У энергетыкаў – комплекс работ

2212b

Гэтымі снежаньскімі днямі за работай стаўбцоўскіх энергетыкаў мог паназіраць кожны неабыякавы стаўбчанін – акурат у горадзе, перамяшчаючыся дзень за днём з адной вуліцы на другую, яны вялі замену свяцільнікаў вулічнага асвятлення. Новыя свяцільнікі – з удвая большым светлавым патокам, энергазберагальныя. Работа энергетыкаў праходзіла на вышыні, пры любых пагодных умовах, нягледзячы на ажыўлены рух транспарту, на фоне гарадскога тлуму…

Працавала брыгада РЭС пад кіраўніцтвам майстра Андрэя Гарохавіка. Зладжана выконвалі свае функцыі брыгадзір Аляксандр Сахута, электраманцёры Дзмітрый Паплаўскі і Уладзімір Аксінчыц, машыніст аўтавышкі Віктар Мазуркевіч. «Гэтая брыгада яшчэ пакажа сябе – у Стаўбцоўскім РЭС яна першая асвоіла навыкі работы пад напружаннем, без адключэння ліній электраперадачы», – зазначае галоўны інжынер РЭС Віктар Пракаповіч. На філіяле «Стаўбцоўскія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга» брыгада з аналагічнымі навыкамі ўжо працуе на базе Дзяржынскага РЭС. Да канца бягучага года плануецца набыць неабходныя ахоўныя сродкі і для брыгады пад кіраўніцтвам Андрэя Гарохавіка. Акрамя таго, у раёне за апошні час практычна ўсё вулічнае асвятленне пераведзена на дыстанцыйнае кіраванне, і планамерна ідзе замена лямпачак, як сказана вышэй, на сучасныя святлодыёдныя, якія дазволяць эканоміць электраэнергію ў два-тры разы. Работа ў гэтым напрамку вядзецца згодна з Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3.

Сярод значных набыткаў Стаўбцоўскіх электрасетак у адыходзячым годзе – 30-метровы аўтапад’ёмнік, аўтамабілі для брыгад на базе МАЗа, два легкавыя аўтамабілі УАЗ. Сярод адметных праектаў – вядзецца падрыхтоўка да рэканструкцыі падстанцыі «Стоўбцы» з мэтай пераводу яе з напружання 220 кВ на 330 кВ. Такая неабходнасць прадыктавана будучымі патрэбамі Астравецкай АЭС.

Да ўкаранення прагрэсіўных тэхналогій, прыярытэтнай увагі пытанням энергазберажэння нельга не дадаць і юбілейны «паказчык»: у маі 2017 года Стаўбцоўскія электрасеткі адзначылі свой паўвекавы юбілей. І на фінішы года – 55-гадовы юбілей у іх галаўнога прадпрыемства РУП «Мінскэнерга». «На прадпрыемстве святкаванне гэтай даты сумешчана з Днём энергетыка», – заўважае намеснік дырэктара па рабоце з персаналам Віктар Крупа.

Стаўбцоўскія электрасеткі пад кіраўніцтвам дырэктара Уладзіміра Рублеўскага з году ў год выходзяць на лідзіруючыя пазіцыі сярод філіялаў РУП «Мінскэнерга». Па выніках вытворча-гаспадарчай дзейнасці за трэці квартал бягучага года прадпрыемству прысуджана першае месца. Неаднойчы каманда з ліку стаўбцоўскіх энергетыкаў (яе нязменным кіраўніком з’яўляецца Віктар Крупа) прадстаўляла энергетыкаў Беларусі на спаборніцтвах прафесійнага майстэрства на міжнародным узроўні.

Падмуркам высокіх прафесійных п’едэсталаў прадпрыемства, якое абслугоўвае пяць раёнаў Міншчыны, з’яўляецца пастаянная вучоба персаналу, павышэнне яго кваліфікацыі. Вось і мы, перш чым выехаць на аб’екты, трапілі на семінар. У актавай зале прадпрыемства сабраліся выканаўцы работ.

Затрымаўся на прадпрыемстве ў гэты дзень і вадзіцель 1-га класа Валерый Шымановіч. Вымушаны рамонт. «За сёння павінен ліквідаваць паломку, – упэўнены Валерый Эдуардавіч, агледзеўшы з ямы свой МАЗ-6317. – Машына надзейная, сучасная. Працуе яна пераважна ў складаных дарожных умовах».

З дапамогай гэтай спецыяльнай машыны брыгада, якая займаецца добраўпарадкаваннем ахоўных зон ліній электраперадачы ў лясных прасеках, дастаўляецца на месца працы. Машына – своеасаблівы дом на колах ці, як жартуе Валерый Шымановіч, гасцініца люкс, якая аснашчана ўсім неабходным і служыць энергетыкам і месцам пражывання падчас працяглых камандзіровак.

З рамонтных майстэрняў накіроўваемся на падстанцыю 110 кВ «Вішнявец», адну з 38-мі падстанцый прадпрыемства. Каб пазбегнуць аварыйных сітуацый у зімовы перыяд, праводзяць планавыя комплексныя рамонтныя работы брыгады службаў падстанцый і рэлейнай аховы, аўтаматыкі і вымярэнняў. Працэс кіраўніцтва – у руках майстроў Сяргея Вільчыка, Сяргея Біёнчыка і Сяргея Язвінскага. Працуюць электраслесары Віталь Кажамяка, Яўген Крамко і Раман Канкаловіч, электразваршчык Дзмітрый Жыбуль, электраманцёр Леанід Сысоеў.

Аб’ём работ немалы, і большасць іх – пад адкрытым небам. Надвор’е мокрае, таму Віктар Крупа цікавіцца ў персаналу: «Як боты, не прамакаюць?» Пытанне слушнае – не так даўно прадпрыемствам закуплены новы спецабутак. Віктар Андрэевіч звяртаецца да самага маладога на аб’екце, Рамана Канкаловіча. Маўляў, чаму не хочаш мець большы заробак? «Давай, вучыся, здавай экзамен і павышай свой кваліфікацыйны разрад», – накіроўвае ён маладога работніка, які, дарэчы, у энергетыку прыйшоў па прыкладзе бацькі, начальніка службы падстанцый Мікалая Канкаловіча. Сярод прысутных на аб’екце з ліку «высокаразраднікаў», да прыкладу, Леанід Сысоеў, у якога ў будучым годзе будзе 25 гадоў работы ў СЭС, а гэтымі днямі ён адзначыў свой 60-гадовы юбілей.

Энергетыкі стараюцца выканаць работы якасна і своечасова. Яны добра разумеюць: акрамя іх ніхто гэтага не зробіць.      

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: «рэлейшчыкі» Леанід Сысоеў і Сяргей Язвінскі (майстар) правяраюць работу сілавога трансфарматара; на падстанцыі 110 кВ «Вішнявец» працуюць у адной камандзе электраслесары (злева направа) Раман Канкаловіч, Яўген Крамко і Віталь Кажамяка.

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>