Перм у жыцці Якуба Коласа

Filed under: Культура,Нумары |

3012e

На працягу многіх гадоў ў рэспубліканскім літаратурным свяце «Каласавіны» на радзіме Якуба Коласа » бярэ ўдзел вучоны сакратар Літаратурна-мастацкага музея Марыны і Анастасіі Цвятаевых з горада Аляксандрава Расійскай Федэрацыі Эльвіра Калашнікава (на здымку – у цэнтры). Сёлета яна таксама пераадолела немалыя адлегласці, каб прыехаць да Якуба Коласа, прайсціся сцяжынамі яго малой Радзімы, сустрэцца з супрацоўнікамі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, з якім музей Цвятаевых мае добрыя стасункі.

Заўсёды неацэнна каштоўны ўдзел літаратараў, музейных работнікаў з замежжа ў літаратурным Коласавым свяце. Што датычыць Эльвіры Калашнікавай, то яна зрабіла важкі ўнёсак ў бібліяграфічную спадчыну песняра беларускай зямлі. Падчас аднаго са сваіх прыездаў падарыла музею дакументальны «Новы Мінск», каштоўны тым, што там ёсць кадры з Якубам Коласам.

На адной з навуковых канферэнцый, прысвечаных Каласавінам, Эльвіра Барысаўна выступіла з даследчай працай, у якой паведаміла аб цікавых фактах жыцця Якуба Коласа ў Пермі. У 1917 годзе паручнік Канстанцін Міцкевіч знаходзіўся на воінскай службе ў запасным палку, раскватараваным у горадзе Перм. З сям’ёю ён пражываў па вуліцы Манастырскай, 80.

Эльвіра Барысаўна не выпадкова выбрала гэты этап жыцця Якуба Коласа для даследавання. Сама яна таксама родам з Пермі. Расказвае, што і яе хрысцілі ў тым жа Свята-Троіцкім (Слудскім) храме, дзе адбылося і Таінства Хрышчэння сярэдняга сына Канстанціна Міхайлавіча і Марыі Дзмітрыеўны Міцкевічаў Юрыя. Гэтыя звесткі Эльвіра Барысаўна знайшла ў Пермскім краявым архіве ў метрычнай кнізе Слудскай царквы. Сярэдні сын Якуба Коласа Юрый (у хрышчэнні Георгій) нарадзіўся ў Пермі 18 красавіка 1917 года, а хрысцілі яго 30 красавіка. Як вядома, Юрый прапаў без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Эльвіра Калашнікава паведаміла прыемную для нас навіну, што імя Якуба Коласа ў Пермі не забыта: у гонар яго названа адна з гарадскіх вуліц.

Эльвіра Барысаўна з вялікай зацікаўленасцю заўсёды ўдзельнічае ў Каласавінах. У яе ў Беларусі, дзякуючы Якубу Коласу, шмат сяброў. І мы таксама лічым яе сваёй, таму што ў яе сэрцы – павага да радзімы Якуба Коласа.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>