Жывёлагадоўля

2312f

Стаж Святланы Піхіч у жывёлагадоўлі налічвае каля дваццаці гадоў. Жанчына працуе аператарам па вырошчванні цялят на МТФ «Мархачоўшчына № 2″ ААТ «Вішнявецкі-агра». У групе, якую даглядае разам з Таццянай Каласоўскай, налічваецца звыш 160 цялят да трохмесячнага ўзросту. Усім ім патрэбны клопат і ўвага. Святлана Аляксандраўна добрасумленна выконвае свае абавязкі, а яе маленькія гадаванцы штодзень прыбываюць у вазе больш як па 600 грамаў.

 

ЯК СПРАЦАВАЛІЎ ЛІСТАПАДЗЕ

За лістапад на малочнатаварных фермах раёна надоена 7081,9 тоны малака, што склала 106,3 працэнта да паказчыка адпаведнага перыяду летась. Шашкоўскія жывёлаводы павялічылі валавы надой малака ў параўнанні з леташнім на 108,4 тоны. А самы высокі вал па малаку маюць з пачатку года рупліўцы фермаў ААТ «Агранёманскі», ён набліжаецца да дзесяці тысяч тон. Другі і трэці паказчыкі – у ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і ТАА «СЖК «Налібакі». Ад кожнай каровы атрымана ў сярэднім 424 кілаграмы, плюс 19 кілаграмаў да мінулагодняга выніку. Змінусавалі чатыры сельгаспрадпрыемствы. Найбольшая прыбаўка за папярэдні месяц дасягнута ў ААТ «Шашкі», «Вішнявецкі-агра» і «Агранёманскі», адпаведна 79, 61 і 47 кілаграмаў. У снежні для таго каб выйсці на 5,5-тысячны рубеж, неабходна надаіць па раёне 486 кілаграмаў малака ад кожнай каровы.

 

ЛІДЗІРУЕ МТФ «ЦЭНТР»

Заканчваецца чарговы вытворчы год, і працаўнікі малочных цэхаў гаспадарак праяўляюць старанне, каб дастойна яго завяршыць. Па выніках работы за лістапад дзясятка лідараў не змянілася і расстаноўка месцаў таксама. Лідзіруюць работнікі МТФ «Цэнтр» ТАА «СЖК «Налібакі». Аператар машыннага даення гэтай фермы Наталля Банадысева ўжо перасягнула дзевяцітысячны рубеж па надоях малака ад каровы. Жывёлаводы МТФ «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства на другой прыступцы. Трэцяе, чацвёртае і шостае месцы за налібаччанамі – працаўнікамі МТФ «Церабейнае», «Целяхі» і «Пруды». Пятую пазіцыю ўтрымлівае калектыў МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа». На восьмай – МТФ «Залужжа» ААТ «Агранёманскі». На сёмай, дзявятай і дзясятай прыступках рупліўцы МТФ «Засулле», «Ячонка» і «Зарэчча» ААТ «Каганец».

 

БОЛЬШАЙ СТАЛА ВЫРУЧКА

З пачатку года на малочныя заводы з гаспадарак раёна адгружана 71918,6 тоны малака ў заліковай вазе. «Экстрай» рэалізавана 63,2 працэнта ад агульнай колькасці – 45478,9 тоны. Практычна ўсё малако найвышэйшым гатункам паступае з ААТ «Вішнявецкі-агра», «Вялікі Двор», » Каганец», «Агранёманскі» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Сыравіна, якую атрымалі перапрацоўшчыкі з трох апошніх гаспадарак у лістападзе, была залічана толькі гатункам «экстра», што дазволіла сельгасвытворцам павялічыць выручку. Вышэйшым гатункам пастаўлена 33,6 працэнта малака, 2251 тона прадукцыі аднесена да першага сорту. Тлустасць малака за адзінаццаць месяцаў склала 3,75 працэнта, а самая высокая ў вішняўчан і жацераўцаў – 3,86 працэнта.

 

ПАСАДЗЕЙНІЧАЕ ЛАКТАЭНЕРГІЯ

Для павелічэння надояў і якасных паказчыкаў малака, хуткага аднаўлення рэпрадукцыйнай функцыі каровы, прафілактыкі некаторых захворванняў, кампенсавання дэфіцыту энергіі ў рацыён жывёлы ўводзіцца высокаэнергетычная кармавая дабаўка «ЛактаЭнергія». Яна, да таго ж, садзейнічае паўнацэннаму раздою высокапрадукцыйнай жывёлы. А таксама прымяняецца вадкі гліцэрын, які аказвае падобнае ўздзеянне і адначасова падтрымлівае ўзровень глюкозы ў яе крыві. У ліку першых у раёне паспяхова пачалі скарыстоўваць вышэйназваныя дабаўкі ў ТАА «СЖК «Налібакі», ААТ «Вялікі Двор» і «Радзіма Якуба Коласа», з лістапада яны ўведзены ў рацыёны кароў на фермах ААТ «Дзераўное».

 

НА АДНЫМ УЗРОЎНІ

З усёй колькасці мяса ялавічыны, якое вырошчваецца ў гаспадарках, лічы, сёмая яго частка прыходзіцца на ААТ «Вялікі Двор» і столькі ж – на ААТ «Агранёманскі». Комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы ў Вялікім Двары на працягу не аднаго дзесяцігоддзя працуе стабільна і мае даволі высокі рэйтынг у рэспубліцы – займае зараз 20 месца сярод 76 аднатыпных падраздзяленняў. Сёлета неблагі прырост па паказчыках у мясным цэху агранёманскіх рупліўцаў, дзе за бягучы год, паводле папярэдніх падлікаў, будзе вырашчана амаль тысяча тон мяса ў жывой вазе. Велікадворскія і агранёманскія жывёлаводы па валавой вытворчасці ялавічыны стаяць практычна на адным узроўні.

 

РУПЛІВІЦЫ З ПАГАРЭЛАГА

Чацвёрты месяц у ААТ «Радзіма Якуба Коласа» рыхтуюць для жывёлы ўласныя камбікармы. Адрамантавалі на МТФ «Пагарэлае» спецыяльную ўстаноўку і развозяць пажыўныя кормасумесі на ўсе фермы. Гэта дало плён. Дзякуючы належнаму кармленню (а кармоў нарыхтавана дастаткова) і старанню жывёлаводаў у кастрычніку і лістападзе выраслі надоі. У асабістым спаборніцтве лідзіруе вопытны аператар машыннага даення Ніна Зяньковіч, на другім і трэцім месцах Лідзія Рымашэўская і Марына Ус – усе з перадавой пагарэлаўскай фермы. Кожная з гэтых руплівых жанчын па выніках года перакрые васьмітысячны рубеж па надоях малака ад каровы.

 

ПАГАЛОЎЕ ПАВЯЛІЧЫЛАСЯ

Перад кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў раёна пастаўлена задача: павялічваць пагалоўе жывёлы, бо гэта напрамую ўплывае на рост валавой прадукцыі жывёлагадоўлі. За 11 месяцаў бягучага года, у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага, колькасць буйной рагатай жывёлы ў гаспадарках павялічылася на 1596 галоў і склала 49 555 жывёлін. Найбольшы прырост у ААТ «Агранёманскі» – плюс 461 жывёліна, на фермах таварыства стаіць самае вялікае пагалоўе – звыш 5400. А таксама ў ААТ «Вішнявецкі-агра» і «Дзераўное», дзе жывёлы стала больш адпаведна на 377 і 349 галоў. Дойны статак раёна прырос на 128 кароў, а ўсяго налічваецца 16 460 рагуль.

 

ДЛЯ ЛЮДЗЕЙ І ЖЫВЁЛЫ

Для паляпшэння ўмоў працы жывёлаводаў і ўтрымання жывёлы ў гаспадарках раёна будуюцца новыя сучасныя жывёлагадоўчыя памяшканні. Гэта дазволіць павялічыць вытворчасць прадукцыі. За апошнія тры гады ўведзены ў строй дваццаць два «клюшачнікі». Больш за іншых у ААТ «Вялікі Двор» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» (па тры ў кожным), па два – у ААТ «Агранёманскі», «Радзіма Якуба Коласа» і «Рубяжэвічы». Для якаснага захоўвання травяных кармоў узводзяцца і сіласна-сянажныя траншэі. Усяго іх зманціравана семдзесят шэсць: дзевяць у ААТ «Вішнявецкі-агра», па сем – у трох таварыствах, па шэсць – у чатырох.

 

ЗАМЕНЯЦЬ НА БЕТОННУЮ

На малочнатаварнай ферме «Ніўнае» ААТ «Дзераўное» праводзіцца рэканструкцыя жывёлагадоўчага памяшкання, у якім раней стаялі бычкі на адкорме, пад утрыманне дойнага статка і сухастойных кароў. Работы выконваюцца сіламі ўласнай будаўнічай брыгады. Падлога будзе заменена на бетонную. Ужо ўбраны перагародкі. Выразаюцца і дастаюцца рашоткі, на месцы якіх двухметровую глыбіню па ўсім перыметры засыплюць гравіем. На гэтай ферме ў наступным годзе запланавана пабудаваць і новы «клюшачнік» на 250 галоў.

 

ДА НАСТУПНАЙ ВЯСНЫ

У гаспадарках раёна палявыя работы завяршыліся, тэхніка паступова ставіцца на зімовае захоўванне. Пад павецямі знаходзяцца ўсе збожжаўборачныя камбайны. На мехдварах роўнымі радамі стаяць сеялкі, плугі, граблі, прэсы, касілкі. На мінулым тыдні на базе ААТ «Каганец» была праведзена нарада з удзелам галоўных інжынераў гаспадарак. Удзельнікі мерапрыемства прайшлі па тэрыторыі машыннага двара, завіталі ў механічныя майстэрні. Падчас агляду вытворчай базы і на пасяджэнні калегі абмяняліся думкамі. Як адзначае намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па механізацыі Сяргей Ермаковіч, у гэтым таварыстве, а таксама ў ААТ «Жацерава», «Вялікі Двор» і «Вішнявецкі-агра» выкананы ўсе патрабаванні па пастаноўцы тэхнікі. Астатнім у гэтым плане трэба падцягнуцца. Усім неабходна ўдзяліць асаблівую ўвагу ахове працы, ацяпленню рамонтных майстэрняў, навядзенню парадку на машынных дварах. Такія ж задачы ставіліся і на семінары, які папярэдне прайшоў у ААТ «Мінскі райаграсэрвіс».

Згодна з планам рамонту гэтымі снежаньскімі днямі ў механічных майстэрнях сельгаставарыстваў пачалі даводзіць да ладу глебаапрацоўчую тэхніку, якая вясною першая выходзіць у поле, і трактары.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>