Да Дня энергетыка

2012

Хутка нашы Стоўбцы ў вячэрне-начны час заззяюць новым асвятленнем – у гэтыя дні электраманцёры раёна электрычных сетак, сярод якіх Сяргей Шпакоўскі і брыгадзір Аляксандр Сахута, працягваюць замену звычайных лямпачак вулічнага асвятлення на святлодыёдныя, больш энергазберагальныя.

Фота Васіля Зянько

 

ІНСПЕКТАРАЎ ЧАКАЮЦЬ У ШКОЛЬНЫХ КЛАССАХ

Асноўнай задачай Стаўбцоўскага міжраённага аддзялення «Энерганагляд» з’яўляецца нагляд за тэхнічным станам электра- і цеплаўстановак юрыдычных і фізічных асоб, які ўключае ў сябе планавыя праверкі, маніторынгі, агляды, сумесныя рэйдавыя мерапрыемствы, работу ў аглядавых камісіях і мабільных групах.

Адзін з важных напрамкаў дзейнасці – прафілактыка электратраўматызму, у першую чаргу – сярод школьнікаў.

Прафілактычныя акцыі з назвай «Добрая энергія – дзецям» прайшлі летам у аздараўленчых лагерах, з пачатку навучальнага года – у Вішнявецкай і Налібацкай школах, Залужскім і Цясноўскім ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа. Пасля нашага інтэрв’ю, якое праходзіла напярэдадні Дня энергетыка, начальнік Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд» – старшы дзяржаўны інспектар па энергетычным наглядзе Анатоль ГЕРАСІМОВІЧ і яго супрацоўнікі таксама адправіліся на сустрэчы ў школы – Шашкоўскую і Дзераўнянскую. Падарункі дзецям – тэматычныя закладкі для кніг, магніты, расфарбоўкі і адмысловыя каляндарыкі ад РУП «Мінскэнерга» на 2018 год.    

– Анатоль Яўгеньевіч, уся гэтая наглядна-прафілактычная прадукцыя несумненна выкліча цікавасць у дзяцей. Яна ў добрым паліграфічным выкананні, каляровая і, да таго ж, мае практычнае прымяненне.

– Наглядная прадукцыя выпускаецца па заказе РУП «Мінскэнерга», і пры яе распрацоўцы мы таксама ўносім свае прапановы. Выпускаецца шмат памятак. У бягучым годзе мы распаўсюдзілі іх 10,5 тысячы штук, больш за тысячу інфармацыйных пісьмаў. Гутарым з дзецьмі, прапануем напісанне дыктантаў на электратэхнічную тэму. Такая работа актыўна вядзецца ва ўсіх пяці раёнах, якія абслугоўвае Стаўбцоўскае МРА «Энерганагляд», – Нясвіжскім, Клецкім, Дзяржынскім, Уздзенскім і Стаўбцоўскім.

Калектыў налічвае 37 работнікаў, палова якіх – гэта інспектары энергетычнага нагляду. Ёсць інжынеры, кіраўнік групы, вадзіцелі, у кожным раёне – свой начальнік раённай інспекцыі. У цэлым ажыццяўляем нагляд за 2423 спажыўцамі электрычнай энергіі, 455 цеплакрыніцамі, 717 спажыўцамі цеплавой энергіі. Інспектары правялі за 10 месяцаў бягучага года 5623 праверкі і маніторынгі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, у тым ліку 1500 – у Стаўбцоўскім раёне, амаль тры тысячы абследаванняў тэхстану электраўстановак домаўладанняў грамадзян, у тым ліку 869 – жыхароў Стаўбцоўшчыны. У сувязі з Днём энергетыка за добрасумленную працу будуць заахвочаны работнікі Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд» і раённых інспекцый.

– Што выступае крытэрыем вашай работы?

– Змяншэнне аварыйных сітуацый на электра- і цепласетках і няшчасных выпадкаў, звязаных з электратраўматызмам, тых жа скаргаў ад спажыўцоў. Нашы прадпісанні і рэкамендацыі служаць для таго, каб электразабеспячэнне адпавядала нарматыўным патрабаванням. Аказваем платныя паслугі юрыдычным і фізічным асобам, і гэты накірунак будзе развівацца. У рабоце са спажыўцамі цесна ўзаемадзейнічаем з электрасеткамі і энергазбытам.

– Сёлета ўсе 94 цеплакрыніцы і 145 спажыўцоў раёна аформілі пашпарты гатоўнасці. Ёсць у гэтым і заслуга энерганагляду.

– У пытаннях падрыхтоўкі да работы ў асенне-зімні перыяд і своечасовага падпісання пашпартоў гатоўнасці энерганагляд цесна супрацоўнічае з райвыканкамам.

Вялікая ўвага надаецца сельгаспрадпрыемствам падчас падрыхтоўкі да ўборачнай і пасяўной кампаній, зімова-стойлавага перыяду, бяспецы пажылых, шматдзетных сем’яў і іншых малаабароненых катэгорый насельніцтва. Сваю актуальную інфармацыю змяшчаем на сайце райвыканкама ў раздзеле «Службы, арганізацыі».

– Што хацелі б пажадаць сваім калегам, партнёрам?

– Усіх іх віншую з прафесійным святам, жадаю самага добрага – здароўя, міру, радаснага настрою, дабрабыту і, безумоўна, безаварыйнай работы.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>