Эпідсезон і выпрабаванне холадам

Filed under: Медыцына,Нумары |

1312g

З наступленнем халоднага перыяду года рэзка ўзрастае колькасць вострых рэспіраторных інфекцый і грыпу. У раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі паступаюць пытанні, якія датычаць мер прафілактыкі і барацьбы з імі. Адказы на пытанні дае загадчыца аддзела эпідэміялогіі Ірына ПЯТРОВІЧ.

– Чым небяспечны грып?

– Узбуджальнікі грыпу – вірусы тыпаў А і В, адрозніваюцца агрэсіўнасцю і выключна высокай хуткасцю размнажэння. Практычна штогод гэтыя вірусы здольны відазмяняцца ў новыя варыянты. Грып вельмі небяспечны сваімі ўскладненнямі, у прыватнасці з боку верхніх дыхальных шляхоў і лор-органаў (атыт, сінусіт, рыніт, трахеіт), сардэчна-сасудзістай (міякардыт, перыкардыт) і нервовай сістэм (менінгіт, менінгаэнцэфаліт і інш.). І, акрамя таго, грып часта суправаджаецца абвастрэннем наяўных хранічных захворванняў.

– Як абараніць сябе ад грыпу?

– Асноўнай мерай спецыфічнай прафілактыкі з’яўляецца вакцынацыя. Яна праводзіцца эфектыўнымі супрацьгрыпознымі вакцынамі, якія рэкамендаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя на бліжэйшы эпідсезон. Вакцынацыя рэкамендавана ўсім групам насельніцтва, але асабліва паказана людзям з групы рызыкі: дзецям з шасцімесячнага ўзросту, састарэлым, якія пакутуюць на хранічныя захворванні, медыкам, настаўнікам, студэнтам, работнікам сферы абслугоўвання, транспарту.

Вакцынацыя праводзіцца не пазней, як за два-тры тыдні да пачатку эпідэмічнага пад’ёму захваральнасці. Пасля вакцынацыі імунітэт развіваецца праз два – тры тыдні і абараняе ад захворвання амаль на год.

– Што важна рабіць, каб не захварэць побач з хворым?

– У перыяд эпідэмічнага пад’ёму захваральнасці рэкамендуем такія меры неспецыфічнай прафілактыкі, як пазбяганне кантактаў з асобамі, якія маюць прыкметы захворвання, скарачэнне часу знаходжання ў месцах з вялікай колькасцю людзей і ў грамадскім транспарце, нашэнне марлевай павязкі, рэгулярнае мыццё рук з мылам і праціранне іх спецыяльным апрацоўваючым растворам, вільготная ўборка, праветрыванне і ўвільгатненне паветра ў памяшканні. Безумоўна, важна весці здаровы лад жыцця, які ўключае паўнацэнны сон, збалансаванае харчаванне, фізічную актыўнасць. У адпаведнасці з рэкамендацыяй урача можна выкарыстоўваць прэпараты і сродкі, якія павышаюць імунітэт.

– Якія першыя дзеянні, калі ёсць падазрэнне на грып?

– Застацца дома і неадкладна звярнуцца да ўрача. Самалячэнне пры грыпе недапушчальнае. Строга выконваць усе рэкамендацыі лечачага ўрача, у тым ліку захаванне пасцельнага рэжыму, таму што пры грыпе павялічваецца нагрузка на сардэчна-сасудзістую, імунную і іншыя сістэмы арганізма. Рэкамендавана абільнае пітво. Каб не распаўсюджваць інфекцыі, хворага варта ізаляваць у асобнае памяшканне, якое рэгулярна праветрываць, а прадметы абіходу і падлогу праціраць дэзынфіцыруючымі сродкамі. Зносіны з хворым абмежаваць, а пры доглядзе яго выкарыстоўваць медыцынскую маску ці марлевую павязку.

– Не грып, але тэмпература вельмі высокая.

– З пад’ёму тэмпературы да 39-40 оС пачынаюцца энтэравірусныя інфекцыі. Яны суправаджаюцца рознымі клінічнымі праяўленнямі: у выглядзе вострых рэспіраторных захворванняў, вострых кішэчных інфекцый, ангін, менінгітаў, энцэфалітаў і т. п. Заразіцца гэтай інфекцыяй можна пры зносінах з хворым або носьбітам віруса, ужыванні інфіцыраванай энтэравірусамі вады, гародніны і фруктаў. Вірус можа перадавацца праз брудныя рукі, цацкі і т. п. Акрамя высокай тэмпературы, могуць з’явіцца моцны галаўны боль, галавакружэнне, ірвота, іншым разам – болі ў страўніку, мышцах.

– Якая асабістая прафілактыка захваральнасці на энтэравірусныя інфекцыі?

– Рэкамендуем добра мыць гародніну і садавіну (апалоскваць кіпнем), мыць рукі, у плавальных басейнах старацца не дапускаць заглытвання вады, не ўжываць ваду з сумніўных крыніц, пазбягаць кантакту з інфіцыраванымі хворымі.

Пры з’яўленні прыкмет захворвання трэба тэрмінова ізаляваць хворага (ён з’яўляецца крыніцай заражэння для іншых) і выклікаць дадому ўрача.

– Дзіця прачынаецца вялым, капрызным, яго ванітуе нават на галодны страўнік. Што гэта?

– Падобна на ротавірусную інфекцыю – інфекцыйнае захворванне ці хваробу брудных рук. У дарослых яно працякае ў больш лёгкай форме. Хворы заразны на працягу ўсяго перыяду хваробы (пяць – сем дзён). Паражаюцца страўнікава-кішэчны тракт і дыхальныя шляхі, што праяўляецца насмаркам, пачырваненнем горла, болем пры глытанні. У востры перыяд адсутнічае апетыт. Пры з’яўленні сімптомаў страўнікава-кішэчнага расстройства ні ў якім разе нельга даваць дзіцяці малако і малочныя прадукты, нават кісламалочныя – кефір, тварог, таму што яны ствараюць выдатнае асяроддзе для росту бактэрый.

Нельга дапускаць наведвання дзіцем дзіцячага сада ці школы з любымі праяўленнямі захворвання, а трэба выклікаць дадому ўрача. Не лішнія прафілактычныя меры – вакцынацыя і захаванне санітарна-гігіенічных нормаў.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>