджае, унукі, – сведчыць гаспадыня. – Люблю ва ўсім акуратнасць. І кветкі люблю. З ранняй вясны да позняй восені каля майго дома цвіце іх шмат.

Зінаіда Пятроўна зарэкамендавала сябе ў жыцці не толькі як прафесіянал, але і адбылася як маці, бабуля і прабабуля. Вырасціла дастойных дзяцей, прывіла ім любоў да працы. Дачка Зінаіды Пятроўны, Наталля Віктараўна, працуе начальнікам фінансавага аддзела райвыканкама, сын Уладзімір Віктаравіч – вадзіцелем аўтобуса ў мясцовай гаспадарцы. У бабулі шасцёра ўнукаў, ёсць праўнучка.

– Жыць заўжды старалася сумленна, – сказала напрыканцы размовы Зінаіда Пятроўна. – Працую для людзей, шчыра працую, і за гэта маю павагу.

Зінаіда Пятроўна выбіралася дэлегатам ад Стаўбцоўскага раёна на 2-гі і 3-ці Усебеларускія народныя сходы. Яна – пераможца раённага конкурсу «Жанчына года – 2015″ у намінацыі «Жанчына-легенда». Летась ёй прысвоены тытул «Чалавек года Міншчыны».

На здымках: Зінаіда Ярашэвіч трымае заснаваны ў яе гонар прыз, які па выніках года перадаецца лепшай малочнатаварнай ферме; размова з цялятніцамі Марынай Пявец і Святланай Станкевіч; да бабулі завітаў унук Дзмітрый; на свяце «Дажынкі-2017″ разам з былым галоўным заатэхнікам таварыства Надзеяй Ярашэвіч.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>